НОВОСТИ

ПОИСК ПО САЙТУ

ПОИСК В АРХИВЕ НОВОСТЕЙ
по тексту:

и/или по дате:



ЦНБ НАН Беларуси в сети




вернуться назадназад

Сербента Віталій Андрэевіч – філосаф. Акадэмік (1931), доктар гістарычных навук (1934), прафесар (1930).

Віталій Андрэевіч Сербента нарадзіўся 14 чэрвеня 1895 г. у вёсцы Люкяй Вілкавішскага раёна Літоўскай ССР (у той час Сувалкаўскай губерні). Бацька яго быў народным настаўнікам, чалавекам перадавых поглядаў, прымаў актыўны ўдзел у падзеях 1905—1907 гг. у Літве. Значным быў уплыў бацькі на фарміраванне духоўных ідэалаў Віталія Сербенты. Ужо ў 1907—1908 гг., вучнем Марыямпальскай гімназіі, ён зацікавіўся марксісцкай літаратурай, прымаў удзел у нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай дзейнасці. У 1909—1916 гг. В. А. Сербента ўваходзіў у рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю навучэнцкай моладзі, быў рэдактарам і супрацоўнікам яе выданняў.

У гады першай сусветнай вайны В. А. Сербента выехаў у Варонеж, дзе ў 1916 г. закончыў гімназію, потым паступіў у Харкаўскі універсітэт на медыцынскі факультэт, які закончыў у 1922 г. Адначасова на правах вольнага слухача В. А. Сербента займаўся на гісторыка-філалагічным факультэце гэтага ж універсітэта. На Украіне В. А. Сербента ўжо ў канцы 1916 г. актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях, а пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі быў выбраны ў Харкаўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 3 пачатку Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі В. А. Сербента з уласцівай яму энергіяй і рэвалюцыйнай перакананасцю выконваў шматлікія даручэнні маладой савецкай рэспублікі. У студзені 1920 г. В. А. Сербента ўступае ў рады партыі бальшавікоў.

У 1920—1922 гг. В. А. Сербента загадваў аддзелам друку  Харкаўскага губкома КП(б)У, быў сакратаром Цэнтральнага бюро літоўскіх секцый ЦК КП(б)У. У лістападзе 1922 г. В. А. Сербента быў запрошаны ў Маскву для работы выкладчыкам Камуністычнага універсітэта народаў Захаду. Адначасова  ён паступіў вучыцца ў Інстытут чырвонай прафесуры на аддзяленне філасофіі. Пасля заканчэння Інстытута чырвонай прафесуры ў канцы 1923 г. В. А. Сербента быў накіраваны ў Віцебск, дзе загадваў Віцебскай губсаўпартшколай. У ліпені 1924 г. ЦК КП(б)Б пераводзіць яго на працу ў Мінск. В. А. Сербента быў дацэнтам, потым прафесарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Камуністычнага універсітэта імя У. I. Леніна. У 1925—1927 гг. ён намеснік загадчыка Аддзела друку ЦК КП(б)Б, а з 1929 па 1932 гг. узначальвае Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б.

У лютым 1931 г. Віталій Андрэевіч Сербента быў выбраны акадэмікам Акадэміі навук БССР, а ў чэрвені таго ж года — членам прэзідыума АН БССР. 3 1932 г. ён загадваў сектарам Інстытута гісторыі АН БССР. В. А. Сербента — адзін з арганізатараў Таварыства гісторыкаў-марксістаў Беларусі і шмат гадоў быў старшынёй яго праўлення.

Выступаючы з артыкуламі ў перыядычным друку, з лекцыямі і дакладамі, В. А. Сербента растлумачваў, прапагандаваў марксісцка-ленінскія метадалагічныя прынцыпы гістарычнай навукі, ленінскі план пабудовы сацыялізма. У гэты час В. А. Сербента выступаў не толькі як гісторык, але і як адзін з рэдактараў перакладу Збору твораў У. I. Леніна ў 12-ці тамах на беларускую мову. Ён таксама пераклаў з нямецкай на беларускую мову першы том «Капітала» К. Маркса.

Акадэмік АН БССР В. А. Сербента актыўна супрацоўнічаў у літоўскім камуністычным друку, у літоўскіх часопісах «Коллектив», «Искра», «Красный пахарь» і іншых выданнях, якія выходзілі ў Маскве, Смаленску, Мінску. У 1937 г. быў арыштаваны, прыгавораны к 10 гадам папраўча-працоўных лагерэй. Рэабілітаваны ў 1956 г.

На працягу дзесяці гадоў (з 1957 па 1967) В. А. Сербента загадваў сектарам гісторыі філасофіі Інстытута філасофіі і права АН БССР. З 1967 г. старэйшы навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Пад яго кіраўніцтвам і пры асабістым удзеле былі падрыхтаваны і выдадзены такія працы, як «3 гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі», «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі (1919—1968 гг.)».Віталій Андрэевіч Сербента быў актыўным грамадскім дзеячам, лектарам, палымяным прапагандыстам марксісцка-ленінскіх ідэй Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. За шматгадовую навуковую і грамадскую дзейнасць В. А. Сербента ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.

Аўтар каля 200 навуковых прац.

Памер 26 кастрычніка 1980 г.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы