Выстава «Да 85-годдзя з дня нараджэння Г. Я. Галенчанкі»
У чытальнай зале гуманітарных навук дэманструецца выстава «Да 85-годдзя з дня нараджэння доктара гістарычных навук Г. Я. Галенчанкі»
28 лютага 2022 года выдатны беларускі вучоны, гісторык-медыявіст Георгій Якаўлевіч Галенчанка адзначыў свой юбілей. Жыццёвы і даследчыцкі шлях Г. Я. Галенчанкі цесна звязаны з гісторыяй беларускай культуры і гуманістыкай. Нягледзячы на тое, што з-пад пяра вучонага выйшла вялізная колькасць кніг і артыкулаў па розных пытаннях беларускай культуры, ён набыў, напэўна, найбольшую вядомасць як даследчык кірылічнага кнігадрукавання Беларусі і яго заснавальніка – Францыска Скарыны.
Кнігазнаўчая тэматыка застаецца адной з вядучых у даследаваннях Г. Я. Галенчанкі. Першы спецыялізаваны бібліяграфічны спіс быў апублікаваны ў 1961 годзе («Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI-XVIII вв.»), з гэтай працай можна пазнаёміцца на выставе. Яшчэ адна значная праца, якая дэманструецца на выставе – «Кніга Беларусі 1517-1917 : зводны каталог», якая адлюстроўвае звыш за 400 старадрукаў і іх падрабязнае бібліяграфічнае апісанне. Такім чынам, можна адзначыць, што Г. Я. Галенчанка першым даў падрабязнае апісанне кірылічных выданняў, што былі надрукаваны на беларускіх землях.
Ад самага пачатку сваёй навуковай дзейнасці Георгій Якаўлевіч вывучае культурныя ўзаемасувязі славянскіх народаў, гісторыю культуры Беларусі, жыццёвы і творчы шлях яе славутых дзеячоў. Асобнае месца займае постаць і гістарычная спадчына Францыска Скарыны. Дзейнасць беларускага першадрукара разглядаецца даследчыкам ў шырокім кантэксце – на фоне гісторыка-культурнага працэссу, праводзіцца даследаванне сацыяльных і нацыянальных аспектаў кнігавыдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны, вывучэння тэхнікі, аздаблення, культуры кніг, уплыва дзейнасці Скарыны на паслядоўнікаў, на рукапісную кніжнасць і на развіццё кнігадрукавання. Манаграфія «Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) стала падсумаваннем даследчыцкай працы. Трэба адзначыць таксама, што многія дакументы, уведзенныя даследчыкам у навуковы ўжытак, не толькі ўдакладнілі веды гісторыкаў па кірылічнаму кнігадрукаванню, але сталі сапраўды сэнсацыйнымі.
У коле навуковых інтарэсаў Г. Я. Галенчанкі таксама даследаванні па археаграфіі, нумізматыцы, гістарычнай картаграфіі, праца над выданнем кнігі Метрыкі ВКЛ, пытанні сацыяльна-палітычнай, канфесіянальнай і этнічнай гісторыі Беларусі XIII-XVI стст. і г. д.
На выставе дэманструюцца асноўныя працы В. Я. Галенчанкі, пачынаючы з 1960 года: манаграфіі, энцыклапедычныя выданні, навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы. Адзін з раздзелаў пазнаёміць з літаратурай аб жыцці і дзейнасці вучонага.
Да юбілейнай выставы падрыхтаваны буклет.
Выстава працягне працу да 25 сакавіка.