НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

31 кастрычніка 2019 г. пачаў працу Міжнародны кангрэс «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы», прысвечаны 90-годдзю з дня заснавання Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У навуковым форуме прынялі ўдзел больш за 130 вучоных-беларусістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Літвы.

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дэманстравала кніжную выставу, прымеркаваную да юбілейнай даты аднаго са старэйшых інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Да 90-годдзя заснавання Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа».

Інстытут быў створаны 2 лістапада 1929 г. рашэннем Прэзідыума Беларускай акадэміі навук на базе мовазнаўчых кафедр і камісій, што існавалі ў структуры Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). Інстытут узначальвалі ў розныя часы такія вядомыя мовазнаўцы, літаратуразнаўцы, як С. Некрашэвіч, П. Бузук, М. Лынькоў, акадэмік К. Атраховіч, акадэмік П. Глебка, член-карэспандэнт М. Суднік, член-карэспандэнт А. Жураўскі, акадэмік А. Падлужны, акадэмік А. Лукашанец.

За 90 год працы атрымалі развіццё розныя навуковыя напрамкі, сфармаваліся ўласныя навуковыя школы (фанэтычная, славістычная, гістарычная, лінгвагеаграфічная, анамастычная), якія зрабілі моцны ўплыў на развіццё айчыннай мовазнаўчай навукі. На сучасным этапе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры застаецца вядучай навуковай установай, у якой распрацоўваюцца фундаментальныя даследаванні па актуальных праблемах мовазнаўства пад кіраваннем кандыдата філалагічных навук, дацэнта І. Капылова.

На выставе дэманстраваліся найбольш значныя, а таксама ўнікальныя і рарытэтныя выданні, якія выйшлі ў свет пры ўдзеле супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства за перыяд з 1929 да 2019 г. уключна. Сярод самых вядомых выданняў : «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Граматыка беларускай мовы» (1963-1966, у 2 т.), «Тлумачальны слоўнік» (1977-1984, у 5 т.), «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы»( 1967-1968, у 2 т.), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Мова беларускай пісьменнасці XIV-XVIII стст.» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» (1960-2017 гг, у 37 т.), «Слоўнік мовы «Нашай Нівы» (2003-2005, у 5 т.) і шмат іншых выданняў (слоўнікаў, атласаў, калектыўных і аўтарскіх манаграфій, навуковых зборнікаў і матэрыялаў канферэнцый).

З 4 лістапада выстава «Да 90-годдзя аснавання Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа» дэманструецца ў чытальнай зале гуманітарных навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.

З пералікам прац Інстытута мовазнаўства можна азнаёміцца ў спісе літаратуры.