
У якасці самастойнага комплексу ў фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі прысутнічае кнігазбор вядомага беларускага паэта, акадэміка НАН Беларусі Пятра Фёдаравіча Глебкі (1905–1969). Гэтай калекцыі і прысвечана выданне “Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905–1969)”, што выйшла ў 2015 г.
Каталог уключае поўныя бібліяграфічныя апісанні выданняў з асабістай бібліятэкі выдатнага беларускага пісьменніка , грамадскага і культурнага дзеяча, акадэміка Пятра Фёдаравіча Глебкі (1905–1969). Кнігазбор навукоўца з’яўляецца адной з найбуйнейшых калекцый у фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі і налічвае 3 867 экз. кніг і перыядычных выданняў на беларускай, рускай, украінскай і іншых мовах, выдадзеных у 1804–1960-х гг.
Адметнай асаблівасцю кнігазбору з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці дарчых надпісаў, якія цалкам адлюстраваныя ў каталагу. У выданне таксама ўвайшлі артыкулы, што распавядаюць пра жыццё і дзейнасць вучонага, складзе яго бібліятэкі, гісторыі перадачы яе ў ЦНБ НАН Беларусі, пра экслібрысы, створаныя для П.Ф. Глебкі ў розны час.
Каталог забяспечаны дапаможным паказальнікам штампаў і ярлыкоў. Адрасаваны кнігазнаўцам, даследчыкам у галіне гуманітарных навук, а таксама ўсім, хто цікавіцца нацыянальнай кніжнай культурай.
Выданні праекта
Бібліятэка акадэміка П. Ф. Глебкі (1905–1969) : кат. выданняў : з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі імя Якуба Коласа Нац. акад. навук Беларусі / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр. навук. б-ка імя Якуба Коласа ; склад.: А. В. Сцефановіч (адк. склад.) [і інш.] ; рэд. бібліягр. запісаў: І. Л. Мурашова, А. У. Траццякова ; рэдкал.: А. І. Груша (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2015. — 423 с. : іл.