НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

 

Кандрат Кандратавіч Крапіва нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года
Ў вёсцы Нізок на Ўздзеншчыне ў сялянскай сям'і. Сапраўднае яго прозвішча Атраховіч Кандрат Кандратавіч. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, народнае вучылішча ў Уздзе. У 1913 г. экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка і восенню распачаў настаўніцкую працу ў Мнішанскім земскім народным вучылішчы Мінскага павета, але праз год быў вымушаны апрануць вайсковы шынель. Далей - Першая сусветная вайна, служба ў Чырвонай Арміі, удзел у Грамадзянскай вайне.

У 1925 г. паэт пераехаў у Мінск. Стаў членам літаратурнай арганізацыі "Маладняк", затым - "Узвышша", працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, потым - загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі". Ужо сталым чалавекам К. Крапіва паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якое скончыў у 1930 г. У 1939 г. К. Крапіва ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі і савецка-фінляндскай вайне. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў у рэдакцыі газеты "Красноармейская правда", затым у рэдакцыі франтавой газеты Заходняга фронту "За Савецкую Беларусь". З сакавіка 1943 г. і да канца вайны быў адказным рэдактарам ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Адразу пасля вайны яго прызначылі адказным рэдактарам сатырычнага часопіса "Вожык".

Літаратурная дзейнасць К. Крапівы пачалася яшчэ ў Чырвонай Арміі з простай газетнай карэспандэнцыі, фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Пісаў ён тады на рускай мове, але неўзабаве перайшоў на беларускую мову. Свае раннія агітацыйныя, сатырычныя і гумарыстычныя вершы друкаваў на старонках газеты "Савецкая Беларусь". Пасля яны склалі яго першыя зборнікі баек "Асцё" і "Крапіва" (абодва 1925). Пачынаючы з другой паловы дваццатых гадоў выходзілі яго зборнікі баек "Біблія" (1926), "Байкі" (1927), "Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў" (1930), "Ухабы на дарозе" (1930), "Смех і гнеў" (1946), "Жаба ў каляіне" (1957) і шматлікія іншыя.

Байкі – вяршыня шматграннай паэтычнай творчасці К. Крапівы. Мінуў не адзін дзесятак год з часу іх напісання, а яны і сёння захапляюць сваёй мудрасцю, прыгажосцю, свежасцю мастацкіх форм і мовай. У класічны фонд беларускай літаратуры ўвайшлі яго байкі: "Вол і Авадзень", "Варона-мітынгоўшчыца", "Сука ў збане", "Каршун і цецярук", "Дыпламаваны баран", "Сава, Асёл ды Сонца" і інш. У ранні перыяд сваёй літаратурнай дзейнасці К. Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне мастацкай прозы. Першыя празаічныя творы пісьменніка – сатырычныя мініяцюры, гумарэскі і апавяданні – склалі яго зборнікі "Апавяданні" (1926), "Людзі-суседзі" (1928) і "Жывыя краявіды" (1930). У пачатку 30-х гг. К. Крапіва звярнуўся да новага для яго літаратурнага жанру: пачаў пісаць ра ман "Мядзведзічы" – пра жыццё і класавую барацьбу сялян. Але твор застаўся незакончаным. Пабачыла свет толькі яго першая частка, дзеянне ў якой даведзена да пярэдадня калектывізацыі. Раман цікавы тым, што жыццё дакалгаснай вёскі пісьменнік паказвае не ідэалізуючы яго, але і не згушчаючы чорных фарбаў.

Найбольш значнае месца ў творчасці К. Крапівы займае драматургія. З яго п'есамі ў беларускую літаратуру ўвайшлі героіка і сатыра, лірыка і эпічны пафас, жанравае і стылёвае багацце. Першая п'еса К. Крапівы "Канец дружбы" была напісана ў 1933 г. і ў конкурсе на лепшую беларускую п'есу атрымала другую прэмію. Потым былі народная драма пра падзеі Грамадзянскай вайны "Партызаны" (1937) і сатырычная камедыя "Хто смяецца апошнім" (1939, Дзяржаўная прэмія СССР 1941), якая па праву лічыцца адным з лепшых здабыткаў усёй савецкай камедыяграфіі. К. Крапіва - аўтар драм "Проба агнём" (1943), "З народам" (1948), "Людзі і д'яблы" (1958), камедыі "Пяюць жаваранкі" (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1951) і інш. Па п'есах "Хто смяецца апошнім" і "Пяюць жаваранкі" зняты аднайменны я фільмы. У 70-я гады ХХ ст. К. Крапіва стварыў фантастычную камедыю "Брама неўміручасці" (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1974), у якой востра паставіў пытанне аб сэнсе чалавечага жыцця, месцы чалавека на зямлі. Цёпла была сустрэта публікай яго драма "На вастрыі" (на сцэне вядома пад назвай "Блытаныя сцежкі", 1982). У абодвух гэтых творах аўтар выступае як даследчык сацыяльнай псіхалогіі чалавека і яго грамадскіх паводзін. П'есы К. Крапівы ставіліся не толькі ў Беларусі, але і на сцэнах Еўропы.

К. Крапіва быў не толькі літаратарам. Такая ж шматгранная, змястоўная і глыбокая, як і творчасць, яго навуковая дзейнасць. З 1947 г. ён працаваў у Акадэміі навук БССР, узначальваў мовазнаўчы сектар у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, потым Інстытут мовазнаўства, у 1956-1982 гг. быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР. К. Крапіва шмат зрабіў для развіцця беларускага мовазнаўства. Ён аўтар прац па беларускай лексікаграфіі, прымаў удзел у стварэнні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў. Выдатны знаўца роднай мовы, пісьменнік узначаліў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся пытаннямі распрацоўкі тэрміналогіі ў розных галінах навукі. У 1971 г. за ўдзел у комплексе работ па беларускай лінгвагеаграфіі яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
 К. Крапіва – заслужаны дзеяч навукі БССР(1978), Герой Сацыялістычнай Працы (1975).

Сведчаннем глыбокага прызнання заслуг К. Крапівы служыць званне народнага пісьменніка Беларусі, прысуджанае яму яшчэ ў 1956 г. Імем К. Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі


аренда офисов в ЦНБ им. Я. Коласа
электронный каталог
Электронный каталог
Online-доступ к каталогу!
EBSCODiscoveryService
поиск по научным электронным ресурсам, доступным в ЦНБ НАН Беларуси.