Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Міжнародны дзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, абвешчанае ў 2000 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная мэта гэтага свята – захаванне моўнай і культурнай шматстайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. 

Сумесна з філіялам «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Цэнтральная науковая бібліятэка НАН Беларусі з 15 па 19 лютага рыхтуе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы.

Тыдзень роднай мовы распачне круглы стол «Акадэмік Яўхім Карскі – заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф», прымеркаваны да 160-годдзя вучонага і 100-годдзя Інбелкульта. Да яго правядзення бібліятэка рыхтуе выставу, дзе будуць прадстаўлены выданні Я. Ф. Карскага канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў і літаратуры пра яго. Дэманстравацца выстава будзе 15 лютага. Пачатак круглага стала ў 14.30.

16 лютага ў 11.00 у інфармацыйна-выставачным цэнтры бібліятэкі Акадэміі навук адбудзецца прэзентацыя  кнігі «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына» – комплекснага выдання, якое ўключае асобныя працы выбітнага  мовазнаўцы Г. З. Шкляра, які працаваў у Акадэміі навук Беларусі ў 30-я гады ХХ ст. 

У гэты ж дзень у 14.30 адбудзецца круглы стол «Беларуская мова ў кітабах», які будзе суправаджаць выстава «Беларуская мова арабскім пісьмом». Экспазіцыю складуць рукапісы татараў Беларусі з фондаў бібліятэкі і даследаванні па гэтай тэме.

18 лютага праграму працягне прэзентацыя электроннага перавыдання класічнай працы Івана Насовіча «Словарь белорусского наречия» (падрыхтавана Інстытутам мовазнаўства сумесна з выдавецтвам «Тэхналогія»). Пачнецца імпрэза ў 14.30.

У двух фарматах – online і offline – 19 лютага а 13-й гадзіне адбудзецца  Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, якую правядуць у бібліятэцы навукоўцы Філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.  

Мерапрыемствы адбудуцца па адрасе: Мінск, вул. Сурганава, 15, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі.

Кантакты

+ 375 17 270 27 18 Вольга Уладзіміраўна Міцкевіч (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа)
+ 375 17 284 27 06 Вольга Панасіна (ЦНБ НАН Беларусі) 
+ 375 17 379 40 12 Аляксандр Сцефановіч (ЦНБ НАН Беларусі)