Навука і мастацтва: у творчым суплёце
21 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася святочная імпрэза “Навука і мастацтва: у творчым суплёце”.
З віншавальным словам выступіў Аляксандр Віктаравіч Бараноўскі, кандыдат гістарычных навук, першы намеснік дырэктара па навуковай працы Цэнтра вывучэння беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Кіраўніца праекта Валодзіна Таццяна Васільеўна распавяла пра гісторыю стварэння навукова-папулярнай серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі”. У выданне “Праўда і крыўда” змешчаны легенды і былічкі як асаблівая форма назапашання, захавання і перадачы традыцыйных ведаў аб прыродзе, соцыуме, грамадстве, чалавеку. Таццяна Васільеўна зробіла акцэнт на запісах апошніх дзесяцігоддзяў, што выяўляе жыццяздольнасць і глыбіню памяці культуры вуснага тыпу нават у нашу тэхнакрытычную эпоху. Кніга суправаждаецца аўдыя- або відэзапісамі асобных тэкстаў, зробленымі ўкладальнікамі ў розных раёнах Беларусі, якія змешчаны на Youtube-канале, яны былі прадэманстраваны пад час прэзентацыі.
Таццяна Васільеўна расказала і пра тое, што ў другім альбоме “Добрая прыказка як да мяшка прывязка” сабраны як папулярныя, так і больш рэдкія беларускія прыказкі, якія ў сціслай вытанчанай форме выражаюць і захоўваюць шматвяковы гаспадарчы і жыццёвы вопыт народа, яго назіранні і веды, яго філасофію, педагагічныя погляды і правілы.
Таксама ўкладальнікі Вольга Корсак, Зміцер Санько распавялі пра асаблівасці і складасці пры стварэнні альбомаў, адзначылі важкасць крапатліва падабраных адпаведнікаў рускіх і англійскіх, якія дэманструюць універсальнае і спецыфічнае ў кожнай з моў, падкрэслілі асаблівую каштоўнасць выдання.
Пра трэці альбом “Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца” цікава і захапляльна расказала Ірына Міхайлаўна Дубянецкая, перакладчыца, доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі.
Ірына Міхайлаўна звярнула ўвагу, што ў кнізе перад чытачом адкрываецца багаты свет традыцыйных уяўленняў з яго шчыльным і арганічным знітаваннем архаічнай міфалагічнай і хрысціянскай плыняў, а таксама праходзіць будзённае чалавечае жыццё, дзе шукаюць ратунку ад бед і хваробаў. Гэтым надзвычай яркім, паэтычным і нават займальным тэкстам прыпісвалася асаблівая моц. А пераклад на англійскую і пераказ сюжэта на рускую мову пашырае чытацкую аўдыторыю.
Ілюстратары Канстанцыі Герасіменка, Лізавета і Наталля Чырвонцавых, Наталля Сухая выказалі сваю ўдзячнасць і гонар да спрычынення ў стварэнні альбома.
У завяршэнні прэзентацыі выступіў фальклорны гурт “Стажары”. Яны парадавалі слухачоў традыцыйнымі беларускіх спевы.
У фае бібліятэкі была прадстаўлена выставе выцінанкі, якую падрыхтавалі да мерапрыемства супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
З выданнямі серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі” і іншымі выданнямі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі можна было набыць на першым паверсе ЦНБ НАН Беларусі.











