НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Лакотка Аляксандр Іванавіч – архітэктар. Акадэмік (2014; чл.-кар. з 2004), доктар гістарычных навук (1993), доктар архітэктуры (2001), прафесар (2003).

А. I. Лакотка нарадзіўся 25 студзеня 1955 г. ў вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 1972 годзе паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут на архітэктурны факультэт. Пасля заканчэння інстытута кіраваў рабочай групай па стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, а потым працаваў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце гэтага музея. У 1993 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю па этналогіі і яму прысуджаецца навуковая ступень доктара гістарычных навук. У 1995 годзе А. I. Лакотка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела архітэктуры. У 1997 годзе яго прызначаюць намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, у 2001 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю па тэорыі і гісторыі архітэктуры, рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў. Яму прысуджаецца навуковая ступень доктара архітэктуры. У 2004 г. яго выбіраюць членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў верасні гэтага года Аляксандр Іванавіч Лакотка прызначаецца дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. 3 2012 г. ён працуе дырэктарам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2014 г. яго выбіраюць акадэмікам НАН Беларусі.

А. I. Лакотка распрацаваў новы комплексны метадалагічны падыход, які грунтуецца на спалучэнні гістарычна-параўнальнага, архітэктуразнаўчых і мастацтвазнаўчых метадаў і дазваляе выявіць этнічныя рысы і рэгіянальныя асаблівасці беларускай архітэктуры. Таленавіты вучоны стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага фенамена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю гэтых традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў. А. I.

Навуковыя працы Александра Іванавіча Лакоткі маюць грунтоўную базу крыніц. Ён аўтар звыш 290 навуковых прац, у тым ліку 34 манаграфій. Пад яго кіраўніцтвам і з непасрэдным асабістым удзелам праведзена шмат экспедыцый, абследаваны сотні сельскіх паселішчаў, дваццаць восем гарадоў, узята на ўлік некалькі тысяч помнікаў беларускага дойлідства.

Як кіраўнік А. I. Лакотка надае важнае значэнне падрыхтоўцы і выданню калектыўных навуковых прац: «Гарады і вёскі Беларусі», «Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце», «Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі» і інш.

А. I. Лакотка шмат робіць для практычнага прымянення вынікаў навуковых даследаванняў. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праект сектара «Цэнтральная Беларусь» гэтага музея, праекты многіх сядзіб, арганізавана перавозка, размяшчэнне і рэстаўрацыя грамадскіх, культурных, жылых і гаспадарчых пабудоў. Ён з'яўляецца ініцыятарам стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і ў вёсцы Моталь Іванавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Вялікую ўвагу Аляксандр Іванавіч Лакотка надае падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. 3 1990 года ён выкладае ў некалькіх вышэйшых навучальных установах – Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Ім распрацаваны курсы лекцый «Мастацкая культура Беларусі», «Гісторыя архітэктуры Беларусі», «Беларускае народнае дойлідства», «Ахова і рэстаўрацыя архітэктурнай спадчыны».

Пленную навуковую і педагагічную работу А. І. Лакотка паспяхова спалучае з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён з'яўляецца членам Еўрапейскага савета па культуры, членам Міжнароднай арганізацыі па народнай творчасці ЮНЕСКА, членам Навукова-метадычнага савета па праблемах аховы і рэстаўрацыі гістарычна-культурнай спадчыны, членам Саюза архітэктараў Беларусі, акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі па пытаннях культуры, адукацыі і навукі, членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі архітэктуры.

Атрыманыя вынікі навуковых даследаванняў А. I. Лакоткі маюць важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне. Яны адкрываюць новыя гарызонты для пошуку сучасных форм мастацка-стылёвай выразнасці планіроўкі і забудовы паселішчаў для дэталёвага вывучэння рэгіянальнай і лакальнай спецыфікі беларускага дойлідства, для рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў. Гэтыя вынікі адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне» (2008), а таксама Прэміяй НАН Беларусі (1999) за манаграфію «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры». Прэмія НАН Беларусі (2011) за цыкл работ "Канцэпцыя стварэння лакальных раёнаў комплекснай гісторыка-культурнай спадчыны як асновы для арганізацыі турысцка-рэкрэацыйных зон у Беларусі».

Лакотка А. І. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2016). Лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага Году навукі, у намінацыі «Лепшая навуковая праца ў галіне гуманітарных навук» (2017).

Працы вучонага, якія ёць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі