НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

 

19 красавіка 2012 г. а 15-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя навуковага выдання “Археологическое наследие Беларуси” (Мінск: Беларуская навука, 2012), а таксама іншых найноўшых даследаванняў археолагаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Да імпрэзы арганізавана выстаўка “Археалогія Беларусі: вытокі і сучаснасць” з 2-х раздзелаў:

1. Кніжная і дакументальная экспазіцыя “Археалогія ад першабытнага да Новага часу”.

На ёй прадстаўлены выданні і дакументы з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа  Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Архіва навуковай археалагічнай дакументацыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у якіх адлюстраваны этапы станаўлення беларускай археалогіі як самастойнай галіны навукі. Сярод самых ранніх выданняў – “О курганах в Литве и Западной Руси” (1865) графа К.П. Тышкевіча, “Опыт описания Могилевской губернии” (1884), складзены па праграме губернатара А.С.Дэмбавецкага і пад яго рэдакцыяй, “Археологическая карта Гродненской губернии” (1895), складзеная Ф.В. Пакроўскім. На выстаўцы таксама прадстаўлены навуковыя археалагічныя выданні 1920-1930-х гадоў, манаграфіі, зборнікі і папулярныя працы сучасных даследчыкаў.

Сярод дакументаў археалагічнага архіва Інстытута гісторыі – анкеты (“апросныя лісты”) 1926 – 1928 гг., па якіх Інбелкульт збіраў у насельніцтва інфармацыю аб археалагічных помніках, палявыя дзённікі 1930 гг. А.Д. Кавалені і К.М. Палікарповіча (з замалёўкамі помнікаў). Асобна прадстаўлены матэрыялы першых археалагічных даследаванняў Мінскага замчышча адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны.

2. Новыя археалагічныя артэфакты (з фондаў Археалагічнага музея Інстытута гісторыі НАН Беларусі). Упершыню будуць прадстаўлены археалагічныя артэфакты розных эпох, якія знойдзены археолагамі падчас даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2011 г.: матэрыялы Крывінскіх тарфянікавых стаянак 4–3 тысячагоддзяў да н.э. (вырабы з гліны, косці, бурштыну і крэмню); вырабы з паселішчаў ранніх славян Палесся; рэчы з Гальшанскага замку XII – XVI стст. (прадметы ўзбраення, культавага прызначэння і інш.); калекцыя ўзбраення і эмблем вайсковых і грамадзянскіх ведамстваў Расійскай Імперыі і першых гадоў Савецкай улады (1884-1920), знойдзеная ў Віцебску; матэрыялы раскопак 1920 – 1930 гг., якія ў час Вялікай Айчыннай вайны былі вывезены з Беларусі ў Германію і вярнуліся на Радзіму ў 1960-х гадах.

У імпрэзе прымуць удзел вучоныя НАН Беларусі, выкладчыкі вузаў, прадстаўнікі музеяў буйнейшых бібліятэк г. Мінска.

Кантактныя асобы:

+375 17 284 14 75 – Ніна Камарова, загадчык аддзела абслугоўвання чытачоў  Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа  Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

+375 17 284 28 54 – Вольга Ляўко, загадчык Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі