Астрожская Біблія (Астрог, 1581)
Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.
Перад вамі знакамітая Астрожская Біблія (Астрог, 1581).




У 1581 годзе ў Астрогу, дзякуючы сумеснай працы праваслаўнага князя Канстанціна Астрожскага і групы вучоных з Астрожскай акадэміі (школы), была выдадзена першая поўная Біблія на царкоўнаславянскай мове. Князь фінансаваў праект, а вучоныя займаліся падрыхтоўкай тэксту. Друкам займаўся Іван Фёдараў, які працаваў у Астрожскай друкарні. Выданне выйшла ў свет з блаславення ігумена Іова з Дубна.




Астрожская Біблія – шэдэўр кнігадрукавання XVI стагоддзя, уяўляе сабой унікальнае выданне, якое змяшчае 76 кніг Старога і Новага Запаветаў. Стварэнне гэтай грандыёзнай кнігі абапіралася на багатую гісторыю перакладу Святога Пісання. Даследчыкі паказваюць на ўплыў прац Францыска Скарыны, чые пераклады служылі адной з крыніц для Астрожскай Бібліі. Значнай крыніцай таксама была Генадзьеўская Біблія – рукапіс, датаваны канцом XV стагоддзя, які ўяўляе сабой каштоўны помнік кніжнай культуры.




Астрожская Біблія адрозніваецца бездакорнай якасцю набору і вёрсткі. Для асноўнага тэксту выкарыстоўваўся дробны, але добра чытальны «астрожскі» шрыфт – паўустаўны з элементамі скорапісу. Двухкалонная вёрстка спрыяла зручнасці чытання аб’ёмнага тэксту. Паводле ацэнак даследчыкаў, агульны аб’ём друкаваных знакаў у Бібліі складае 3 240 000.
Экзэмпляр быў набыты ў 1973 г. у М.С. Севасцьянава праз кніжную краму №2.




Вокладка XVII ст., дошкі ў карычневай скуры з блінтавым цісненнем, вечкі з кантам і фаскамі. Скура вокладкі выцертая, падрапана, цісненне праглядаецца невыразна. На верхнім вечку захаваліся два прабоі з жоўтага металу.
Частковая рэстаўрацыя вокладкі праведзена ў ЦНБ НАН Беларусі ў другой палове XX ст.: устаўлены новыя форзацы, падклеены фрагменты скуры.
Астрожская Біблія 1581 года выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў. Падрабязней з асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні «Кириллические издания XVI века: каталог изданий из коллекции Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси».
Падрыхтавана Купцовай М.С.