Да 120-годззя з дня нараджэння Алеся Якімовіча
За пяцьдзесят гадоў нястомнай працы ў літаратуры Алесем Якімовічам напісана шмат аповесцей, апавяданняў, казак. На высокім мастацкім узроўні зроблены пераклады асобных твораў Пушкіна, Някрасава, Горкага, Маякоўскага, Маршака, Чукоўскага, Гайдара на беларускую мову. А кнігі «Каток – Залаты Лабок» і «Бацькаў дар», у якіх пісьменнікам сабрана і апрацавана больш за семдзесят папулярных беларускіх народных казак, з’явіліся сапраўдным святам для дзяцей.
Вялікі жыццёвы шлях за плячыма Алеся Іванавіча Якімовіча. Дзяцінства пісьменнік узгадваў так: «Вёска мая, Чурылава, славілася не толькі беднасцю, а і адсталасцю. Першым грамацеем у ёй быў мой дзед па бацьку Захара. Дзе ён навучыўся чытаць і пісаць, не ведаю. Адзін час, па расказах бацькі, дзед нават вучыў дзяцей у сябе дома. Ад яго сёе-тое пераняў і бацька: умеў распісацца і прачытаць збольшага друкаванае. Дзеда я не помню: памёр ён у 1904 годзе, калі я нарадзіўся (17 студзеня). Але гаспадар з яго, відаць, быў не надта здатны, бо бацька часта пакрыкваў на мяне: «Захара ты!» Гэта значыла: маруда, недарэка і г.д.».
Юнацтва будучага пісьменніка прайшло на Уздзеншчыне. Савецкая ўлада шырока расчыніла дзверы вясковай бядняцкай моладзі ў навуку. У часы польска-савецкай вайны 1919–1921 гг. ён пазнёміўся з Паўлюком Трусам і Пятром Глебкам. Прага да вучобы прывяла ў 1921 годзе юнака ў Мінскі педтэхнікум. Ён старанна авалодвае ведамі, актыўна ўдзельнічае ў літаратурным жыцці, друкуючы свае допісы на старонках газет. «Помню, мы спаборнічалі з Паўлюком Трусам – хто лепш складзе верш на выбраную тэму. Тэмы былі розныя, але найбольш нас цікавіла прырода. Чыталі мы свае вершы адзін аднаму, бо хлопцы не вельмі прыхільна ставіліся да самадзейных вершаплётаў. Праўда, Пятро Глебка помніць, што я аднойчы чытаў свой верш і яму.

У пачатку 1923 года часопіс «Маладняк» змясціў першы літаратурны твор Алеся Якімовіча – верш пад сімвалічнай назвай «Вясна». Як адзначаў аўтар: «З яго і пачалася мая праца ў літаратуры. Я быў прыняты ў літаратурную арганізацыю «Маладняк» адным з першых – пасля ініцыятыўнай групы. Арганізацыя расла не па днях, як кажуць, а па гадзінах. І нам, «старэйшым па стажу», работы хапала».
Знамянальнай падзеяй у жыцці пачынаючага пісьменніка стала яго знаёмства з Якубам Коласам, які выкладаў у тэхнікуме методыку роднай мовы, а ў вольны час праводзіў гутаркі на літаратурныя тэмы, чытаў свае новыя творы. «Колас, як і Янка Купала, – успамінае Алесь Якімовіч, – вучылі нас пісаць проста, ясна, без мудрагельства».
У 1924 годзе ў рэспубліцы пачаў выдавацца часопіс «Беларускі піянер». Камсамолец Алесь Якімовіч становіцца сакратаром рэдакцыі новага дзіцячага часопіса. І з гэтага часу ён звязвае свой лёс з дзіцячай літаратурай, сумяшчае работу ў рэдакцыі з вучобай. У 1926 годзе Якімовіч заканчвае педагагічны тэхнікум, а праз чатыры гады – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
У 1973 годзе Aлесь Якімовіч прымаў удзел у міжнароднай сустрэчы дзіцячых пісьменнікаў. «Мне выпаў гонар, – гаворыў майстар дзіцячай кнігі, – выступіць ад імя нашай дэлегацыі. Я коратка расказаў, што мы ў сваёй рэспубліцы ствараем не толькі новыя арыгінальныя кнігі для дзяцей, а і ўзбагачаем сваю дзіцячую літаратуру перакладамі з іншых моў. Інтэрнацыянальная тэма, тэма дружбы народаў – характэрныя для нашай літаратуры, пачынаючы з першых твораў Янкі Маўра».
Кнігі пісьменніка не старэюць з гадамі. Разумны і шчыры сябар дзяцей, Алесь Якімовіч сваімі кніжкамі, якія вызначаюцца навізной і своеасаблівасцю аўтарскага бачання свету, знайшоў шлях да іх сэрцаў.


Творчая спадчына Алеся Якімовіча шырока прадстаўлена ў фондзе бібліятэкі.


У трохтомным выданні «Алесь Якімовіч. Збор твораў» можна знайсці цікавыя звесткі з біяграфіі аўтара, даведацца пра яго лёс і прачытаць успаміны.