НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

23 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыцце часовай экспазіцыі “Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі”, якую арганізаваў Польскі Інстытут у Мінску.

Выстава прысвечана 450-годдзю падпісання Люблінскай уніі – міжнароднага прававога акта, які паклаў пачатак дзяржаўнаму саюзу паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім – вядомаму як Рэч Паспалітая. Акт Люблінскай уніі заключаны ў 1569 годзе.

Гэтым дакументам быў завершаны доўгі і напружаны працэс сбліжэння дзвюх дзяржаў. Рэч Паспалітая стала адной з буйнейшых краін Еўропы і ахапіла тэрыторыю сучасных Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Рэч Паспалітая аб’яднала прадстаўнікоў розных нацый, культур і рэлігій. У выніку паўстаў унікальны, інтэграваны шматнацыянальны дзяржаўны арганізм, які дэклараваў прынцып “вольны з вольным, роўны з роўным”, імкнуўся знаходзіць кампрамісы і ўсведамляць сумесныя мэты. Дзеянне Ўніі скончылася толькі пад канец XVIII ст. у 1795 г. у выніку раздзелаў краіны.

Часовая экспазіцыя прадстаўляе дакладную гістарычную рэканструкцыю акта Люблінскай уніі са збору Музея гісторыі Польшчы. Выява аднайменнага твора Яна Матэйкі 1869 года, нібы пры дапамозе дапоўненай рэальнасці дазваляе зразумець гістарычныя рэаліі і акалічнасці падпісання старадаўняга дакумента.

Арыгінал Акта Люблінскай уніі захаваўся ў адносна добрым стане, але ён не даступны шырокай грамадскасці. Гэта абумоўлена далікатнасцю артэфакта, спецыфічнымі патрабаваннямі да ўмоў яго экспанавання. Таму было прынята рашэнне аб стварэнні яго дакладнай гістарычнай рэканструкцыі – рэстаўрацыйнай копіі, якая паўтарала б матэрыялы і тэхналогію вырабу арыгінала. Праца над стварэннем гістарычнай рэканструкцыі дакумента заняла каля двух гадоў.

У 2018 годзе Люблінская унія 1569 года была ўнесена ў Міжнародны рэестр ЮНЕСКА “Памяць свету” па захаванні сусветнай дакументальнай спадчыны. Дакумент быў прадстаўлены як сумесны запіс пяці краін – Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі і Латвіі.

Жадаючы падкрэсліць гістарычную значнасць падзеі, Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2019 г. Годам Люблінскай уніі.

Таксама на выставе можна пазнаёміцца з некаторымі каштоўнымі асобнікамі з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ім.Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнікі падрыхтавалі такія цікавыя і ўнікальныя кнігі, як “Хроніка” Мацея Стрыйкоўскага, Статут ВКЛ 1588 (другое выданне), “Цудоўная, жудасная, нячутая Гісторыя…” Генрыка Ратэля, “Рускі летапіс” і іншыя.