
Выданне прысвечана адной з самых прыгожых кніг славутага беларускага друкара Пятра Цімафеева Мсціслаўца — Евангеллю напрастольнаму, надрукаванаму ў Вільні ў доме Мамонічаў у 1575 г. Галоўная мэта даследавання — ўвесці ў навуковы абарот асобнікі Евангелля з кнігазбору Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта на іх засяроджваецца ўвага выдання.
У прадмове распавядаецца пра месца і ролю Евангелля напрастольнага ў жыцці і светапоглядзе веруючага чалавека другой паловы XVI ст., адзначаецца каштоўнасць усебаковага даследавання асобнікаў выдання, якія захаваліся.
Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў, якія ўмоўна можна падзяліць на два блокі. Першы з іх прысвечаны постаці друкара Пятра Мсціслаўца, разглядаюцца такія аспекты яго дзейнасці, як пачатак кнігадрукарскай справы, супрацоўніцтва з Іванам Фёдаравым, мастацкія асаблівасці яго выданняў, а таксама напісаныя ім тэксты пасляслоўяў.
У другім блоку пададзена інфармацыя па гістарыяграфіі Евангелля напрастольнага 1575 г., згадваюцца асобнікі выдання, якія выяўлены на сённяшні дзень у розных краінах свету, пазначаецца месца захоўвання асобнікаў у межах Беларусі, пасля чаго ўвазе чытачоў прапануецца поўнае навуковае апісанне двух асобнікаў Евангелля з акадэмічнай бібліятэкі Беларусі.
У дадатку, які змешчаны на кампакт-дыску, можна азнаёміцца з лічбавымі копіямі гэтых асобнікаў.
Выданні праекта
Цітавец, А. І. Евангелле 1575 года – помнік славянскага кнігадруку XVI стагоддзя: з электронным дадаткам / А. І. Цітавец ; Нац. акад. навук Беларусі, Центр. навук. б-ка імя Я. Коласа ; [рэдкал.: А. І. Груша (гал. рэд.), І. В. Саверчанка, Н. В. Паляшук, А. В. Сцефановіч, Г. У. Кірэева, В. У. Губанава, П. Д. Скурко ; рэд. бібліягр. запісаў І. Л. Мурашова]. – Мінск : Беларус. навука, 2017. – 75 с. – 1 электрон. апт. дыск (CD-ROM).