Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Выстава «Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць»

У час правядзення Тыдня роднай мовы хол першага паверха Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі ўпрыгожыла перасоўная мастацка-дакументальная выстава “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць”, падрыхтаваная і ласкава прадстаўленая Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Экспазіцыю склалі карціны, створаныя на аснове калекцый Літаратурнага  музея Максіма Багдановіча. Выстава знаёміць з асноўнымі, самымі яскравымі момантамі жыцця і творчасці паэта, раскрывае вытокі яго таленту, паказвае рукапісы, дакументы, творы пісьменніка, знаёміць з яго акружэннем, роднымі, сябрамі, паказвае мясціны, звязаныя з жыццёвым шляхам паэта.

У 2021 годзе спаўняецца 130 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які, пражыўшы ўсяго 25 гадоў, пакінуў нам багатую паэтычную спадчыну. Яго імя можна паставіць у шэрагу заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Бібліятэцы надарылася магчымасць першай у гэтым годзе прэзентаваць экспазіцыю, якая нідзе яшчэ не выстаўлялася.

Яе першымі гледачамі стануць чытачы і госці Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. 

Наведаць экспазіцыю зможа кожны жадаючы. 

Выстава будзе працаваць да 22 сакавіка! 

Рэжым работы: пн-пт. з 9.00 да 19.45

Уваход вольны.

Таксама можна замовіць экскурсію па экспазіцыі: 

даведкі па тэл. + 375 17 284 27 06

“Я хацеў бы спаткацца з вамі…”

У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца. Беларускі паэт Максім Багдановіч набыў вядомасць сваім літаратурным, грамадзянскім і чалавечым подзвігам. Аўтар пейзажнай, сацыяльна-філасофскай лірыкі, самабытны празаік, тонкі крытык, публіцыст, ён быў адным з пачынальнікаў беларускай літаратуры: першы актыўна распрацоўваў такія складаныя тэматычныя формы, як тэрцына, трыялет, актава, рандо; лічыцца адным з пачынальнікаў санета; распачаў урбаністычную паэзію і прафесійную літаратурную крытыку, быў наватарам у сферы перакладу.

У нацыянальным космасе беларусаў асоба М. Багдановіча займае асаблівае месца. Незвычайны лёс – амаль цягам усяго жыцця адарваны ад непасрэдных беларускіх рэалій, бо знаходзіўся за межамі Беларусі, – і выключна плённая, выніковая і напружаная літаратурная дзейнасць, глыбокае веданне і разуменне беларускай гісторыі ў кантэксце сусветнай  сталі сведчаннем нязломнасці беларускага духу Максіма.

Ён быў вялікім жыццялюбам і гуманістам. Яго ідэйна-эстэтычнае крэда трымалася на светлай веры ў чалавека, на глыбокай павазе да яго асобы.

Паэт нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску. Праз два гады Багдановічы пераехалі ў Гародню, а ў 1896 годзе, пасля смерці маці паэта, – у Ніжні Ноўгарад.

У 1902 годзе Максім паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Матэрыялы газет “Наша Доля” і “Наша Ніва”, з якімі ён знаёміцца падчас вучобы ў гімназіі, значна паўплывалі на фарміраванне яго светапогляду. Ён самастойна вывучае беларускую мову і літаратуру. Ідэя нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны становіцца мэтай і сэнсам яго жыцця. 

У 10-гадовым узросце ён пачынае пісаць вершы на беларускай мове, якую вывучае па кнігах, газетах, па слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча.

У 1907 годзе ў газеце “Наша Ніва” быў апублікаваны першы твор М. Багдановіча − алегарычнае апавяданне “Музыка”.

У 1908 годзе сям’я Багдановічаў пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Яраслаўль. Максіма пераводзяць у шосты клас яраслаўскай гімназіі. Вясной 1909 года юнак захварэў на сухоты. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці. Газета “Наша Ніва” перыядычна друкуе вершы, у газеце “Голос” і іншых расійскіх перыядычных выданнях публікуюцца нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы

У 1911 годзе М. Багдановіч заканчвае гімназію і наведвае Вільню. Ён знаёміцца з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім. Па прапанове Луцкевічаў паэт жыве ў фальварку Ракуцёўшчына, што належаў іх роднаму дзядзьку В.Лычкоўскаму. Тут ён працуе над цыкламі вершаў “Старая Беларусь”, “Места”, а таксама стварае вершаваныя апавяданні “У вёсцы”, “Вераніка”.

Пасля гімназіі Максім Багдановіч паступіў у Яраслаўскі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Ліцэйскі перыяд − самы плённы ў творчасці паэта.
У 1913 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выходзіць зборнік вершаў М.Багдановіча “Вянок”, які паэту дапамагла выдаць рэдакцыя “Нашай Нівы”. Гэта кніга − вяршыня беларускай лірыкі пачатку ХХ ст. М. Багдановіч хацеў ёй сказаць, што беларуская мова самастойная і самабытная, што на ёй можна выразіць усе гукі чалавечай душы ў любой літаратурнай форме.

Яскрава праявіўся талент М.Багдановіча і як празаіка: з-пад яго пяра выходзяць цікавыя апавяданні, казкі, замалёўкі. Шмат працуе над стварэннем крытычных і публіцыстычных артыкулаў, над перакладамі на беларускую мову твораў нямецкіх, французскіх, рускіх, украінскіх пісьменнікаў.

У верасні 1916 года М. Багдановіч заканчвае Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Ён марыць аб выданні новых паэтычных зборнікаў: “Маладзік” (або “Красавік”), “Пярсцёнак”, “Шыпшына”, “Полынь-трава”. Але здзейсніць свае творчыя планы М.Багдановіч, на жаль, не паспеў.

Восенню 1916 года ён пераязджае ў Мінск, дзе працуе сакратаром у харчовым камітэце мінскай губернскай управы. Жыве на кватэры З. Бядулі, дзе сустракаецца з А. Смолічам, З. Верас, Ядвігіным Ш., А. Паўловічам, У. Галубком. Асяроддзе аднадумцаў натхняе паэта на творчасць і актыўную грамадскую дзейнасць. У гэты перыяд ён піша вершы “Страцім-лебедзь”, “Пагоня”.

У канцы лютага 1917 года М. Багдановіч назаўсёды пакідае Мінск. Паэт едзе на лячэнне ў Крым, дзе 25 мая 1917 года ў Ялце ў творчым росквіце абарвалася жыццё таленавітага мастака слова. 

“Госцем з высокага неба”, “песняром чыстае красы” называлі М. Багдановіча яго сябры. І ў ХХІ стагоддзі шануецца яго вялікі талент, талент самабытны і шматгранны, талент глыбокі і праніклівы. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.