Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

95 год з дня нараджэння Матукоўскага Мікалая Ягоравіча

Мікалай Ягоравіч Матукоўскі належыць да таго пакалення беларускіх літаратараў, якія працавалі ў другой палавіне ХХ ст. Яго творчасць вызначаецца непаўторнай індывідуальнасцю, адметным стылем, уласным падыходам да асвятлення рэчаіснасці.

Нарадзіўся Мікалай Матукоўскі ў в. Калюціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны вучыўся ў Матылёўскай школе. У гады акупацыі разам з маці, старэйшымі братамі і сястрой знаходзіўся ў партызанскай зоне. У лістападзе 1943 г. праз Віцебскія (Суражскія) «вароты» яны былі эвакуіраваны за лінію фронту ў г. Заходняя Дзвіна. Там Мікалай Ягоравіч пачаў працаваць стажорам шафёра ў мясцовай МТС.

У прадмове да зборніка п’ес Мікалая Матукоўскага Генадзь Бураўкін пісаў:

“Не сумняваюся, што жыхары ціхіх пасляваенных Расонаў памятаюць прасторны па тагачасных уяўленнях раённы Дом культуры і самадзейныя спектаклі на прапахлай сасновымі дошкамі сцэне. Я і сёння зусім без эроніі называю тыя вечары ў цёмнай перапоўненай зале сапраўднымі святамі мастацтва. Гэта былі адзіна магчымыя тады шчаслівыя выпадкі сустрэч з “жывым тэатрам”…

На любімай усімі расонцамі сцэне трыўмфаваў зусім малады яшчэ супрацоўнік раённай рэдакцыі з не па гадах рэдкай чупрынай і ўдумлівымі, трошкі сумнымі вачамі. Асабліва запомніўся мне ягоны Чычыкаў, дужа ж ужо хітры і самавіты. Усе мы, малыя і дарослыя местачковыя “тэатралы”, верылі, што побач з намі вырастае выдатны акцёр – і, калі ён перабраўся ў Мінск, успрынялі гэта як законны шлях абранніка Мельпамены.

Але ён артыстам не стаў. Ён выбраў сабе лёс журналіста, дарэчы, наколькі нялёгкі, настолькі і шчаслівы. І сцэна пры гэтым ад яго нікуды не ўцякла – вось ужо не адзіны дзесятак гадоў, прыходзячы ў многія тэатры краіны, гледачы сустракаюцца з ім, саркастычным і ласкавым, суровым і расчуленым, заўсёды ваяўнічым і даверлівым…

Я кажу гэта ўсё пра знакамітага нашага драматурга Мікалая Матукоўскага”.

Друкавацца Мікалай Ягоравіч пачаў з 1950 г. Яго нарысы, фельетоны, вершы, публікаваліся ў расонскай раённай, полацкай абласной, а таксама ў рэспубліканскіх газетах. У артыкулах пісаў пра захаванне ўнікальнай флоры і фаўны («Белавежская пушча»), будучыню Палесся («Чаму знікаюць рэкі?» і «Палеская цаліна»). 

Героямі яго нарысаў сталі пісьменнікі Васіль Быкаў, Іван Мележ і Андрэй Макаёнак, мастак Міхась Савіцкі і сотні іншых знакамітых людзей. Яго першая п’еса – камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (або «Уваскрасенне Дон Кіхота») – была напісана ў 1965 г. і праз год пастаўлена ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску. У 1967 г. у Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера гераічнай драмы «Тры дні і тры ночы» (1966). У 1970 г. Мікалай Ягоравіч прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматургічны твор, на які прадставіў камедыю «Амністыя». Яна атрымала другую прэмію і прынесла аўтару сапраўдны поспех. Пасля прэм’еры ў Купалаўскім тэатры (1970) п’еса была ўключана ў рэпертуар многіх тэатраў краіны. Шырокую вядомасць атрымала сатырычная камедыя Мікалая Матукоўскага «Мудрамер» (1986). П’еса пастаўлена Купалаўскім тэатрам у 1987 г. (у 1988 г. адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР). У 1998 г. ён завяршыў п’есу «Зомбі, альбо Мудрамер-два», перапрацаваў для тэатральнай пастаноўкі вядомую казку Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка». У 1999 г. напісаў п’есу «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» Васіля Быкава). Ён з’яўляецца таксама аўтарам дакументальнай аповесці «Мінск» (1982, пра Мінскае падполле 1941–1944 гг.) і кнігі публіцыстыкі «Чужая беда» (1987). Па сцэнарыях Мікалая Матукоўскага зняты дакументальныя фільмы «Мінск –горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), мастацкія кінастужкі «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980).

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца прыжыццёвыя выданні драматурга, журналіста, сцэнарыста Мікалая Матукоўскага. З яго працамі можна азнаёміцца ва ўніверсальнай чытальнай зале.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля