Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

170 гадоў з дня нараджэння А. П. Сапунова

26 сакавіка чарговая юбілейная дата для беларусаў! 

170 гадоў з дня нараджэння Аляксея Парфёнавіча Сапунова (1851 – 1924), беларускага гісторыка, краязнаўца,  археографа і грамадскага дзеяча.

Спадчына Аляксея Сапунова – неацэннае багацце, якое засталося нашчадкам ад славутага Майстра. Сферы дзейнасці Сапунова былі даволі разнастайнымі. Найважнейшай справай жыцця даследчыка стала выданне  зборніка дакументаў «Віцебская даўніна» (1883–1888), які да сёння не губляе сваёй актуальнасці для аматараў гісторыі Паўночнай Беларусі.

Аляксей Парфёнавіч быў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў унікальную бібліятэку, многія кнігі з якой перадаў у фонд Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (тады дзяржаўная і ўніверсітэтская бібліятэка). 

Цікавасць менавіта да Віцебшчыны невыпадковая. Аляксей Сапуноў яе ўраджэнец. Ён пабычыў свет у мястэчку Усвяты, якое паводле тагачаснага адміністрацыйнага дзялення належала да Суражскага павета Віцебскай губерні. 

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук ёсць магчымасць папрацаваць з унікальным выданнем «Віцебская даўніна» (1883–1888 гг.). 

Асаблівасцю «Віцебскай даўніны» з’яўляецца вялікая колькасць разнасайных высокаякасных ілюстрацый і факсіміле, уключаных у тэкст. Гэтая праца па узроўню аздаблення не мела аналагаў. 

На канец XIX ст. ніводная кніга, прысвечаная Беларусі, не магла параўнацца з раскошнай працай Аляксея Сапунова. Нават легендарная «Жывапісная Расія» (том 3, прысвечаны сучаснай Беларусі) не вытрымлівае канкурэнцыі па мастацкіх якасцях.

Нашчадкі не забываюцца аб славутым вучоным. Важнай падзеяй гэтага года стала экспазіцыя «Руплівец беларускай даўніны». Яна падрыхтавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Беларусі. На выставе, якая адкрылася ў Музеі кнігі, прадстаўлены біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі гісторыка, перапіска Аляксея Сапунова з іншымі даследчыкамі, рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны» і іншых работ. Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі – рукапіс працы па гісторыі Віцебска, які пакуль так і не быў выдадзены. Наведаць выставу і бліжэй пазнаёміцца з асобай Аляксея Сапунова можна да 2 мая.

Фота выданняў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі. 

Яшчэ больш фатаздымкаў старонак «Віцебскай даўніны» у Facebook