Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Да 500-годдзя з дня выдання паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага

У гісторыі сусветнай культуры ёсць нямала прыкладаў, калі сапраўднае значэнне вялікага пісьменніка суайчыннікі адкрывалі і ўсведамлялі толькі праз многія дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Менавіта такі лёс Міколы Гусоўскага, які атрымаў еўрапейскую славу і сапраўднае прызнанне толькі праз чатыры стагоддзі пасля смерці.

Лічыцца, што ён нарадзіўся ў сям’і велікакняжацкага паляўнічага паміж 1470 і 1480 гадамі. Прозвішча паэта – Гусоўскі – указвае на месца яго нараджэння. Паходзіў, верагодна, з мястэчка ці вёскі з назваю Гусаў, Гусава, Усава або Уса. 

Несумненна, паэт з Гусава – выхадзец з беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), пра што сам паэт піша ў сваёй паэме, узгадваючы зубра: «гэтае дзіва, з абшараў Літоўскага княства», «Край свой (цяпер ужо ўласнасць Кароны) калісьці я перамераў удоўжкі і ўпоперак пешшу».

Пра атулены пушчамі край у міжрэччы Дняпра і Нёмана, дзе ладзіліся паляванні на магутнага звера, паэт кажа, што часам «рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага строму пераплываў я з канём у пагоні за зверам». Згадваючы раку Дняпро, апетую яшчэ антычнымі і старажытнарускімі пісьменнікамі, паэт імкнуўся паказаць веліч і старажытнасць роднай зямлі. 

Таму Гусоўскі на лацінскай мове ужывае антычную назву ракі – Барысфен.

З радкоў паэмы мы даведваемся, што з дзіцячых гадоў бацька прывучаў Міколу да паляўнічай справы: 

«Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых абходах
Крокам нячутным ступаць, каб нішто не шурхнула,
І спасцігаў, як звяроў прыкмячаць па бярлогах
Нюхам, і вухам, і вокам. Без якасцей гэтых
Не напалюеш, бо звер палахлівы і пільны».

    Незабыўныя ўражанні дзяцінства і юнацтва мелі выключна важнае значэнне для станаўлення Гусоўскага як мастака. Першапачатковую адукацыю Мікола Гусоўскі атрымаў у Беларусі, у адной з кафедральных ці царкоўнапрыходскіх школ, пра гэта ён з гонарам кажа ў сваёй паэме, падкрэсліваючы самабытнасць свайго народа і яго культуры:

«Свет даўніны вывучаў я пакнігах славянскіх,
Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай,
Лад алфавіта наш прашчур для ўласнай карысці
У грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак
Зладзіўшы з ім, іншаземцам, застаўся сабою».

Будучага паэта заўважыў сакратар велікакняжацкай канцылярыі Эразм Вітэлій, які выявіў у юнаку дасціпны розум і спрыт, прыблізіў да сябе, павёў у краіну навукі і культуры. 

У 1520–1522 гг. Гусоўскі у складзе пасольства Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пабываў у Італіі. У гэтай «калысцы Адраджэння» канчаткова сфарміравалася творчая індывідуальнасць паэта. Папа Леў X (Джавані Медзічы) быў прыхільнікам гуманістычных ідэй, велікасвецкага ладу жыцця. 

Па просьбе Папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, Мікола Гусоўскі пачынае работу над паэмай:

Мне загадалі адразу ж узяцца за працу,
Каб успаміны свае, пераліўшы ў памер вершаваны,
Песняй зрабіць і пра нас, і пра нашы аблавы.

У 1521 годзе ў Рыме наш славуты зямляк стварыў сваю неўміручую «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» («Песню пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго»). Напісана паэма на лацінскай мове – на той час мове навукі, культуры, міжнародных зносін у Еўропе. Але, калі паэма была напісана, нi яе ініцыятара Папы Льва X, ні яе заказчыка Э. Вітэліуса ўжо не было ў жывых. З-за недахопу матэрыяльных сродкаў Гусоўскі быў вымушаны пакінуць Рым і спыніцца ў Кракаве. 

Паэтычны зборнік «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» быў выдадзены ў кастрычніку 1523 года ў Кракаўскай друкарні Ераніма Віетэра, дзякуючы падтрымцы сакратара каралевы Боны Людовіка Альфія, а магчыма, і самой каралевы, якой і прысвечаны «спехам напісаны твор».

Толькі ў 1855 г. твор перавыдаваўся на лацінскай мове ў Пецербургу.  У 1969 г. «Песня пра зубра» ўпершыню была выдадзена на беларускай мове ў перакладзе Язэпа Семяжона.

«Песня пра зубра» – першы ў гісторыі беларускай літаратуры высокапаэтычны і патрыятычны твор пра прыроду Беларусі, мінуўшчыну краіны, пра заняткі, звычаі, побыт, светапогляд нашых продкаў. 

Скарбы свае нашы людзі на золата нават
Не прамяняюць. Здаўна іх жыццё навучыла:
Нашы лясы – гэта нашых даброт і багацця
Невычарпальны калодзеж; з яго напаўняем
Лайбы і стругі заморскіх купцоў…

Мікола Гусоўскі бачыў у народнай мудрасці невычэрпную крыніцу творчасці, ведаў і адну з прычын стойкасці народнага духу. У паэме ярка адлюстравана жыццё мужных і працавітых людзей, іх побыт, звычаі, карціны палявання: «наш чалавек працавіты з нягодамі звыкся».  

Адзін з галоўных герояў паэмы – князь Вітаўт. Аўтар падае яго як сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка дзяржавы, які «перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна ставіў багацце духоўнае – злата дзяржавы». 

У паэме аўтар уздымае вечныя і актуальныя тэмы жыцця і смерці, вайны і міру, чалавека і Радзімы, асобы і гісторыі і раскрывае іх з гуманістычных пазіцый. З асаблівым майстэрствам, надзвычай вобразна і маляўніча пададзены сцэны палявання на зубра і яго паводзіны, поўныя эмацыйнай глыбіні і драматычнага напружання.

З нагоды пяцісотгадовага юбілею знакамітай паэмы Міколы Гусоўскага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі 28 верасня 2023 года быў арганізаваны круглы стол «Спадчына беларускага паэта-лацініста Міколы Гусоўскага»

У фондах бібліятэкі  захоўваецца некалькі выданняў «Песні пра Зубра». Адно з іх – выдадзенае ў Ягелонскім ўніверсітэце ў Кракаве ў 1894 годзе на лацінскай мове. 

Экзэмпляр, прадстаўлены ў перакладзе паэмы на беларускую мову Язэпам Семяжонам, упрыгожаны малюнкамі беларускага мастака-графіка Арлена Кашкурэвіча.

Сярод сучасных перавыданняў – зборнік 2007 года, у якім змешчаны тэкст паэмы на лацінскай мове, а таксама ў перакладзе на розныя мовы: польскую, літоўскую, беларускую, рускую, англійскую. 

Арыгінал першага кракаўскага выдання «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» 1523 г. прадстаўлены мікрафільмам.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля