НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Булыка Аляксандр Мікалаевіч – філолаг. Член-карэспандэнт (1994), доктар філалагічных навук (1981), прафесар (1992). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2010).

Нарадзіўся 18 сакавіка 1935 г. у в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобласці. У 1954 г. паступіў на філалагічны факультэт БДУ, пасля заканчэння якога ў 1959–1961 гг. працаваў настаўнікам у Асоўскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, у 1961–1962 гг. быў завучам у Воранаўскай школе-інтэрнаце.

У снежні 1965 г., пасля заканчэння вочнай аспірантуры пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, А. М. Булыка быў залічаны на працу ў інстытут, супрацоўнікам якога з'яўляецца ўжо больш за 50 гадоў (спачатку быў малодшым, з 1969 г. старшым навуковым, з 1984 г. загадчыкам аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, з 1992 г. загадчыкам аддзела гісторыі беларускай мовы, з 2008 г. яго галоўным навуковым супрацоўнікам).

А. М. Булыкам распрацаваны шэраг аспектаў гістарычнай марфалогіі беларускай мовы: апісаны граматычныя катэгорыі назоўнікаў, прасочаны змены ў сістэме скланення назоўнікаў, прааналізаваны асаблівасці скланення займеннікаў усіх разрадаў, станаўленне парадыгмы змянення па склонах поўных якасных, адносных і прыналежных прыметнікаў і вызначаны лёс кароткіх прыметнікаў; прасочаны адрозненні твораў дзелавога, свецкага і канфесійнага зместу ў галіне формазмянення і інш.

Змены, што адбыліся ў слоўнікавым фондзе старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы, разгледжаны А. М. Булыкам у манаграфіі «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970, у суаўтарстве), артыкулах «Лексический состав белорусского литературно-письменного языка времен Ф. Скорины» (1991), «Лексіка дзелавой пісьменнасці Палесся ХІV–ХVII стст.» (2004) і інш. Ролі і месцу іншамоўных слоў у лексічнай сістэме старабеларускай мовы, інтра- і экстралінгвістычным прычынам іх з'яўлення прысвечаны манаграфіі вучонага «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове ХІV–ХVIIІ стст.» (1980), артыкулы «Батанічная лексіка грэка-лацінскага паходжання ў старабеларускай мове» (1976), «Лексіка літоўскага паходжання як крыніца «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (2007) і інш. У манаграфіі «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове ХІV–ХVIIІ стст.» прыведзены найбольш поўны корпус старабеларускіх слоў іншамоўнага паходжання, зроблена іх класіфікацыя і апісана семантыка; выяўлены прычыны і шляхі пранікнення, час першай фіксацыі ў пісьмовых тэкстах; разгледжана фанетычнае, марфалагічнае, семантычнае асваенне старабеларускай мовай, словаўтваральная актыўнасць, паказана дэрывацыйная прадуктыўнасць асобных запазычаных слоў у старабеларускай мове. Запазычванне разглядаецца аўтарам як станоўчы, прагрэсіўны працэс.

Ступень прадстаўленасці слоў іншамоўнага паходжання ў асобных старабеларускіх тэкстах асветлена ў артыкулах «Западнославянская лексика в изданиях Франциска Скорины» (1979), «Іншамоўныя лексічныя элементы ў Вісліцкім статуце» (1974), «Лексіка іншамоўнага паходжання ў пастановах Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага» (1997) і інш.

У раздзеле «Беларуская мова канца XV– пачатку XVI ст.» калектыўнай манаграфіі «Скарына і яго эпоха» (1990) А. М. Булыкам зроблены аналітычны агляд адметнасцей развіцця і ўжывання старабеларускіх моўных элементаў у галіне графікі і арфаграфіі, граматыкі і лексікі акрэсленага перыяду.

Адметнасці мовы выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны выяўлены А. М. Булыкам у калектыўнай манаграфіі «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), артыкулах «Спрадвечна беларуская лексіка ў выданнях Ф. Скарыны» (2009), «Словаўтваральныя тыпы назоўнікаў у выданнях Ф. Скарыны» (2014) і інш. А. М. Булыка даследуе і многія аспекты функцыянавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Аляксандр Мікалаевіч Булыка сёння па праве лічыцца адным з самых вядомых і аўтарытэтных лексікографаў Беларусі. Ён рэдактар і суаўтар фундаментальнага «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», які сёння прызнаецца выключным па сваей навуковай, практычнай і сацыяльнай вартасці лексікаграфічным даведнікам, што з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце лексічнага складу беларускай мовы ХІV–ХVIIІ стст., з'яўляецца надзейнай крыніцай пазнання і асэнсавання мінулага Беларусі.

У 2013 г. пад рэдакцыяй А. М. Булыкі выйшаў з друку першы ў айчынным дыяхранічным мовазнаўстве «Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі» (у 2 т.) – новы тып слоўніка, у якім упершыню сістэматызаваны і апісаны словы старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы з прадметным значэннем.

Аляксандр Мікалаевіч з'яўляецца аўтарам першых у лексікаграфіі Беларусі слоўнікаў іншамоўных слоў у сучаснай беларускай мове. Ім падрыхтавана таксама больш за 20 слоўнікаў па сучасных беларускай і рускай мовах.

А. М. Булыка ўваходзіў у склад аўтарскіх калектываў энцыклапедый «Францыск Скарына і яго час», «Беларуская мова», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», «Беларуская энцыклапедыя».

3 1974 г. А. М. Булыка зяўляўся членам саветаў па абароне дысертацый пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.

Аляксандр Мікалаевіч быў членам навуковага савета «Мова і грамадства» пры аддзяленні літаратуры і мовы АН СССР, працаваў у Падкамітэце па дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, у экспертным савеце ВАК Рэспублікі Беларусь, у складзе Рэспубліканскай арфаграфічнай камісіі, уваходзіў у склад Бюро Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, быў вучоным сакратаром Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусь Сёння Аляксандр Мікалаевіч Булыка з'яўляецца членам вучонага савета Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, намеснікам старшыні савета па абароне дысертацый Д 01.42.03 пры Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшынёй Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Беларускага камітэта славістаў, членам рэдкалегій часопісаў «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук» і «Беларуская лінгвістыка».

А. М. Булыка атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (1998) за працу «Беларуская мова: энцыклапедыя». За дзесяцігоддзі навуковай дзейнасці ён падрыхтаваў звыш 400 мовазнаўчых прац, у тым ліку 10 манаграфій, 20 слоўнікаў.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі