Якуб Адамавіч Якубоўскі
Якуб Адамавіч Якубоўскі – беларускі гісторык, географ, філолаг, складальнік энцыклапедый, ініцыатар стварэння і галоўны рэдактар часопіса татараў-мусульманаў “Байрам. Татары на зямлі Беларусі”, аўтар гімна беларускіх татараў, даследчык нацыянальна-культурнага адраджэння беларускіх татараў.


Нарадзіўся Якуб (Якаў) у 4 красавіка 1932 года ў сям’і рамесніка ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У ваенныя гады пераехаў у гарадскі пасёлак Відзы Браслаўскага раёна, дзе скончыў школу. З 1949 г. працаваў піянерважатым і настаўнікам пачатковых класаў у мясцовых школах, адначасова завочна вучыўся на гістарычным аддзяленні ў Мінскім настаўніцкім інстытуце. Адукацыю працягваў па спецыяльнасці «геаграфія» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1957–1962). Пасля некаторы час працаваў у Навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства.
З 1967 года Якубоўскі працуе ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», дзе з 1972 па 1988 год узначальваў рэдакцыю, якая займаецца геаграфіяй, геалогіяй і геафізікай. За два з паловай дзесяцігоддзі працы ў выдавецтве ён удзельнічаў у стварэнне такіх маштабных праектаў, як «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (у 12 тамах), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (у 5 тамах), «Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя» (5 тамоў, на беларускай і рускай. У 1976 годзе ў складзе калектыву аўтараў 12-томнай «Беларускай савецкай энцыклапедыі» яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Адначасова з работай ён удасканальваў свае веды ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага па спецыяльнасцях «гісторыя і грамадазнаўства» (1979–1982), «Беларуская мова і літаратура» (1985–1989).


Якуб Якубоўскі прысвяціў сябе вывучэнню гісторыі і культурнай спадчыны татараў у Беларусі, надаваў асаблівую ўвагу іх старажытным дваранскім сем’ям і збіраў інфармацыю аб выдатных асобах беларускага паходжання з ліку татараў. Ён выступіў распрацоўшчыкам ідэі і падрыхтаваў аснову для маштабнага энцыклапедычнага выдання «Татары Беларусі, Літвы і Польшчы» (у рукапісным выглядзе). У 1991 годзе Якубоўскі паклаў пачатак стварэнню часопіса «Байрам», які стаў афіцыйным выданнем беларускай татара-мусульманскай супольнасці «Аль-Кітаб», дзе ён кіраваў у якасці галоўнага рэдактара да 1998 года. Яго аўтарства налічвае каля тысячы публікацый у перыядычных выданнях і даведніках. Якубоўскі таксама з’яўляецца аўтарам слоў нацыянальнага гімна беларускіх татараў «Мы з Іманам жывем на зямлі Беларусі», напісаных на музыку Дз. Мазітава. У 1998 г. даследчык быў узнагароджаны медалём М. Шчакаціхіна і занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца працы Якуба Адамавіча Якубоўскага. Замовіць іх можна ва ўніверсальнай чытальнай зале.
Матэрыял падрыхтаваны Купцовай М.С.