НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Хто як не родны чалавек можа дакладна, пачуццёва шчыра пісаць пра людзей, якія былі і застаюцца вядомымі ўсяму народу? Гаворка ідзе пра класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) і Янку Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава), а дакладней, пра прысвечаныя ім выданні, прэзентацыя якіх адбылася 11 мая ў інфармацыйна-выставачным цэнтры ЦНБ НАН Беларусі.

Нельга не падкрэсліць значнасць кніжна-дакументальнай выставы "Літаратурныя шляхі Якуба Коласа і Янкі Маўра", на якой дэманстраваліся найбольш вядомыя, самыя раннія творы, а таксама сучасныя перавыданні твораў пісьменнікаў. З імі гасцей пазнаёміла загадчыца аддзела абслугоўвання чытачоў Ніна Рыгораўна Шабаліна.

Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі прадставіў найбольш цікавыя дакументы з рукапіснага фонду, якія маюць дачыненне да гэтых дзвюх вядомых асоб у беларускай культуры: рукапісныя фрагменты твораў Янкі Маўра, некаторыя фотаздымкі Я. Коласа, Я. Маўра, 15 кніг Якуба Коласа з дарчымі надпісамі, якія былі перададзены ў фонд нашай бібліятэкі ў лютым 1950 года.

Літаратурная спадчына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа была прадстаўлена наступнымі выданнямі: "Песні жальбы" (1910), "Апавядання" (1912) "Нёманаў дар" (1913), "Сымон музыка" (1913), "Родныя зьявы" (1914), "Водгульле"(1923), "Новая зямля" (1923).

У складзе экспазіцыі дэманстраваліся прыгодніцкія і навукова-пазнавальныя творы класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра: "Сын вады" (1928), "Палескія рабінзоны" (1933), "Слёзы Тубі" (1935) і іншыя.

Творы Коласа і Маўра неаднойчы перакладаліся на розныя мовы свету, і з іх перакладамі на англійскую, нямецкую, літоўскую, рускую, украінскую і іншыя мовы можна было таксама пазнаёміцца на выставе.

Янка Маўр і сам быў цудоўным перакладчыкам, дзякуючы яму беларускія дзеці атрымалі магчымасць чытаць Марка Твэна, Жюль Верна па-беларуску. У гэтым таксама маглі ўпэўніцца наведвальнікі выставы.

Даволі цікавае і насычанае жыццё аб’ядноўвае двух таленавітых пісьменнікаў. Спляценне лёсу парадніла знакамітыя рады: Коласа і Маўра. Сапраўдным шчасцем для абодвух сяброў з’явілася навіна аб тым, што іх дзеці, Мікола і Наталля, вырашылі ажаніцца. З той пары нашчадкі класікаў беларускай літаратуры (дзеці, унукі і нават праўнукі) з гонарам і ўдзячнасцю нясуць памяць аб сваіх родных і ў той жа час усенародна любімых дзеячах.

Сведчаннем гэтага і з’яўляецца выхад у свет выдання з серыі “Беларускі кнігазбор” і кнігі “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”, укладальнікамі якіх сталі ўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыя Міцкевіч і нявестка Коласа Наталля Міцкевіч.

У першую кнігу, са зместам якой Марыя Міцкевіч пазнаёміла ўсіх прысутных падчас імпрэзы, ўвайшлі аповесці, апавяданні, артыкулы Маўра, яго лісты да Коласа і іншых пісьменнікаў. У кнігу ўнесла свой уклад і праўнучка пісьменнікаў – Васіліна Міцкевіч, аўтар прадмовы.

Шчырыя словы прагучалі ад галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская навука” Георгія Кісялёва. Ён пажадаў доўгіх гадоў жыцця Міхасю Канстанцінавічу, Марыі Міхайлаўне, іх родным, а таксама выказаў свае спадзяванні на далейшыя сустрэчы ў сувязі з прэзентацыямі “Беларускага кнігазбору”.

Надало яскравасці імпрэзе выступленне скрыпача, лаўрэата міжнародных конкурсаў і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Паўла Бацяна. Вядома, што і Колас, і Маўр любілі скрыпку, таму яе гучанне было вельмі дарэчным.

Другая кніга насычана ўспамінамі дачкі Янкі Маўра Наталлі Міцкевіч. У гэтым выданні дакладна апісаны раней невядомыя факты пра Маўра, некаторыя цяжкасці ягонага жыцця. Не менш цікавымі з’яўляюцца расказы Наталлі пра сваю сям’ю і свайго свёкра – Якуба Коласа.

Найбольш поўна акунуцца ў атмасферу жыцця і сваяцтва пісьменнікаў удалося дзякуючы прысутнасці ў зале сведкі амаль ўсіх апісаных у кнізе падзей – сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча, які мае самае прамое дачыненне да выдання кнігі “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”. З трапятаннем ён расказваў пра сваю жонку Наталлю, першае знаёмства з ёю і пра студэнцкія гады. На жаль, яна не дажыла да выхаду ў свет кнігі.

Акрамя таго, Міхась Канстанцінавіч пазнаёміў прысутных з фотавыставай са свайго асабістага сямейнага архіву. Увогуле, ён з’яўляецца сапраўдным жартаўніком. Міхась, які сам фатаграфаваў сваіх родных і блізкіх, надзяваў, напрыклад, бацьку асаблівую вопратку дзеля стварэння гумарыстычнага вобразу. Цікавасць вызвалі ягоныя фотаздымкі “ўнукаў-шкоднікаў”. Крыху жартаўлівы характар ён надаў і кнізе сваёй жонкі.

На прэзентацыі прысутнічалі беларускія пісьменнікі і паэты, сярод якіх Мікола Маляўка, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Ліпскі, Анатоль Валахановіч. Кожны з іх падкрэсліваў значнасць фігуры Коласа і Маўра для беларускай літаратуры і выражаў удзячнасць прадаўжальнікам справы Якуба Коласа і Янкі Маўра.

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі напомніў, што менавіта Янка Маўр з’яўляецца нараджальнікам усім вядомага дзіцячага часопіса “Вясёлка”, і ўжо амаль 60 гадоў гэтае выданне трымаецца трох прынцыпаў, закладзеных пісьменнікам: каб дзеці да слёз навучыліся любіць Беларусь, мову і каб шанавалі ўсіх тых, хто вядзе іх за руку.

Мікола Мятліцкі, які таксама быў далучаны да справы нараджэння кнігі, падкрэсліў: “Нас усхвалявалі першыя старонкі, якія Міхась Канстанцінавіч прынёс у рэдакцыю. З якім пачуццём ён зберагаў кожную старонку. Гэта споведзь дваіх. Гэта песня, якая натхняе на будучае. Мы прасвятляемся душой і канкрэтна, рэчыўна даказваем, хто мы такія, калі будзем прадаўжаць падобную справу. Нам падаюць прыклад, як можна пачуццёва шчыра пісаць. Мабыць, Наталля Іванаўна недзе з-пад зор глядзіць сёння на нас і цешыцца тым, што адбываецца тут сёння і што робіць яе Міхась у імя прысутнасці яе на гэтай зямлі”.

У сваю чаргу, Радзім Гарэцкі выказаў свае думкі наконт сям’і Коласа і Маўра: “Мяне дзівіць, што гэтыя сем’і вельмі таленавітыя. Яны настолькі выдатныя з двух бакоў. Не заўсёды такое можна бачыць. Цікава, што пішуць не толькі дзеці, але ўнукі і праўнукі. Хачу падзякаваць за такую працу”.

Зорны час Міхася Канстанцінавіча ў сценах бібліятэкі на гэтым не скончыўся. Ён раздаваў аўтографы ўсім жадаючым, з адкрытай душой адорваў кнігамі гасцей мерапрыемства і даваў інтэрв’ю неабыякавай да жыцця і дзейнасці носьбітаў беларускай культуры аудыторыі.

Фонд Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі таксама папоўніўся кнігамі, якія былі падараваны Міхасём і Марыяй Міцкевічамі, з надпісам на памяць чытачам.


электронный каталог
Электронный каталог
Online-доступ к каталогу!
EBSCODiscoveryService
поиск по англоязычным базам данных, доступным в ЦНБ НАН Беларуси.