НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

 

15 мая 2012 г. а 15-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, пакой 601) адбудзецца прэзентацыя выстаўкі да 200-годдзя з дня нараджэння польскага пісьменніка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, падрыхтаванай аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску, “Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі”.

Юзаф Ігнацы Крашэўскі (1812–1887) вядомы не толькі як знакаміты аўтар гістарычных раманаў, але і як паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, этнограф, выдавец, музыкант і мастак. У “Кнізе рэкордаў Гінэса” ён адзначаны сярод “самых пладавітых аўтараў” як “чэмпіён эпохі гусінага пяра”.

На выстаўцы прадстаўлены дакументы XIX–XXI стст. з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, сярод якіх – прыжыццёвыя выданні твораў Ю. Крашэўскага на польскай мове, іх пераклады, а таксама даследаванні, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць пісьменніка.

Адкрываюць экспазіцыю творы Ю. Крашэўскага, што датычацца сацыяльна-бытавой тэматыкі, сярод якіх раман “Паэт і свет” (“Poeta i świat”, 1872), які прынёс яму еўрапейскую вядомасць, а таксама творы з так званага “сялянскага цыкла”, у тым ліку адна з першых і лепшых аповесцей “Уляна” (“Ulana”, 1855).

Гістарычная тэматыка шырока прадстаўлена кнігамі з серыі “Powieści historyczne”, выдадзенымі ў Варшаве і Кракаве ў 1876–1889 гг., а таксама некаторымі асобнікамі іншых прыжыццёвых выданняў. Тут жа можна ўбачыць і ўзоры паэтычнай і драматычнай творчасці пісьменніка, замалёўкі яго вандровак і падарожжаў.

Выклікаюць цікавасць навуковыя працы Ю. Крашэўскага па гісторыі і літаратуразнаўстве, а таксама выданні, што адлюстроўваюць яго выдавецкую і рэдактарскую дзейнасць.

Асаблівай увагі заслугоўвае раздзел, прысвечаны перакладам твораў Ю. Крашэўскага на беларускую мову. Упершыню гэта зрабіў Янка Купала (вершы “Дзед і баба”, “Ці ты знаеш старонку”). Свой варыянт перакладу верша “Дзед і баба” прапанаваў беларускі літаратуразнавец і паэт Уладзімір Мархель (“Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай”. Мінск. 1998). Празаічныя творы пісьменніка перакладалі Пётр Бітэль (“Хата за вёскай”, 1989), Васіль Сёмуха (“Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку)”, Леў Казлоў (“Кароль у Нясвіжы”, 2009). Літаратуразнавец Міхась Кенька зрабіў пераклад цыкла гістарычных аповесцей – “Маці каралёў”, “Кароль у Нясвіжы” і інш., якія выйшлі ў 2-х кнігах у серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” у 2007 і 2009 гг.

На пачатку імпрэзы чакаецца выступленне ансамбля “Класік-авангард”, у выкананні якога прагучаць музычныя творы Ю.Крашэўскага і іншых аўтараў XIX ст.

Кантактныя асобы:

+ 375 17 284 10 12 (13) – Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

+ 375 17 200 63 78, + 375 17 200 95 81 – Вольга Гуд, перакладчык-карэспандэнт, Польскі Інстытут у Мінску