Вясковы лірнік. Да 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі
Паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык, краязнаўца Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля) праз усё сваё жыццё і творчасць пранёс шчырую любоў і замілаванасць да Беларусі і беларускага народа Беларус па паходжанню, ён стаў вясковым лірнікам – песняром абяздоленага люду. Таму гэтак шчыра, любоўна адраджаюць нашчадкі ягоную спадчыну, малюнкава, спеўна, дабіраючы лепшых слоў і прачулых складоў, перакладаюць на мову зямлі, дзе ён нарадзіўся.
Па ягоных творах можна «хадзіць», як ходзім па залах мастацкага музея ці па вулках скансэна, дзе пад адкрытым небам працягваюць векаваць пласты вымоўнай мінуўшчыны.

Вясковы лірнік, народны лірнік – далёка не ўсё, што можна сказаць пра паэта ўслед за крытыкамі. Думны вандроўнік, зачараваны краіналюб, бліскучы апавядальнік, энцыклапедыст-асветнік. Яму ставала сваёй краіны, нават куточка або мясціны, каб чэрпаць з іх незлічоныя скарбы, напаўняючы творы ўлонкавым хараством, гістарычнай памяццю, вобразамі духоўных вытокаў, прыродалюбнай філасофіяй. Для яго адзін шлях, адна дарога ў родных ваколіцах былі за велічны свет.
Людвік Кандратовіч нарадзіўся 29 верасня 1823 года на Любаншчыне, у беларускай вёсцы Смольгава, дзе яго бацька арандаваў панскую зямлю. Дзіцячыя і юнацкія гады паэта прайшлі ў вёсцы Кудзінавічы (цяпер Капыльскі раён), адсюль ён ездзіў на вучобу ў Нясвіж, а пасля – у Навагрудак. У 1838 г. сям’я Кандратовічаў пераехала з Кудзінавіч у Мархачоўшыну (недалёка ад коласаўскай Мікалаеўшчыны). У гэтым жа годзе будучаму паэту прыйшлося пакінуць Навагрудскую павятовую школу, бацьку патрэбны быў памочнік. Пазней Людвік працаваў перапісчыкам папер у Нясвіжскім замку. Там, у Нясвіжы, яшчэ ў 1842 годзе ён, звярнуўшыся да гісторыі, да цікавай і самабытнай культуры беларускага народа, пачаў падымаць з забыцця мінулае, рабіць першыя крокі на паэтычным шляху.
Самы першы твор Сыракомлі быў прысвечаны гісторыі Беларусі. Ён піша жартоўныя прысвячэнні і цыкл санетаў «Нясвіжскія ўспаміны», займаецца вывучэннем гістарычных матэрыялаў, польскай і рускай паэзіі. Вялікая і даволі грунтоўная нататка пра мінулае Нясвіжа была апублікавана ў 1846 годзе ў «Старажытнай Польшчы» М. Балінскага.
Вясною 1844 года Сыракомля пераехаў у невялічкі наднёманскі фальварак Залучча, дзе ў ціхім вясковым закутку на ўлонні маляўнічай беларускай прыроды аддаўся творчай працы. У гэтым годзе з’яўляецца ў друку яго першае вершаванае гавэнда-апавяданне «Паштальён».
У 1859–1860 гг. ён жыве ў Вільні, вясною 1861 года трапляе ў Варшаву, а потым у Ломжу, Сувалкі і Коўна, дзе прымае ўдзел у маніфестацыях супраць царызму. У Вільню Сыракомля вярнуўся пад арыштам, сядзеў у віленскай цытадэлі, яму пагражала цяжкае пакаранне. Выратавала паэта заступніцтва сяброў.
У польскую паэзію Уладзіслаў Сыракомля прыйшоў са сваёй тэмай, сваімі вобразамі. Большасць яго твораў пабудавана на беларускім матэрыяле. Паэт адлюстроўвае тагачасную беларускую рэчаіснасць, звяртаецца да далёкага гістарычнага мінулага роднага краю. Жыццё і побыт беларускага селяніна, яго надзеі і спадзяванні, народныя паданні і песенная творчасць, беларускія краявіды, выпісаныя надзвычай умела і з вялікім майстэрствам, надавалі лепшым вершам і паэмам чароўную прыгажосць і адметны каларыт («На Палессі», «Нядзеля», «Вясковы музыка», «Жменя пшаніцы», «Дзявочы вечар», «Вясковая школа»).

Гісторыі беларускіх мястэчак (Нясвіжа, Стаўбцоў, Койданава, Міра), быту беларусаў, іх фальклору прысвячае паэт і сваю кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853). Пра вёскі і мястэчкі беларускага Прынёмання У. Сыракомля расказвае ў кнізе «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861). Вялікую цікавасць мае аб’ёмістая манаграфія паэта «Мінск», якая друкавалася ў двух нумарах часопіса «Тэка Віленьска» (1857). Пра гістарычнае мінулае Ашмян, Смаргоні, багушэвічаўскіх Жупран, пра побыт насельніцтва гэтых ваколіц нямала цікавага расказана паэтам у дарожным дзённіку, які ён вёў у 1856 годзе па дарозе ў Варшаву праз Беларусь.
Сыракомля займаўся вывучэннем беларускага фальклору і апублікаваў у польскім друку цікавае даследаванне пра беларускі песенны фальклор Міншчыны («Варшаўская газета», 1856). Апрача таго, захаваліся запісы беларускіх народных песень, якія былі першаасновай вершаў Уладзіслава Сыракомлі «Доля», «Народная песня з ваколіц Вільні» і інш.
Аб побыце падвіленскіх беларусаў, іх паэтычнай творчасці расказвае паэт у шматлікіх артыкулах, якія ён публікаваў у газеце «Кур’ер Віленьскі», у раздзеле «Мясцовы агляд». Гэты раздзел было даручана весці яму як штатнаму супрацоўніку. Ёсць у Сыракомлі асобныя артыкулы пра Валожын, Нясвіжскі замак, ахову гістарычных помнікаў Беларусі. Захаваліся ў рукапісу накіды артыкула пра Маладзечна, дзе паэт меркаваў паказаць гісторыю горада, пачынаючы з далёкай старажытнасці.
Трэба адзначыць, што Уладзіслаў Сыракомля не толькі апрацоўваў беларускія народныя песні і паданні, але і сам пісаў на беларускай мове і меркаваў выдаць кнігу ўласных беларускіх вершаў разам з вершамі Вінцэнта Каратынскага. Але гэты намер нашаму земляку не давялося ажыццявіць і яго беларуская спадчына не дайшла да нас у поўнай меры (захаваліся толькі два беларускія вершы «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды…»).
Адным з найбольш важных клопатаў У. Сыракомлі было яго змаганне за права беларускага народа ствараць культуру на сваёй роднай мове. Пра гэта яскрава сведчыць даволі грунтоўнае «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», а таксама чатыры артыкулы пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча.
Творчая спадчына Сыракомлі даволі вялікая. Пісаў ён празаічныя і драматычныя творы, займаўся перакладамі, працаваў над «Гісторыяй польскай літаратуры». Аднак папулярнасць і славу яму прынеслі гавэнды, лірычныя вершы, паэмы і вершаваныя аповесці. З некаторымі з іх можна пазнаёміцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
У фондах бібліятэкі захоўваецца цікавы экзэмпляр першага тома дарожных нарысаў «Wycieczki po Litwie w promieniach od Wilna» («Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні»), другі быў выдадзены ў 1860 годзе. Два тамы сталі вынікам падарожжа Уладзіслава Сыракомлі, як па этнаграфічнай Літве, так і па беларускіх мясцовасцях. Аўтар скрупулёзна апісвае помнікі гісторыі і культуры, якія сустракаліся яму ў дарозе, асаблівасці мовы, культуры ў той ці іншай мясцовасці, звесткі пра міграцыю і склад насельніцтва на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, побыт сялян і гараджан на беларуска-літоўскім паграніччы.



У гэтым зборніку прыцягваюць да сябе ўвагу надпісы, зробленыя пяром на польскай мове, а таксама роспісы – пяром і алоўкам.

Зборнік упрыгожаны малюнкам «Замак на возеры ў Троках», аўтар – Войцех Герсон.

Захоўваецца ў бібліятэцы першы том двухтомнага выдання выбраных вершаў Уладзіслава Сыракомлі, надрукаваных у 1879 годзе ў перакладах на рускую мову Д. Мінаева, Л. Пальміна, М. Пятроўскага, Л. Мея, П. Вейнберга. Гэты зборнік быў прысвечаны Сяргею Андрэевічу Юр’еву (1821–1888), вядомаму рускаму літаратурнаму дзеячу XIX стагоддзя. Як адзначае навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Алена Пятроўна Дзенісенка, тэматыка змешчаных у першым томе вершаў цесна звязана з беларускім народным побытам.

Творчую спадчыну Сыракомлі ў ЦНБ НАН Беларусі складаюць восем асобнікаў паэмы «Urodzony Jan Deborog» («Дабрародны Ян Дэборог»). Самы ранні быў надрукаваны на польскай мове ў Пецярбургу ў 1854 годзе. Але нас цікавіць самы позні асобнік, які быў надрукаваны ў 1928 годзе ў Віленскай тыпаграфіі «Зніч». У дадзенай кнізе маюцца дзевяць гравюр з малюнкамі, якія былі зроблены вядомым мастаком Міхалом Эльвіра Андрыёлі.

Таксама ў наяўнасці бібліятэкі маецца і працяг дадзенай кнігі пад назвай «Новый рассказ Яна Деборога». Асобнік быў надрукаваны ў Вільні ў 1859 г. На вокладцы можна заўважыць роспіс «August Lozinski».


Такі ж роспіс ёсць і ў іншай кнізе, прадстаўленай у фондзе – «Chatka w lesie» («Хаціна ў лесе») 1855 года.


Дадзеная кніга была прысвечана пані Сідаліі Свіда «z wyrazem czci zyczliwej poswieca Autor» (с выражением благоговейного почтения посвящает Автор).

Прыцягвае ўвагу ў ёй літаграфія А. Клюкоўскага.
У выніку падарожжа па Варшаве, Вроцлаве, Кракаве, Познані і іншых гарадах, паэт напісаў вершы і празаічныя нататкі, якія пасля яго смерці былі выдадзены У. Каратынскім у 1914 годзе ў Варшаве асобнай кнігай пад назвай «Podroz swojska po swojczyznie» («Падарожжа сваяка па сваяцкай зямлі»). У «Падарожжы…» аўтар параўноўвае асаблівасці жыццёвага ўкладу палякаў, беларусаў і літоўцаў.
У ЦНБ НАН Беларусі ёсць два ўладальніцкія экзэмпляры гэтага выдання з экслібрысамі літоўскага дзярҗаўнага і культурнага дзеяча, гісторыка, літаратара Міколаса Біржышкі (1882-1962) і бібліятэкара, бібліёграфа, гісторыка культуры, краязнаўцы Міхаіла Брэнштэйна (1874-1938).

Аднак у дадзеным артыкуле прадстаўлены толькі другі асобнік.

У ім цікавасць уяўляе Plaskorzezba Jana Ostrowskiego z r.1858 (Барельеф Яна Островского с 1858 г.), а менавіта тое, што пад ім маюцца два роспісы аўтара.
Першы – псеўданіма Уладзіслава Сыракомлі, а другі – яго сапраўднага імя – Людвіка Кандратовіча.


Кніга аздоблена малюнкамі персаналій і будынкаў, зробленыя ў 1850-я гады.
У фондах бібліятэкі маецца і гістарычная драма Уладзіслава Сыракомлі пра абарону Ольштына 1587 года – «Kasper Karlinski» («Каспар Карлінскі»).

Экзэмпляр дадзенай кнігі каштоўны прадстаўленым у ім дарчым надпісам, які сведчыць пра тое, што дадзеная кніга была падорана рэдактарам выдання жонцы паэта Паўліне Кандратовіч.

Выданне змяшчае твор Cora Piastow» («Дачка Пястов») – аповесць-верш з гісторыі літоўскіх. На гэтую аповесць пісаў музыку кампазітар, стваральнік польскай нацыянальнай оперы і сябр Уладзіслава Сыракомлі Станіслаў Манюшка.

У дадзеным зборніку прадстаўлены ноты з песні «Паходу літвінаў» на словы У. Сыракомлі.

Прыцягвае ўвагу і кніга «Zgon Acerna» («Смерць Ацерна») за 1856 год з укладышам і нататкамі бібліятэкараў пра тое, што «нельга пісаць у кнізе».

Зборнікі вершаў У. Сыракомлі прадстаўлены ў перакладзе на беларускую мову.

Сярод перакладчыкаў – выбітныя пісьменнікі Беларусі – Янка Купала, Максім Лужанін, Уладзімір Дубоўка.
Каб больш паглыбіцца ў творчасць Уладзіслава Сыракомлі, можна азнаёміцца з яго кнігамі, прадстаўленымі ў фондах бібліятэкі, а таксама з артыкуламі Алены Пятроўны Дзенісенка ў рэпазіторыі ЦНБ НАН Беларусі.