НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Славуты помнік Берасцейшчыны

Напярэдадні тысячагоддзя Брэста нельга не ўзгадаць аб выдатным і знакамітым выданні, якое па праве можна лічыць адным з сімвалаў гэтага горада, – Брэсцкай Бібліі.

Выдадзеная на сродкі канцлера Вялікага княства Літоўскага і брэсцкага старосты Мікалая Радзівіла Чорнага (адсюль і другая назва выдання – Радзівілаўская Біблія) у 1563 г. гэтая кніга стала агульнаеўрапейскім духоўным набыткам, каштоўнасць якога з цягам часу ўсё больш узрастае.

Першай друкарняй, якая дзейнічала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была менавіта Брэсцкая, заснаваная ў 1553 г. Мікалаем Радзівілам Чорным. Першым яе кіраўніком стаў запрошаны Радзівілам з Кракава вядомы друкар Бярнард Ваявудка. У 1558 г. па ініцыятыве таго ж Радзівіла была заснаваная новая друкарня, якую ўзначаліў Станіслаў Мурмаліс, да якога пазней далучыўся другі друкар, Цыпрыян Базылік (друкарня размяшчалася на Рыначнай плошчы Брэста). Менавіта падчас дзейнасці гэтых друкароў выйшла знакамітая Біблія на польскай мове. Пытанне аб тым, хто дакладна з гэтых двух друкароў узначальваў працу над кнігай, на сённяшні дзень застаецца адкрытым.

Брэсцкая Біблія – адметнае па ўсім крытэрыям выданне. Над перакладам, рэдакцыяй і складаннем каментарыяў працавалі тэолагі і літаратары з Польшы, Італіі і Францыі. Гэты пераклад, які адрозніваўся яснасцю і вобразнасцю стылю, стаў узорам польскай літаратурнай мовы тых часоў, а велічны памер і выдатнае мастацкае афармленне кнігі, выкананае ў рэнесансным стылі, выклікалі захапленне і жаданне бачыць яе ў асабістай бібліятэцы, нягледзячы на вельмі высокі кошт.

Нягледзячы на тое, што Брэская Біблія была ўключана ў польскі індэкс забароненых кніг (складзены ў 1603 г.), Віленскі евангелічна-рэфармацыйны сінод 1617 г. пастанавіў мець яе пры кожным кальвінскім зборы Вялікага княства Літоўскага. У XVIII ст. яе асобнікі захоўваліся ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў. Аўтарытэт гэтага выдання быў настолькі вялікім, што яно выкарыстоўвалася, напрыклад, пры падрыхтоўцы Астрожскай Бібліі 1581 г. Новы Запавет з Брэсцкай Бібліі перавыдаваўся ў Брэсце (1566), Нясвіжы (1568), Торуні (1585), Вільні (1593), Нюрнберге (1599). Запісы, якія захаваліся на старонках розных асобнікаў сведчаць аб удумлівым чытанні і вывучэнні пратэстанцкага выдання.

Цікавым будзе той факт, што Радзівілаўская Біблія выконвала функцыі сімвалічнага дарунка і служыла падтрыманню і ўмацаванню асабістых кантактаў Мікалая Радзівіла Чорнага з еўрапейскімі манархамі. Гэта выданне было падаравана, напрыклад, каралю Чэхіі, Германіі, Венгрыі і Харватыі, у хуткім часе імператару Святой Рымскай імперыі, Максімільяну II, герцагу Прусіі Альбрэхту, прынцу Крыстафу Вюртэмбергскаму.

Сімвалічна, што асобнік Брэсцкай Бібліі з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) таксама з’яўляецца дарункам, які быў атрыманы 20 мая 1975 г. ад Бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР (сёння – Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук) у сувязі з 50-цігадовым юбілеем акадэмічнай бібліятэкі Беларусі.

На сённяшні дзень гэта самы поўны асобнік у нашай краіне. У выніку рэстаўрацыі, якая была праведзена літоўскімі спецыялістамі, кніга атрымала скураны пераплёт, стылізаваны пад даўніну, 46 першых аркушаў, якія былі страчаны, былі заменены іх копіямі, выкананымі паводле поўнага асобніка з Бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. Праўда засталіся не адноўленымі яшчэ 32 страчаныя аркушы з Новага Запавету. Нягледзячы на гэта, той факт, што з 742 (743) арыгінальных аркушаў асобніка захавалася 664, дазваляе казаць аб гэтым асобніку як аб амаль поўным.

Калі меркаваць па штампах на асобніку з ЦНБ НАН Беларусі, пэўны час ён захоўваўся ў бібліятэцы Віленскага евангелічна-рэфармаванага сінода. У 1941 г.фонды бібліятэкі сінода былі перададзеныя Публічнай бібліятэцы імя Эустахія і Эміліі Урублеўскіх, якая была рэфармавана ў Цэнтральную бібліятэку Акадэміі навук Літоўскай ССР. Ужо адсюль асобнік трапіў у фонд ЦНБ НАН Беларусі.

Інфармацыю аб прыватным уладальніку асобніка ўтрымлівае запіс XVI ст. Мяркуючы па ім, кнігу ў Брэсце купілі для кіяўляніна Сямёна Сафронавіча, які падпісаўся на стронцы з выявай сямісвечніка: «Семен Софронович с Киева рукою власною» і прадубляваў подпіс па-польску.

Нельга не адзначыць, што факт аб мэтанакіраваным знішчэнні фанатыкамі-католікамі асобнікаў Брэсцкай Бібліі адносіцца да ліку гістарыяграфічных міфаў. І сёння яна не з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Захавалася больш за 130 яе асобнікаў.

У 2013 г. з нагоды 450-гадовага юбілею Брэсцкай Бібліі ЦНБ НАН Беларусі сумесна з Бібліятэкай імя Урублеўскіх, Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі і пры падтрымцы Адкрытага акцыянернага таварыства «Белаграпромбанк» падрыхтавала электроннае выданне: «Брестская Библия: к 450-летию издания», у якім былі прадстаўлены навуковыя артыкулы, прысвечаныя выданню, а таксама алічбаваны асобнік з фондаў ЦНБ НАН Беларусі.

Аўтар тэксту: Вольга Губанава
Фота: Вольга Панасіна