НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

 

Міхаіл Паўлавіч Касцюк нарадзіўся 26 сакавіка 1940 года ў вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Паспяхова скончыў школу і паступіў у Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча у 1958 годзе М.П. Касцюк паступае на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.

Пасля заканчэння інстытута ў 1963 годдзе М.П. Касцюк атрымлівае размеркаванне на пасаду дырэктара Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. У 1966 г. М.П. Касцюк паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. Менавіта з гэтага часу ўсё далейшае жыццё М.П.Касцюка звязана з навуковай працай, вывучэннем складаных праблем гісторыі Беларусі.

Пад кіраўніцтвам акадэміка Івана Сяргеевіча Краўчанкі пачынаецца карпатлівая, інтэнсіўная навуковая праца. Настойлівыя пошукі архіўных крыніц, іх скурпулёзнае, уважлівае вывучэнне і выкарыстанне далі маладому даследчыку магчымасць у адведзены аспірантурай тэрмін завяршыць працу над кандыдацкай дысертацыяй па складанай праблеме - працоўнай актыўнасці калгаснага сялянства Беларусі ў 1933-1940 гг. і паспяхова абараніць яе ў 1969 г.

У 1970 г. М.П. Касцюк быў прызначаны на пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР. У 1975 - 1981 гг. ён працуе на той жа пасадзе, але ўжо ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.Вучоны паспяхова спалучае арганізатарскую і даследчую работу. У 1980 годзе М.П. Касцюк паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю. У ліпені 1981 г. ён быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР, а ў пачатку 1988 г. - выконваючым абавязкі дырэктара.

У выніку першых альтэрнатыўных выбараў у Інстытуце гісторыі у 1989 годзе М. П. Касцюк быў абраны на пасаду дырэктара, затым на конкурснай аснове зноў пераабраны ў 1994 годзе. Працуючы на дадзенай пасадзе  М.П. Касцюк праявіў сябе як выдатны арганізатар і каардынатар гістарычнай навукі не толькі ў рамках Інстытута гісторыі, але і ў рэспубліцы ў цэлым. З 1999 г. Міхаіл Паўлавіч Касцюк загадчык адзела Інстытута гісторыі. Пад кіраўніцтвам М.П. Касцюка пачалося даследаванне "белых плямаў" айчыннай гісторыі: пытанняў палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ, розных аспектаў рэлігійнага жыцця, гісторыі беларускай эміграцыі, палітычных рэпрэсій 1920 - 1950-х гадоў. Толькі за 1995 - 1999 гг. супрацоўнікамі інстытута было надрукавана 37 манаграфій, 21 зборнік, 10 брашур і 7 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Значным дасягненнем інстытут а стала выданне "Нарысаў гісторыі Беларусі" ў дзвюх частках (1994 – 1995). М.П. Касцюк з'яўляецца галоўным рэдактарам і адным з асноўных аўтараў гэтага выдання.

Пад кіраўніцтвам акадэміка М.П. Касцюка была падрыхтавана грунтоўная калектыўная праца "Гісторыя сялянства Беларусі", першы том якой пабачыў свет у 1997 годзе.За час знаходжання М.П. Касцюка на пасадзе дырэктара істотна пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі Інстытута гісторыі НАН Беларусі з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў. Былі заключаны дагаворы пра творчае супрацоўніцтва з Інстытутам расійскай гісторыі, Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай Акадэміі навук. Былі наладжаны навуковыя сувязі з Інстытутам гісторыі Польскай Акадэміі навук. Плённа развівалася супрацоўніцтва з вучонымі Інстытута гісторыі Сібірскага аддзялення РАН. Беларускімі і сібірскімі вучонымі была праведзена вялікая праца па вывучэнню гісторыі беларускай дыяспары ў Сібіры. Былі надрукаваны 2 зборнікі артыкулаў "Белорусы в Сибири", а ў 2002 годзе - калектыўная манаграфія "Очерки истории белорусов в Сибири в XIX--XX вв.

М.П. Касцюк папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у рэспубліцы, так і па-за яе межамі. Яго пяру належаць каля 200 навуковых прац, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі, у тым ліку 10 індывідуальных і калектыўных манаграфій.Кола навуковых інтарэсаў акадэміка М.П. Касцюка не абмяжоўваецца гісторыяй сялянства. Ён грунтоўна даследуе пытанні нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, гісторыі рабочага класа і інтэлігенцыі. Вывучэнню гэтых пытанняў прысвечаны асобныя раздзелы 4-томнай працы "История рабочего класса Белорусской ССР" (Мн., 1985. Т. 2, адказным рэдактарам якога ён з'яўляецца.

Вялікі інтарэс навуковай грамадскасці не толькі Беларусі, але і Расіі выклікала манаграфія акадэміка М.П. Касцюка "Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі" (Мн., 2001), перавыдадзеная ў 2002 годзе Інстытутам расійскай гісторыі РАН. М.П. Касцюк актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для гістарычнай навукі. Ім  падрыхтавана больш дзесяці кандыдатаў навук і праведзена кансультаванне пры падрыхтоўцы шэрагу доктарскіх дысертацый.

Паспяховая рознабаковая дзейнасць М.П. Касцюка, вялікі ўклад у развіццё гістарычнай навукі атрымалі прызнанне навуковай грамадскасці нашай дзяржавы і замежжа. У 1989 годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. акадэмікам НАН Беларусі. У 1998 г. М.П. Касцюк абраны акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва. У 1999 і 2002 гг. ён быў прызнаны Амерыканскім біяграфічным інстытутам Чалавекам года і ўключаны ў склад Міжнароднага камітэта па прысваенню такога статуса іншым асобам. Ва ўсёй шматграннай творчай дзейнасці акадэміка М.П. Касцюка галоўным з'яўляецца імкненне заўсёды "кіравацца праўдай гісторыі". Незалежна ад таго, на якой пасадзе знаходзіцца Міхаіл Паўлавіч Касцюк, ён адрозніваецца добразычлівасцю, паважлівымі адносінамі да людзей.

Ганаровая Грамата Вярхоўнага Савета БССР (1981). Прэмія Сібірскага адзялення РАН і НАН Беларусі ім. акадэміка В.А.Капцюга (2003) за кнігу "Очерк истории белорусов в Сибири в ХIХ-ХХ вв."

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі


электронный каталог
Электронный каталог
Online-доступ к каталогу!
EBSCODiscoveryService
поиск по научным электронным ресурсам, доступным в ЦНБ НАН Беларуси.