Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Родам са Слонімшчыны. Да 115-годдзя з дня нараджэння Сяргея Дарожнага

Кожны пісьменнік літаратурна-мастацкага аб’яднання «Узвышша» пакінуў яркі след у беларускай гісторыі і літаратуры. Сярод іх быў і Сяргей Дарожны (Сяргей Міхайлавіч Серада), таленавіты паэт-лірнік, вядомы перакладчык.

Ён нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў Слоніме ў сям’і служачага. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку забралі на фронт, адкуль ён ужо не вярнуўся. А маці Сяргея з чатырма дзецьмі была эвакуіравана ў Варонеж. Дамоў вярнуліся толькі ў 1918 годзе. Але вярнуліся не ў Слонім, а ў вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Гадаваць дзяцей адной было цяжка, таму старэйшыя былі аформлены ў Мазырскі дзіцячы дом. Пасля заканчэння сямігодкі ў 1924 годзе Дарожны паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, дзе і пачаў пісаць вершы. З трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Беларуская вёска» у 1925 годзе быў Кузьма Чорны. Калі Сяргей Міхайлавіч прынёс у рэдакцыю газеты сшытак сваіх вершаў, Кузьма Чорны папрасіў юнака пачытаць яму свае радкі.

І Дарожны пачаў:  

Беларусь больш не стане крыжам

Пры дарозе, з Хрыстом распятым…

Пачуўшы гэтыя радкі, Кузьма Чорны вельмі расчуліўся, яны вельмі спадабаліся слыннаму пісьменніку. З таго часу вершы Сяргея Дарожнага сталі з’яўляцца ў друку.

У студэнцкія гады ён стаў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1934 годзе Сяргея Міхайлавіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР.  

У 1926-м выйшла першая кніга паэта «Звон вясны» (у суаўтарстве з родным братам Змітрака Бядулі – Ізраілем Плаўнікам). Дарожнаму было 17 гадоў. 

Пазней былі надрукаваны зборнікі «Васільковы россып» (1929) і «Пракосы на памяць» (1932). 

Адметнай асаблівасцю выдання «Пракосы на памяць», якое захоўваецца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, з’яўляецца дарчы надпіс Сяргея Дарожнага Юлію Таўбіну за 1932 год.

У 1966 годзе выдадзена невялікая кніга «Выбраных твораў», адрэдагаваная Максімам Лужаніным. У вершах аўтар узнёсла-рамантычна славіў сацыялістычнае будаўніцтва, пісаў пра рэвалюцыйную барацьбу працоўных Заходняй Беларусі. Асаблівай вобразнай насычанасцю прасякнуты пейзажныя творы паэта. На думку беларускага крытыка М.І. Мушынскага, з усіх узвышэнцаў Сяргей Дарожны – адзін з тых паэтаў, якія ў сваіх вершах давалі ўзоры майстэрства абмалёўкі вобраза, давядзення яго да сімволіка-метафарычнага гучання. У перыяд рэпрэсій паэт не займаўся літаратурнай дзейнасцю. Аднак ёсць сведчанні, што ён напісаў некалькі твораў на роднай мове і па-руску. На жаль, яны не захаваліся. 

Паэта не стала летам 1943 года. Па хадайніцтву сястры Сяргея Дарожнага Надзеі Юшкевіч, ён быў рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29 снежня 1957 года і ўзноўлены ў правах члена Саюза пісьменнікаў.

У асабістым архіве Максіма Лужаніна захоўваецца фатаграфія Дарожнага з Лужаніным, а таксама верш «Шляхі мае! Зямля, зямля!… », які Максім Лужанін прысвяціў Сяргею Дарожнаму.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля