Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін: 125 год з дня нараджэння

Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

13 кастрычніка спаўняецца 125 гадоў са дня нараджэння вядомага гісторыка, мастацтвазнаўца і культуролага – Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна. Будучы постаццю даволі характэрнай для савецкай навукі таго часу, ён стаў на чале толькі нараджаючагася ўяўлення аб самастойным, аўтэнтычным беларускім мастацтве, друку, іконаграфіі, дойлідстве, а таксама ўпісаў яго ў еўрапейскі і сусветны кантэкст развіцця культуры.


Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна 
Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў Маскве на пачатку кастрычніка 1896 года. Сям’я яго была яскравым прыкладам інтэлігенцыі таго часу: бацька працаваў інжынерам, а маці – выкладчыцай замежных моў у  адной з маскоўскіх гімназій. З самога дзяцінства Мікола быў у атачэнні, якое размаўляла па-французску, нямецку, што таксама паўплывала на яго зацікаўленасць мовамі. Наш герой шмат часу праводзіў за кнігамі, спасцігаючы свет навуковых ведаў, літаратуры і хараства прыроды. Маці асабіста сачыла за выхаваннем сына, дапамагала і спрыяла ягонаму развіццю ў гуманітарным напрамку, бацька жа, са слоў самога Шчакаціхіна, не прымаў удзелу ў яго выхаванні па складаных прычынах.


Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

У 1914 годзе Мікалай Мікалаевіч з залатым медалём скончыў прыватную мужчынскую гімназію імя А. Я. Флёрава.


Масква. Прыватная мужчынская гімназія імя А. Я. Флёрава. XX стагоддзе 
Масква. Прыватная мужчынская гімназія імя А. Я. Флёрава. Сучасны выгляд

У гэтым жа годзе паступіў у Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт на аддзяленне тэорыі і гісторыі мастацтва. Тут ягоным навуковым кіраўніком стаў прафесар Мальберг. Побач з ім вучыліся і А. А. Сідараў, і А. Н. Някрасаў – будучыя прафесары і спецыялісты па гісторыі заходнееўрапейскага мастацтва.

На жаль, дакументаў, якія б распавялі нам пра працоўнае жыццё Шчакаціхіна пасля сканчэння ўніверсітэту ў 1918 годзе не захавалася, але мы ведаем, што ён працаваў інструктарам Аддзела па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны ў Наркамасвеце Масквы. Мікалай Мікалаевіч пражыў два гады ва Украіне, дзе быў абраны сябрам Усеўкраінскага Саюзу пісьменнікаў, працаваў загадчыкам літаратурнай секцыі клуба «Будучыня», прайшоў камандзіроўку ў Адэсе, а ў снежні 1921 года прыехаў у Мінск.


Мінск. Так сёння выглядае дом, дзе жыў М. М. Шчакаціхін. Стары адрас – вул. Універсітэтская, д. 5. Сучасны адрас – вул. Кірава, д. 11. 2021 г. Фота А. І. Грушы 
Памятны знак на доме ў Мінску, дзе жыў М. М. Шчакаціхін. 2021 г. Фота А. І. Грушы

На пачатку 1922 года Мікалай Шчакаціхін быў запрошаны на пасаду асістэнта кафедры гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе пачаў сістэматычнае даследаванне беларускай мастацкай культуры.


М. Шчакаціхін сярод прафесараў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мінск. 1922

Тут жа ў кастрычніку ён знаёміцца са сваім галоўнейшым натхненнем усяго жыцця – з будучай жонкай Ганнай Мацвееўнай – таленавітым выкладчыкам, педагогам-літаратарам. Яна стала для яго апорай, верным сябрам, дапамогай і падтрымкай да самага канца. Ёй Шчакаціхін прысвяціць шмат вершаў. Вось, напрыклад, адзін з санэтаў напісаны ў турме да жонкі:

Двенадцать лет ты для меня была
Любовью, радостью и утешеньем.
Двенадцать лет цветком всегда весенним
В моей душе суровой ты цвела.
Но за трудом, за тяжким утомленьем
Любовь моя задушена была
И я боюсь, что ты не поняла,
Как я люблю тебя, с каким мученьем.
И вот теперь, в безмолвии ночном,
Когда мы вновь в мучительной разлуке,
Раскрыть всё сердце хочется в одном
Горячем крике радости и муки:
Кричать, что я живу мечтой одною –
Тебя любить и умереть с тобою

3.ХІІ.1935.

Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

Дзякуючы менавіта ёй мы сёння шмат чаго ведаем пра асабістае жыццё Мікалая Мікалаевіча. Пры падтрымцы Ганны Мацвееўны М. Шчакаціхін распрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, асноўныя накірункі яго развіцця і перыядызацыі, а таксама першы грунтоўны курс лекцый па гісторыі нацыянальнага мастацтва. Праз некалькі год у першым беларускім універсітэце лектар Шчакаціхін, стоячы за кафедрай, чытае зусім новы курс пра беларускае мастацтва.

У 1925 годзе Мікалай Мікалаевіч пасля спроб выкладання па-беларуску вырашае перайсці ва ўніверсітэцкім жыцці на беларускую мову.


М. Шчакаціхін сярод прафесараў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мінск. 1926

Вось як гэты момант адлюстраваны ва ўспамінах Ганны Мацвееўны:

Рускі па нацыянальнасці М. М. сваю першую кнігу пісаў на рускай мове. Прыходзіў перакладчык Каспяровіч і зачытваў пераклад на беларускую мову. М. М. заставаўся незадаволеным і вырашыў вывучыць беларускую мову. Авалодаў ёй у дасканаласці. Усе наступныя кнігі пісаў на беларускай мове. Палюбіў яе так, як любіў Беларусь, дзе расцвіло яго дараванне вучонага-даследчыка. Да канца сваіх дзён ён адчуваў у душы сябе беларусам. Спадзяваўся вельмі многа зрабіць для Беларусі, якая стала яму роднай.

[Матэрыялы да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна, 1896–1940. Мінск, 1996. С. 28.]

Таксама ў гэты ж час Шчакаціхін працуе навуковым сакратаром Інстытута беларускай культуры секцыі беларускага мастацтва.


Супрацоўнік Інбелкульта Мікалай Мікалевіч Шчакаціхін. 1920-я гг. (Музей гісторыі НАН Беларусі. Скрыня 1. № 6530

Цягам гадоў ягоных намаганняў і даследчых клопатаў, асабістых трагедый, турбаванняў і ўдараў часу, у 1928 годзе выходзіць першы том “Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва”, якія захоўваюцца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Ганна Мацвееўна называла гэтую кнігу галоўнай мэтай жыцця Шчакаціхіна.


Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна 
Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

Падыход 30-х гадоў стаў пэўным эпілогам для плённай творчасці Мікалая Мікалаевіча. Арышт і звальненне, абвінавачванні па сфабрыкаванай справе, ссылка ў Белебей, зноў арыштаваны, беспрацоўны, трэці арышт, звальненне з працы, хвароба … У гэты перыяд наш герой працягваў выкладаць лацінскую, нямецкую і рускую мову з літаратурай у татарскім педагагічным вучылішчы.

Першае пісьмо з Башкірыі было дзівосным, усхвалявана-зачараваным. Яно было пранізана шчасцем свабоды. “Я адчуваю сябе быццам зноў народжаным, быццам упершыню ў жыцці радуюся багаццю паветра, святла, і сонца – пісаў ён. – Пасля  цяжкіх перажыванняў, пасля доўгай пакутлівай разлукі я зноў думаю пра цябе як пра нявесту”

[Матэрыялы да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна, 1896–1940. Мінск, 1996. С. 28.]

У ссылцы 5 красавіка 1940 г. Мікалай Шчакаціхін памірае пасля цяжкой хваробы на сухоты.


Да 125-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Шчакаціхіна

Адзін з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства. Чалавек, які грунтоўна даследаваў гісторыю беларускага мастацтва ад яго пачатку да сучаснасці: вывучаў царкоўныя фрэскі, іканапіс, беларускае манументальнае дойлідства XI-XVIII стст., гравюры выданняў Ф. Скарыны. Выступаў па пытаннях тэорыі і практыкі беларускага мастацтва. Упершыню ў беларускім мастацтвазнаўстве выпрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, асноўныя накірункі яго развіцця, зрабіў спробу перыядызацыі. Асаблівую ўвагу надаваў станаўленню нацыянальнай мастацкай школы, арганізацыі мастацкага жыцця рэспублікі. Першым увёў паняцці «беларускае барока», «беларускае адраджэнне».

Трэба адзначыць, што ўся навуковая спадчына Шчакаціхіна яшчэ доўгі час будзе ацэньвацца і адыграваць значную ролю ў сучасным станаўленні беларускай культуры.