НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Мікалай Васільевіч Бірыла нарадзіўся 10 верасня 1923 года ў весцы Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Яшчэ ў школьныя гады праявіў цікавасць да роднага слова, і таму зусім натуральна, што скончыўшы ў 1940 годзе Станькаўскую сярэднюю школу, ён паступіў на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У гады вайны М. В.Бірыла змагаўся з фашысцкімі захопнікамі ў партызанскім атрадзе. Інстытут закончыў у 1947 годзе і паступіў на працу ў сектар дыялекталогіі Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. З гэтай пары далейшы лес яго быў звязаны з Акадэміяй навук, мовазнаўствам. З прыступкі малодшага навуковага супрацоўніка М. В. Бірыла  вырас да акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук, якое ўзначальваў працяглы час.

М. В. Бірыла  ўзначальваў вядучыя напрамкі беларускага мовазнаўства і ў кожным з іх здолеў сказаць сваё аўтарытэтнае, важкае слова. Міжнароднае прызнанне прынеслі Мікалаю Васільевічу даследаванні ў галіне дыялекталогіі. 3 першых дзён працы ў інстытуце ён зарэкамендаваў сябе як адзін з самых актыўных збіральнікаў дыялектных матэрыялаў, якія леглі ў аснову «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы», з яго ўдзелам была падрыхтавана тэарэтычная праца «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», адзначаныя ў 1971 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР, а таксама «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі».

Дыялекталогія, а дакладней лінгвагеаграфія, была на працягу доўгага часу ў цэнтры навуковай увагі акадэміка. Першым вынікам плённай навуковай працы ў гэтым рэчышчы была абарона кандыдацкай дысертацыі «Гаворкі Чырвонасла-бодскага раёна Бабруйскай вобласці», якая стала ўзорам для далейшых манаграфічных апісанняў асобных дыялектных зон Беларусі. Асабліва яскрава раскрыўся яго талент як дыялектолага ў працэсе працы над «Агульнаславянскім лінгвістычным атласам», якая выконваецца вялікім міжнародным калектывам вучоных. Пры яго актыўным удзеле   закладаліся тэарэтычныя асновы атласа, ствараліся карты і каментарыі да іх, з 1958 года, ён быў членам, а з 1978 года - намеснікам старшыні Міжнароднай камісіі па стварэнню Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (АЛА), да 1992 года Мікалай Васільевіч з'яўляўся старшынёй беларускай нацыянальнай камісіі АЛА.

Эрудыцыя і высокая культура працы дазвалялі М.В.Бірыле весці шматаспектную навукова-даследчую працу. Ён вядомы як вопытны лексікограф - тэарэтык і практык адначасова, як буйны спецыяліст у галіне сучаснай беларускай мовы, які актыўна распрацоўваў пытанні нармалізацыі літаратурнай мовы. Выпрацаваныя ім навуковыя палажэнні і прынцыпы леглі ў аснову «Беларускай граматыкі»ў двух тамах (т. 1 - 1985, т. 2 - 1986), якая мае нарматыўную скіраванасць і да гэтага часу не страціла сваёй актуальнасці. Адным з вызначальных напрамкаў навуковай дзейнасці М.В. Бірылы да канца жыцця заставалася сучасная літаратурная мова і культура мовы. Ён шмат займаўся даследаваннем арфаэпіі і націску беларускай літаратурнай мовы, па гэтых тэмах апублікаваў шэраг грунтоўных артыкулаў і выдаў дзве кнігі — «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986) і «Слоўнік націску ў беларускай мове» (1992), якія ма юць вялікую не толькі тэарэтычную, але і практычную каштоўнасць.

М.В.Бірылу заўсёды прыцягвала ўсё новае, нязведанае ў мовазнаўстве, важныя для развіцця навукі праблемы, напрамкі, Пачынаючы з 60-х гадоў ён актыўна пачаў распрацоўваць анамастычную праблематыку. Асноўным аб'ектам даследавання ён абраў антрапанімію -  асабовыя ўласныя імёны, працаваў ў гэтай галіне вельмі зацікаўлена і плённа. Антрапанімічная праблематыка легла ў аснову чатырох дакладаў, з якімі ен выступаў на V—VII і IX Міжнародных з'ездах славістаў, шматлікіх навуковых і навукова-папулярных артыкулаў.

Сваімі працамі па імёнах, мянушках і прозвішчах М. В. Бірыла заснаваў новую галіну беларускай лінгвістыкі - анамастыку, стварыў беларускую анамастычную школу і вывеў яе на высокі міжнародны ўзровень. Падрыхтаваныя пад яго кіраўніцтвам навуковыя кадры паспяхова займаліся і працягваюць працаваць над праблемамі беларускай антрапаніміі і тапаніміі.

Заслугі Мікалая Васільевіча Бірылы  ў распрацоўцы праблем уласных імён былі высока ацэнены за рубяжом, і ён у 1968 годзе быў уключаны ў склад Міжнароднай камісіі па славянскай анамастыцы. У 1969 годзе за працу «Беларуская антрапанімія» М. В. Бірыле прысуджана навуковая ступень доктара філалагічных навук. Праз два гады ён быў зацверджаны ў званні прафесара і абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1977 годзе -  акадэмікам АН БССР, у тым жа годзе яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. 3 гэтага ж года ён быў абраны акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук.

Мікалай Васільевіч Бірыла валодаў бясцэнным дарам кіраўніка, арганізатара навукі і педагога. Ён актыўна рыхтаваў мовазнаўчыя кадры. Пад яго кіраўніцтвам напісана і абаронена 20 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За час сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Васільевіч Бірыла напісаў і апублікаваў звыш 200 навуковых прац. Усе яны вызначаюцца тэарэтычнай глыбінёй і трывалай сувяззю з практыкай. Іх аўтар ніколі не замыкаўся выключна ў коле фундаментальных прац, ён ахвотна адгукаўся на любыя патрэбы часу, у сваіх папулярных публікацыях, выступленнях па радыё і тэлебачанні ў даступнай форме прапагандаваў дасягненні беларускай лінгвістычнай навукі.

Спалучэнне таленту арганізатара навукі і вучонага-даследчыка — з'ява надзвычай рэдкая. Творчая біяграфія Мікалая Васільевіча Бірылы адзін з прыкладаў такога шчаслівага спалучэння. Багатая творчая спадчына вучонага з'яўляецца яркай старонкай у гісторыі беларускага мовазнаўства, важкім укладам у многія галіны лінгвістыкі, а пройдзены ім творчы шлях -  найлепшы прыклад адданага служэння навуцы. Акадэмік Мікалай Васільевіч Бірыла быў і застаецца жывым увасабленнем усяго беларускага, ён жыў і працаваў па законах зямлі, на якой нарадзіўся, быў сапраўдным сынам свайго народа, ашчаджаў, шанаваў родную мову і культуру, усяляк спрыяў іх росквіту.

М. В. Бірыла ўзнагароджаны ардэнамі “Знак Пашаны” (1976), Працоўнага Чырвонага сцяга (1982), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалём "За Адвагу" і іншымі медалямі.

Мікалай Васільевіч Бірыла памер 1 кастрычніка 1992 года.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі


аренда офисов в ЦНБ им. Я. Коласа
электронный каталог
Электронный каталог
Online-доступ к каталогу!
EBSCODiscoveryService
поиск по научным электронным ресурсам, доступным в ЦНБ НАН Беларуси.