Да 115-годдзя з дня нараджэння Яўгеніі Эргардаўны Пфляўмбаўм
Мае радкі не ўбачаць свету,
Паснуць, не ўзняўшыся з вытокаў.
Яны, як пашарпаны ветразь,
Спачын для чайкі адзінокай
Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм… Гэта імя, з аднаго боку, стала сімвалам самаадмаўлення, а з другога – вернасці пакліканню, якое ўрэшце перамагло ўсе жыццёвыя нягоды. Яе паэзія пасля працяглага перапынку зноў стала аб’ектам увагі літаратурнай грамадскасці з канца 1980-х гг. мінулага стагоддзя.

У выніку вяртання да актыўнай творчай дзейнасці выйшлі дзве кнігі – «Сувой жыцця» (1989) і «На захадзе сонца» (1992) з вершамі, напісанымі ў 1930-1980-х гг.

115 гадоў таму ў сям’і чыгуначніка Эргарда Пфляўмбаўма нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Яўгеніяй. Выхоўваў яе не бацька — айчым Уладзімір Рафаілавіч Сакалоўскі, якога яна любіла і які дапамог атрымаць выдатную адукацыю.
У адной з гутарак з карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» Яўгенія Эргардаўна з цеплынёй успамінала свайго айчыма, выхаванца Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі: «Ён не толькі выкладаў, але <…> перакладаў на беларускую мову падручнікі. Пад яго ўплывам я пачала спачатку чытаць, а потым і пісаць па-беларуску».
У 1923 годзе Яўгенія Пфляўмбаўм скончыла ў Мінску сярэднюю чыгуначную школу і ў тым жа годзе паступіла ў славуты Белпедтэхнікум, дзе вучылася разам з Паўлюком Трусам. Працягвала навучанне на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ, потым працавала бібліёграфам Кніжнай палаты пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда».
Пачатак літаратурнай дзейнасці Яўгеніі Пфляўмбаўм звязаны з творчым аб’яднаннем «Маладняк», якое было заснавана ў лістападзе 1923 года.
На момант знаёмства з Аляксандрам Каратаем (Максімам Лужаніным) Яўгенiя ўжо мела свой паэтычны зборнiк — на трох з паэткамi Зiнаiдай Бандарынай i Наталляй Вiшнеўскай.


Адметнасцю асобніка, які захоўваецца ў фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, яўляецца дарчы надпіс Наталлі Вішнеўскай ад 23/XI 26 г.

Яе вершы публікуюцца ў часопісах «Маладняк», «Полымя», «Звязда» і інш.




У хроніках часопіса «Маладняк» № 5 за 1927 год з’яўляюцца першыя звесткі пра тое, што Пфляўмбаўм «рыхтуе да друку зборнік лірычных вершаў», а ў № 3 за 1930 год гаворка ідзе пра тое, што кніга здаецца ў друк, і нават агучваецца яе назва – «Мелодыі». Яўгенія Пфляўмбаўм яшчэ не ведала, што наступны яе зборнiк выйдзе толькi праз шэсцьдзесят гадоў.
Апошняя публікацыя лірыкі Я. Пфляўмбаўм пазначана 1931 годам. У тым самым годзе яна пабралася шлюбам з паэтам Максімам Лужаніным. Падзеі асабістага жыцця, несумненна, паўплывалі на тое, што паэтка «замаўчала» больш чым на паўстагоддзя. Больш за тое, у 1932 годзе выходзіць Пастанова ЦК КП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый», у выніку адбываецца роспуск усіх літаратурных аб’яднанняў, у тым ліку і «Маладняка», і ў 1934 годзе ўзнікае адзіная літаратурная арганізацыя – Саюз пісьменнікаў БССР.
Я. Пфляўмбаўм з цяжкасцю ўладкавалася на працу спачатку карэктаркай, а потым рэдактаркай Абароннага дзяржаўнага выдавецтва ў Маскве («Оборонгиз»).
Падчас Вялікай Айчыннай вайны яна была байцом супрацьпаветранай абароны Масквы. У 1945 годзе вярнулася з мужам у Мінск.
Вяртанне да актыўнай творчай дзейнасці адбылося толькі ў 1980-я гг., дзякуючы падтрымцы спачатку Аркадзя Куляшова, пасля – Анатоля Вярцінскага. У апошнiя гады свайго жыцця Максiм Лужанiн займаўся тым, што прыводзiў да ладу творчую спадчыну жонкi.
Яўгеніі Пфляўмбаўм не стала 13 студзеня 1996 года. Яна была пахавана на могілках вёскі Паперня ў Мінскім раёне.
Матэрыялы з асабістага архіва Я. Э. Пфляўмбаўм утвараюць самастойны комплекс у складзе архіўнага фонду пісьменніка Максіма Лужаніна.
Дакументы былі перададзены Лужаніным разам з матэрыяламі ўласнага архіва. Акрамя таго, дадаткова ў Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі ўжо пасля смерці Максіма Лужаніна ад яго спадчынніцы паступіла астатняя частка дакументаў, у тым ліку якая ўключала і матэрыялы з асабістага архіва Я. Э. Пфляўмбаўм.
Пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі матэрыялы асабістага архіва Я. Э. Пфляўмбаўм (без уліку апошняга паступлення) складаюць 291 адзінку захоўвання за 1927-1999 гг. і без даты.
З рукапісным фондам можна азнаёміцца па спасылцы на віртуальны праект «Рукапісы не гараць».