
У 2016–2017 гг. выдавецтва “Беларуская навука” выпусціла тры выпускі факсімільнага выдання “Сатырычныя часопісы 1905–1907 гг. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” («Сатирические журналы 1905–1907 гг. из фондов Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси»), якія раскрывалі склад рэдкай калекцыі сатырычнай перыёдыкі ў фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі (цяпер – Цэнтр даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі). У яго ўвайшлі 44 наймення часопісаў, размеркаваных у алфавітным парадку ад “А” да “Я”. Часопісы выходзілі ў Санкт-Пецярбургу і толькі адзін у правінцыі – «Ярославская колотушка» (1906).
Сярод папулярных часопісаў («Адская почта», «Зритель», «Пулемет», «Маски») пададзены даволі рэдкія, канфіскаваныя паліцыяй («Свобода», «Сигнал», «Сигналы», «Секира», «Фискал», «Стрелы»). Тут жа можна азнаёміцца з папулярнымі выданнямі, што выйшлі ўсяго адным-двума нумарамі і адразу былі закрыты цэнзурай («Скорпион», «Клюв», «Митинг», «Нагаечка», «Петрушка»).
У факсімільных копіях сатырычных часопісаў размешчаны публікацыі як вядомых, так і пачынаючых аўтараў – У.С. Ліхачова, Л.Р. Мунштэйна, П.П. Пацёмкіна, К.І. Чукоўскага, Тэфі, Ф.К. Салагуба, М.І. Фалеева і інш. Актыўна ўдзельнічалі ў сатырычным друку мастакі-графікі А.М. Арнштам, С. В. Балабанаў, І.І. Бродскі, В. І. Быстрэнін, М.М. Герардаў, А.А. Гольмстрэм, К.І. Гарбатаў, І.С. Гарушкін-Саракапудаў, А.М. Дэ-Пальда, А.М. Любімаў, М.В. Рэмізаў, А.І. Тавіц, А.А. Юнгер і інш.
У прадмове трох выпускаў зборніка апісваецца гісторыя бытавання разгляданых сатырычных часопісаў. Падрабязна раскрываецца змест ілюстрацыйнага матэрыялу. Прадмова трэцяга выпуску адрозніваецца ад папярэдніх прысутнасцю падрабязнай інфармацыі пра псеўданімы аўтараў і мастакоў, чые публікацыі і ілюстрацыі размешчаны ў разгляданых часопісах.
У дадатку да прадмовы змяшчаецца даведачна-бібліяграфічны апарат, што ўяўляе анатаваны бібліяграфічны паказальнік выданняў і іменны паказальнік.
Факсімільнае выданне разлічана на шырокую чытацкую аўдыторыю, якая цікавіцца гісторыяй, культурай, літаратурай. Яно будзе карысна для выканання розных гістарычных, культуралагічных даследаванняў, а таксама для выяўлення і абагульнення краязнаўчай інфармацыі.
Выданні праекта
Сатирические журналы 1905–1907 гг. из фондов Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси / Нац. акад. наук Беларуси, Центр. науч. б-ка им. Я. Коласа ; сост.: А. В. Стефанович, Е. П. Денисенко, И. Л. Мурашова ; редкол.: А. И. Груша (гл. ред.), А. В. Стефанович, Е. П. Денисенко, А. Б. Довнар, М. М. Лис, Е. И. Титовец, Е. Н. Филатова, В. В. Яновская. – Факсим. изд. – Минск : Беларус. навука, 2016-2017.
[Вып. 1]: А–Ж. – 2016. – 298, [2] с. : ил.
[Вып. 2]: З–П. – 2016. – 304, [2] с. : ил.
[Вып. 3]: С–Я. – 2017. – 297, [2] с. : ил.