Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Ганна Місуна: “Баязлівец памірае ўвесь час, смелы — адзін раз”

Яе лічаць першай жанчынай-геолагам y Беларусі, Літве, Польшчы і ў  Расіі. Геалагічнымі даследаваннямі займалася нямала таленавітых жанчын, але яна была першай, хто самастойна праводзіў палявую геалагічную разведку.

Імя гэтай жанчыны – Ганна Баляславаўна Місуна.

Нарадзілася яна 12 лістапада 1868 года на Віцебшчыне ў сядзібе Забалацце Лепельскага павета (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці). У прыватнай гімназіі ў Рызе Ганна Місуна дасканала вывучыла рускую, польскую i нямецкую мовы, на кожнай з якіх пазней пакінула нямала навуковых артыкулаў. 

У 1887 годзе Ганна Баляславаўна пачала працаваць настаўніцай польскай мовы і арыфметыкі ў гімназіі, якую скончыла. Інтарэс да прыроды прымусіў яе заняцца самаадукацыяй. Яна выпісвала кнігі па прыродазнаўству, збірала калекцыі насякомых i раслін Лепельшчыны, пачала перапісвацца з варшаўскім таварыствам даследчыкаў прыроды.

У 1893 годзе ў Маскве Ганна Місуна пачынае вучыцца на жаночых курсах “Калектыўныя ўрокі”, дзе выкладалі цікавыя ёй прыродазнаўчыя навукі. Сярод выкладчыкаў курсаў былі  прафесары імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта: прыродазнаўца Уладзімір Вярнадскі, геолаг Аляксей Паўлаў, гідрагеолаг Уладзімір Сакалоў, заолаг Міхаіл Мензбір, і інш.

Пасля вучобы Ганна Баляславаўна засталася ў Маскве, каб працаваць у аднаго з буйнейшых вучоных, заснавальніка біягеахіміі – Уладзіміра Іванавіча Вярнадскага. 

Па прапанове настаўнікаў яна пачала вывучаць канчатковыя марэны (дугападобныя насыпы абломкаў на ўчастках максімальнага распаўсюджвання ледавііка — С.) на тэрыторыі Літвы і Беларусі. 

Вясной 1898 годзе у Берліне Місуна ўдасканальвала веды ў групе вядомага гляцыёлага, прафесара Ф. Гейнітца, а пасля старыжоўкі пачаліся яе першыя экспедыцыі. У тым жа 1898 годзе ў друку з’яўляецца яе першая публікацыя па геалогіі.

У аснове большасці навуковых прац Ганны Баляславаўны ляжалі факты, атрыманыя пры палявых даследаваннях. Яе замалёўкі, замеры і апісанні геалагічных агаленняў аналізавалі і выкарыстоўвалі розныя пакаленні геолагаў. Часта, імкнучыся ўстанавіць важны геалагічны факт, яна “падымалася на такія высокія кручы”, куды не кожны мужчына адважыўся б забрацца: вытрымлівала ночы без сну, спускі па цяжкапраходных берагах рэк, шматгадзінныя пешыя пераходы, а часам і сплавы. На здзіўленне калег-мужчын адказвала любімай прыказкай: «Баязлівец памірае ўвесь час, смелы — адзін раз”. 

Здаралася, што некалькі разоў павятовая паліцыя затрымлівала Ганну Баляславаўну “да высвятлення асобы”: паяўленне жанчыны ў палях з заплечнікам і геалагічным малатком вызывала падазрэнне. 

У 1906 годзе Ганна Місуна пачала працаваць асістэнтам кафедры геалогіі Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Яна чытала лекцыі па такіх розных геалагічных дысцыплінах, як петраграфія, палеанталогія і гістарычная геалогія. 

Прыват-дацэнт геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, член Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Усерасійскага мінералагічнага таварыства, Рускага палеанталагічнага таварыства і Таварыства імя Каперніка ў Львове — гэта ўсё пра яе.

Не стала Ганны Баляславаўны ў 1922 годзе. Пахавана на Новадзявочых могілках у Маскве. У 2003 годзе ў Ветрына і на месцы былой сядзібы “Свіла” ў Забалацці ўсталявалі помнікі ў гонар навукоўцы — шматтонныя валуны з мемарыяльнымі шыльдамі. Імя Ганны Місуна маюць вуліцы ў Полацку і пасёлку Ветрына.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца выданне Ганны Місуна за 1902 год “Материалы к изучению ледниковых отложений Белоруссии и Литовского края”, у якім выкладаюцца вынікі чатырохгадовых даследаванняў, зробленых у Віленскай, Віцебскай і Мінскай губернях.

Кароткія справаздачы аб ходзе даследаванняў змяшчаліся ў гадавых справаздачах імператарскага Маскоўскага Таварыства Выпрабавальнікаў прыроды.

Выданне змяшчае схематычныя карты. Адна з іх – “Karte der Endmoränen von Ost-Litthauen und Weissrusslаnd” (“Карта конечных морен в Восточной Литве и Белоруссии”) яўляецца дадаткам як да дадзенай працы, так і да “Über die Endmoränen von Ost-Litthauen und Weissrussland” (1902). 

Другая – “Карта конечных морен Литовского края и Белоруссии” – дакладны здымак з гіпсаметрычнай карты географа і картографа Аляксея Андрэевіча Цілло (русск. – А.А. Тилло).

Пры падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаны наступныя крыніцы:

Родная прырода. – 1984. – № 2. – с. 16

Родная прырода. – 1998. – № 5. – с. 27

Партрэт Ганны Місуна: Партал адкрытых дадзеных Дзяржаўнага геалагічнага музея імя У.І. Вярнадскага РАН

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля