Адкрыццё выставы ў музеі Петруся Броўкі
30 лістапада а 16-й гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі “Гады́ як шторм”, створанай сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Пятрусь Броўка – сын складанай эпохі, што ўвабрала ў сябе стварэнне і разбурэнне, надзеі і расчараванне. Яго жыццё можна разглядаць як праекцыю бытнасці цэлага пакалення не толькі беларусаў, але і іншых народаў-суседзяў, якія воляю лёсу падзялілі складаны паварот еўрапейскай гісторыі. Ад вясковага пастуха – да старшыні сельскага савета, ад сябра “Маладняка” – да кіраўніка Саюза беларускіх пісьменнікаў. Высокія званні і прызнанне грамадзянскіх заслуг – у любым стане паэт заставаўся чалавекам, бачыў сваё шчасце ў шчырай працы, у беспатольнай празе стварэння, у адчуванні крокаў эпохі.
Выстава “Гады́ як шторм” прадстаўляе час маладосці, 35 год жыццёвага шляху паэта праз церні эпахальных змен да абсалютнага поспеху. Выстава імкнецца да дэманстрацыі асобы творцы з розных бакоў – у сямейным асяроддзі і на афіцыйных мерапрыемствах, як звычайнага чалавека і як паэта, з гуманістычнай і акрыленай творчасцю, часам наіўнай і рамантычнай, але заўсёды шчырай, як і ён сам.
Уваход вольны!
Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
Кантактны тэлефон: + 375 17 342 09 81