
Кароткая біяграфія
Панцейлямон Аляксеевіч Селіванаў нарадзіўся 25 жніўня 1919 г. у с. Ірта Ленскага раёна Архангельскай вобласці (зараз Расійская Федэрацыя). Бацька будачага гісторыка, Аляксей Сяргеевіч, працаваў на лесанарыхтоўцы, а пасля – улікоўшчыкам і рахункаводам дравеснай біржы. Маці, Марыя Васільеўна, з’яўлялася хатняй гаспадыняй, акрамя гаспадарчых абавязкаў таксама займалася кравецкай справай. Панцелямон Аляксеевіч быў першынцам у сям’і, пасля з’явіліся сястра Ганна (1922 г. н.) і брат Юрый (1932 г. н.), пазней нарадзілася адзінакроўная сястра Іда (1940 г. н.).

Панцейлямон Аляксеевіч, пасля сканчэння сярэдняй школы ў сяле Краснаборск, застаўся ў ёй для працы піянерважатым. У 1938 г. скончыў школу камсамольскіх прапагандыстаў пры Архангельскім абкаме УЛКМС (г. Вялікі Усцюг), а ў 1939 г., завочна, педагічную вучэльню ў г. Сольвычагодску. Да прызыву ў войска працаваў выхавацелем і настаўнікам Краснаборскага спецыяльнага дзіцячага дома.

П. Селіванаў у верасні 1939 г. быў прызваны ў шэрагі РСЧА, праходзіў службу ў Адэскай вайсковай акрузе, у складзе 51 Перакопскай стралецкай дывізіі ў якасці шарагоўца і намесніка палітрука.

Вялікую Айчынную вайну П. Селіванаў сустрэў у частках Паўднёвага фронта, які дзейнічаў ва Украіне, служыў у батальёнах выведкі 51 Перакопскай і 30 Іркуцкай дывізій. У студзені 1942 г. быў паранены, праходзіў лячэнне ў вайсковым шпіталі ў г. Махачкала. У жніўні 1942 – сакавіку 1943 гг. праходзіў паскораныя курсы 1-га Горкаўскага танкавага вучылішча. З сакавіка 1943 г. у дзейснай арміі, служыў ў злучэннях Паўднёва-Заходняга, Варонежскага, 1-га Украінскага і 2-га Беларускага франтоў. Працаваў на пасадах камандзіра танкавага ўзвода, адз’ютанта штаба, партарга, намесніка камандзіра батальёна па палітычнай частцы.


За час ваенных дзеянняў узнагароджаны 4 ардэнамі і 2 медалямі. Пасля сканчэння Вялікай Айчыннай вайны П. А. Селіванаў працягнуў вайсковую службу, якую праходзіў, з перапынкамі на вучобу, у частках, якія ўваходзілі ў падпарадкаванне Беларускай вайсковай акругі (1945 – 1956 гг.) і групы савецкіх войскаў у Германіі (1956 – 1960 гг.).

Пасля вайны працягваў павышаць свой адукацыйны ўзровень. У 1952 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна (г. Масква). У 1953 – 1958 гг. праходзіў навучанне ў аспірантуры (без адрыва ад вытворчасці) Інстытута гісторыі АН БССР.

З 1960 г. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. Паслядоўна працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам (1960 – 1969 гг.), старшым навуковым супрацоўнікам (1969 – 1976 гг.), загадчыкам сектара гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва (1976 – 1981 гг.), старшым навуковым супрацоўнікам (1981 – 1986 гг.), вядучым навуковым супрацоўнікам (1986 – 1991 гг.). У 1968 г. абараніў кандыдацкую дыссертацыю на тэму «Ваеннае будаўніцтва ў Беларусі (лістапад 1917 – пачатак 1919 гг.)». У 1976 г. абараніў доктарскую дыссертацыю «Дзейнасць партыйных і дзяржаўных органаў Беларусі па стварэнню і ўмацаванню савецкай ваеннай арганізацыі (кастрычнік 1917 – 1940 гг.)».

Навуковыя працы П. А. Селіванава прысвечаны працэсу арганізацыі частак РСЧА на тэрыторыі Беларусі, удзелу дадзеных вайсковых фармаванняў у Грамадзянскай і Савецка-польскай войнах, гістарыяграфіі дадзеных пытанняў, біяграфіям выбітных савецкіх камандзіраў. П. А. Селіванаў аўтар і суаўтар больш за 100 навуковых прац, 20 кніжных выданняў, сярод якіх варта вылучыць «На защите завоеваний Октября : из истории борьбы большевиков Белоруссии за создание сов. воен. организации, (окт. 1917–1918 гг.)» (1971 г.), «Военная деятельность Советов Белоруссии, 1917–1920 гг. » (1980 г.), «Ложь буржуазных фальсификаторов : (критика зарубежной литературы по истории Белоруссии периода гражданской войны)» (1985 г.), «Комкор Борис Горбачев : Страницы жизни и деятельности» (1995 г.).

Склад фонду
Пасля апрацоўкі фонду ў яго было ўключана 260 адзінак захавання. У межах фонду вылучаны наступныя катэгорыі дакументаў: творчыя матэрыялы, перапіска даследчыка, дакументы да біяграфіі П. А. Селіванава, дакументы пра П. А. Селіванава, фотаздымкі фондаўтваральніка і членаў яго сям’і, іншыя матэрыялы.
У раздзеле творчыя матэрыялы сабраны рукапісы даследчыка, чарнавыя накіды артыкулаў і раздзелаў кніг, разнастайны дапаможны матэрыял (выпіскі, бібліяграфічныя спісы і г. д.).


З дадзенай катэгорыі дакументаў асаблівую каштоўнасць мае калекцыя ўспамінаў удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і іх родзічаў. У справах утрымліваюцца ўнікальныя звесткі аб гісторыі асобных рэгіёнаў Беларусі ў гэты складаны для нашай Радзімы час, інфармацыя, якая ўдакладняе біяграфіі дзяржаўных і палітычных дзеячоў Беларусі рэвалюцыйнага часу і міжваеннага перыяду.


Значным інфармацыйным патэнцыялам валодаюць матэрыялы перапіскі П. А. Селіванава. У прыватнасці, у межах падрыхтоўкі інфармацыі аб камкоры Барысе Гарбачове П. А. Селіванаў уступіў у перапіску з шэрагам савецкіх ваенных дзеячоў.


Дакументы да біяграфіі даследчыка прадстаўлены разнастайнымі даведкамі, запоўненымі анкетамі па ўліку кадраў, службовымі характырыстыкамі і аўтабіяграфіямі. З дадзенага пераліку матэрыялаў найбольшую каштоўнасць маюць дзённікавыя запісы П. А. Селіванава, якія ён сістэматычна вёў з 1947 па 1952 гг.

Матэрыялы пра фондаўтваральніка прадстаўлены юбілейнымі артыкуламі ў перыядычных выданнях Беларусі, а таксама рэцэнзіямі на рукапісы, якія падрыхтаваны П.А. Селіванавым.

У групу фотаматэрыялаў уключаны фотаздымкі фондаўтваральніка і членаў яго сям’і.

Дакументы, якія не трапілі у пералічаныя вышэй катэгорыі, былі сгрупіраваны пад назвай “Іншыя матэрыялы”. Сюды патрапілі матэрыялы, якія адносяцца да дзейнасці дачкі фондаўтваральніка, матэрыялы з турыстычных паездак, незапоўненыя паштоўкі, канверты і інш.
Матэрыял падрыхтаваны загадчыкам аддзела кнігазнаўства Д.А. Крэнтам і малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела даследавання рукапісаў К.А. Фёдаравай.