Выстава «К 95-летию со дня рождения Василя Быкова»
У чытальнай зале гуманітарных навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дэманструецца выстава «К 95-летию со дня рождения Василя Быкова, белорусского писателя»
«Жорсткая праўда аб вайне павінна служыць людзям у іх нястомнай барацьбе за мір, супраць ядзернага вар’яцтва, якое пагражае ліквідаваць самое жаццё на Зямлі… Літаратура нашых дзён не мае права маўчаць… няма ў яе большай задачы, чым прадухіленне пагрозы новай вайны».
Васіль Быкаў
Сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Нарадзіўся ён 19 чэрвеня 1924 года ў невялічкай вёсачцы Бычкі на Ушаччыне. Дзяцінства прайшло ў родных мясцінах, было яно беднаватае, «скупое на радасці і труднае, як і ўвесь той час». Перад вайной Быкаў апынуўся ва Украіне, збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка. Але вайна распарадзілася па-свойму, Васіль Быкаў трапіў у інжынерны батальён на будаўніцтва абаронных умацаванняў, потым прымаў удзел у баях на Паўднёва-Заходнім фронце, удзельнічаў у вызваленні Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі.
Васіль Быкаў прыйшоў у літаратуру, адчуваюцы сябе абавязаным расказаць пра тое, «як нялёгка давалася яна нам – наша перамога». І гэтае адчуванне, якое вызначае ўнутраны пафас усіх ваенных твораў пісьменніка, гуманізм, маральна-этычны максімалізм, безкампрамісная праўдзівасць – маюць глыбокую сувязь з тым, што Быкаў сапраўды піша ад імя цэлага пакалення. Быкаўскія салдаты і афіцэры, вяскоўцы – не прыхарошаныя творцам літаратурныя героі, гэта звычайныя людзі з іх чалавечымі страхамі, слабасцямі, гераізмам, трагічным лёсам.
На выставе дэманструюцца асноўныя творы Васіля Быкава, добра вядомыя ня толькі беларускім чытачам : аповесць «Знак бяды» пра нацыянальныя адметнасці беларусаў, разбурэнне духоўнасці; апавяданне «На чорных лядах» пра трагічную праўду часу; аповесць «Жураўліны крык» пра вытокі мужнасці; аповесць «Аблава» пра падзеі калектывізацыі і трагічны вобраз селяніна; аповесць «Круглянскі мост» пра партызанскую этыку, раман «Кар’ер» пра гераізм і подласць; аўтабіяграфічная кніга «Доўгая дарога дадому» пра час і эпоху пакалення франтавікоў і шмат іншых твораў.
У апошнія гады неспакойнага творчага шляху пісьменніка, падзеі ўзбуранага грамадства, жыццё за мяжой, душэўны стан Быкава – усё разам дае багацейшы фактычны матэрыял экзістэнцыйнага зместу, супадзенні з глыбіннай праблематыкай ваеннай біяграфіі Быкава, і ён балюча, глыбока, пакутліва, выяўляе гэты час. Адзін з раздзелаў выставы пазнаёміць з Быкавым – публіцыстам (інтэрв’ю, артыкулы), а таксама з перакладамі твораў пісьменніка на іншыя мовы свету. На выставе прадстаўлены і вялікі раздзел літаратурнай крытыкі, біяграфічных матэрыялаў.
Да юбілея пісьменніка падрыхтаваны буклет.