Да 295-годдзя з дня нараджэння Марціна Пачобута-Адляніцкага
Ён быў асыпаны каралеўскімі міласцямі, карыстаўся пашанай у грамадстве, у яго гонар кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адчаканіў медаль з надпісам Sіc іtur ad astra — «так ідуць да зорак», што стала належным прызнаннем заслуг Марціна Пачобута-Адляніцкага.

Пачобут-Адляніцкі, доктар філасофіі і доктар тэалогіі, каралеўскі астраном Станіслава Аўгуста, прэлат, смаленскі дэкан, рэктар (пяць разоў запар абіраўся на гэтую пасаду) і прафесар Віленскага ўніверсітэта, член-карэспандэнт Парыжскай акадэміі навук і Французскага нацыянальнага інстытута (так пасля Французкай рэвалюцыі пачалі называць каралеўскую Акадэмію навук), член Лонданскага каралеўскага, Варшаўскага і іншых навуковых таварыстваў, нарадзіўся ў мястэчку Саломенка Гарадзенскага павета 30 кастрычніка 1728 года.
Марцін Пачобут-Адляніцкі пакінуў глыбокі след у гісторыі навукі і адукацыі.


Ён здабыў заслужаную павагу калег як умелы і працавіты астраном-назіральнік і застаўся ў гісторыі навукі чалавекам, які вывеў Віленскую абсерваторыю на ўзровень найлепшых абсерваторый Еўропы.
Вынiкi назiранняў планеты Меркурый вiленскага астранома сталi падмуркам для вылiчэння параметраў арбiты планеты самымі лепшымi астраномамi-тэарэтыкамi канца XVIII — пачатку XIX ст. Таксама вучоны займаўся пошукамі праблемы дакладнага вызначэння геаграфічнай даўгаты. Вывучаў і складаў табліцы руху Месяца і спадарожнікаў Юпіцера.
Пачобут-Адляніцкі адным з першых пачаў сістэмна вызначаць каардынаты населеных пунктаў нашага краю і тым зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне геграфічных карт.

Менавіта пры ім у галоўнай школе Вялікага Княства Літоўскага былі закладзены трывалыя падмуркі сучаснага ўніверсітэта, з якога выйшлі Адам Міцкевіч, Теадор Нарбут, Караль Падчашынскі, Ігнат Ходзька, Міхал Балінскі, Томаш Зан, Ігнат Дамейка і іншыя.
Біяграфія вучонага, яго асноўныя навуковыя працы, бібліяграфія і фотагалерэя размешчаныя на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў праектах – “Прадстаўнікі дарэвалюцыйнай навукі, ураджэнцы Беларусі” і “Навукоўцы, якія праславілі Беларусь”.
Пры падрыхтоўцы інфармацыі былі выкарыстаны матэрыялы з нарысаў гісторыі астраноміі Леаніда Лаўрэша «І зорнае неба над галавой…»