НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

8 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося ўрачыстае паседжанне, прысвечанае 90-гадоваму юбілею беларускага вучонага, гісторыка, публіцыста, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Міхайлавіча Лыча.

Леанід Міхайлавіч працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі больш за 55 гадоў. Тут ён прайшоў шлях ад старэйшага лабаранта да вядучага навуковага супрацоўніка, доктара гістарычных навук, прафесара, змог стаць глыбокім даследчыкам, імя якога вядома як у Беларусі, так і за яе межамі.

Менавіта з віншаванняў калег роднага інстытута і пачалася юбілейная сустрэча. Словы ўдзячнасці за плённую працу, пажаданні творчай актыўнасці і моцнага здароўя выказалі дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч разам з намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Вадзімам Леанідавічам Лакізам і вучоным сакратаром Андрэем Пятровічам Салаўянавым. Кіраўніцтвам былі адзначаны заслугі Леаніда Міхайлавіча перад гістарычнай навукай і ўручана ганаровая грамата.

З пажаданнямі поспехаў у пачынаннях і здзяйсненнях у адрас юбіляра выступіў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Груша. Ён звярнуў увагу гасцей на падрыхтаваную супрацоўнікамі бібліятэкі кніжную выставу. У экспазіцыі – асноўныя навуковыя працы Л.М. Лыча.

Прадстаўленыя манаграфіі, навучальныя дапаможнікі, навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, апублікаваныя ў часопісах, зборніках, матэрыялах канферэнцый, даведачных і энцыклапедычных выданнях, дазволяць прасачыць, як адбывалася станаўленне вучонага, адзначыць асноўныя накірункі яго даследаванняў.

Да выставы падрыхтаваныя буклеты «Да 90-годдзя з дня нараджэння Леаніда Міхайлавіча Лыча, беларускага гісторыка, публіцыста, прафесара»:

Між тым Леанід Міхайлавіч і сёння працягвае працаваць. Ён даследуе пытанні нацыянальна-культурнага развіцця беларускага народа. На выставе экспанаваліся новыя, выдадзеныя ў 2018 годзе, кнігі пра гісторыю ўзаемаадносін паміж беларускім і турэцкім народамі.

У гэты дзень да юбіляра прыйшлі яго сябры і калегі, якія ва ўрачыстай абстаноўцы выказвалі цёплыя словы віншаванняў, уручалі юбіляру памятныя падарункі.

Ад імя Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь выступіў муфцій Абу-Бекір Шабановіч. Ён выказаў словы глыбокай удзячнасці за працы, прысвечаныя вывучэнню гісторыі і культуры татараў Беларусі. Разам з муфціем павіншавалі Л.М. Лыча з юбілеем і асабіста павіталі вучонага, які даследуе гісторыю беларускіх татар, прадстаўнікі пасольства Турэцкай Рэспублікі, у тым ліку аташэ па справах рэлігій Байрам Аздэмір.

З віншавальнымі прамовамі выступілі таксама калегі і сябры Леаніда Міхайлавіча: Э. Я. Іофе, У. А. Гілеп, С. А.Траццяк., В. Г. Мазец, У. М. Смяховіч, Г. Я. Калюжная і іншыя

У выкананні Аляксандры Грыцкевіч і Анатоля Вярцінскага гучалі вершы, прысвечаныя навукоўцу.

Леанід Міхайлавіч не пакінуў без увагі гасцей і сяброў, і на развітанне шчыра падзяліўся парадамі, як пражыць да 90 гадоў і захаваць моцнае здароўе, светлы розум, бадзёрасць і жаданне творча працаваць.

Супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі таксама далучаюцца да добрых слоў і пажаданняў! З юбілеем Вас, Леанід Міхайлавіч! Моцнага здароўя і актыўнага даўгалецця!