НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі - гісторык, этнограф, пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928).

Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў былым засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння парафіяльнай школы ў 1894 годзе вучыўся ў Дзісенскай павятовай навучальні. У 1902 годзе ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве, потым трапіў у Пецярбург, дзе ўдала ўладкаваўся бібліятэкарам нейкай прыватнай студэнцкай бібліятэкі, адначасова зазіраючы ў аўдыторыі тамашнега універсітэта паслухать лекцыі славутых прафесароў. Нейкі час В.Ластоўскі жыў у Рызе, дзе спрабаваў здаць экзамены на атэстат сталасці, аднак, паводле ўласных слоў, “зрэзаўся” на расейскай мове. Пасля гэтага ён займаецца самаадукацыяй. У гэты час далучаецца  да мясцовага беларускага нацыянальна-культурнага руху. З 1906 па 1908 гады В.Ю. Ластоўск і з’яўляецца  членам  Беларускай сацыялістычнай грамады. 3 сакавіка 1909 г. у Вільні становіцца рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша ніва». 1 студзеня 1910 года газета пачала друкаваць  кнігу В.Ю. Ластоўскага  «Кароткая гісторыя Беларусі». "Патрэбу гэткай кніжкі чулі ўсе", - падкрэсліць у 39-м нумары "Нашай Нівы" рэцэнзент, з задавальненнем канстатуючы: "Кніжка напісана жыва і зразумела для кожнага і даволі поўна на 104 страніцах дае абраз нашай мінуўшчыны".

У гісторыю беларускай літаратуры Вацлаў Ластоўскі ўвайшоў не толькі як аўтар першай кнігі пра мінулае Радзімы, напісанай на роднай мове. Ён - ініцыятар першай у XX стагоддзі шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль будучай літаратуры.

Вацлаў Ластоўскі быў таксама рэдактарам  часопісаў «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газеты «Гоман» (1916—17).

У час Першай сусветнай вайны В. Ластоўскі застаўся ў Вільні. У 1915 годзе разам з В.Святаполк-Мірскім і І. і А. Луцкевічамі падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Кайзераўскія акупацыйныя ўлады дазволілі  выданне перыёдыкі на беларускай мове, а таксама  і функцыянаванне пачатковых школ. Віленская беларуская газета "Гоман" апублікавала невядомыя аўтографы Максіма Багдановіча, выцягнула з нябыту імя Альгерда Абуховіча, змяшчаючы з нумара ў нумар ягоныя каларытнейшыя і беспрэцэдэнтныя (бо адзіныя для XIX стагоддзя) беларускамоўныя "Мемуары". В.Ластоўскі  быў фактычным уладальнікам віленскай «Беларускай кнігарні» і Беларускага выдавецкага таварыства Ластоўскага, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні.

Гады кайзераўскай акупацыі сталі адмысловай школай для Ластоўскага-палітыка. Як колісь без універсітэтаў, самавукам здабываў веды, так цяпер даводзілася пакладацца на ўласную інтуіцыю і акрэслены светапогляд, уваходзячы ў кіраўніцтва грамадскіх суполак ("Хрысціянская злучнасць"),  або ствараючы іншыя кіраўнічыя структуры. Першай палітычнай арганізацыяй, дзе вылучыўся талент ідэолага Вацлава Ластоўскага, стала "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі". Гэта і ад яе імя на міжнароднай канферэнцыі ў швейцарскай Лазане прагучаў «Мемарандум прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна - дзяржаўнае развіццё. У снежні 1919 года Народная Рада БНР, пацвердзіўшы вернасць трэцяй Устаўной грамаце за 25 сакавіка пра абвяшчэнне поўнай незалежнасці Беларусі, тым самым адкрыта выказаўшы пратэст супраць польскай акупацыі, абрала новы прэзідыум і кабінет. Прэм'ер-міністрам становіцца Вацлаў Ластоўскі. Праз тры дні, 17 снежня, частка ўрада БНР разам з новым прэм'ерам была арыштавана польскімі акупацыйнымі ўладамі. Вызвалены ў лютым 1920 г., В. Ластоўскі пераезжае ў Рыгу, а потым у Коўна.

В.Ю. Ластоўскі ўдзельнічаў у арганізацыі партызанскага руху супраць польскіх акупантаў. 20 кастрычніка 1920 года на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У верасні 1921 г. быў удзельнікам Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе. На гэтай канферэнцыі  ўрад Ластоўскага быў прызнаны  адзіным законным беларускім урадам. У 1920 - 23 гады з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і інш., дзе выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі.

20.4.1923 года В.Ю. Ластоўскі падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра. Пасля чаго працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве, выдаваў часопіс «Крывіч» (1923 - 27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Разам з К.С. Дуж-Душэўскім і А.Ружанцовым  В.Ю. Ластоўскі ўзначальваў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку: 1525—1925». Быў старшынёй Сувязі нац.-дзярж. вызвалення Беларусі, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. У лістападзе 1926 г. В.Ю. Ластоўскі быў запрошаны Інбелкультам на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, на якой  быў абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін  у красавіку 1927 г. пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. 3 1927 г. правадзейны член Інбелкульта, акадэмік (1928) і неадменны сакратар Беларускай АН (1928—29). У гэты час В.Ю. Ластоўскі займаўся рэдагаваннем выдання «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

20 лістапада 1929 г.  пастановамі СНК БССР В.Ю. Ластоўскі быў вызвалены з пасады неадменнага сакратара Беларускай АН і  пазбаўлены звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя  ў беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзела гуманітарных навук», выдадзеных Інбелкультам. 21 ліпеня.1930 г. В.Ю. Ластоўскі быў  арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі».  Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.04.1931 г. быў   высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў загадчыкам. аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага універсітэта. Паўторна арыштаваны 20.08.1937г.  Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.01.1938 г. «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па 2-м - у 1958 г. У званні акадэміка адноўлены ў 1990 годзе.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі

Біябібліяграфічны паказалькік у рэпазіторыі бібліятэкі


аренда офисов в ЦНБ им. Я. Коласа
электронный каталог
Электронный каталог
Online-доступ к каталогу!
EBSCODiscoveryService
поиск по научным электронным ресурсам, доступным в ЦНБ НАН Беларуси.