«Дэкамерон» Джавані Бакача 1614 г.
16 чэрвеня 1313 г. у мястэчку Чартальда, а магчыма і ў самой Фларэнцыі, нарадзіўся адзіны з самых сусветна вядомых празаікаў-навэлістаў Джавані Бакача. Прыкладна праз 40 год, улетку 1353 г., Джавані Бакача дапіша свой самы вядомы твор, які зробіць ягонае імя бессмяротным – «Дэкамерон».


У фондзе Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца Венецыянскае выданне «Дэкамерона» 1614 г.
Да асаблівасцяў нашага экзэмпляра можна аднесці тое, што захоўваўся ён у прыватнай бібліятэкі Бараноўскага. Сведчаць пра гэта штампы, размешчаныя на тытульным аркушы, на старонках кнігі і на яе зрэзе. Варта заўважыць, што самі старонкі былі пафарбаваны ў зялёны колер.


Загаловак кнігі абвяшчае: «Дэкамерон» месэра Джавані Бакача, фларэнтыйскага грамадзяніна, зноў перадрукаваны і створаны ў Фларэнцыі <…> са старажытнымі тэкстамі і з яго правільным чытаннем, паменшаным кавалерам Ліянарда Сальвіяці <…> і ў гэтым апошнім друку ўпрыгожаны выдатнымі фігурамі, якія падыходзяць кожнаму раздзелу». Друкарскае клеймо, на якім адлюстравана галінка ружы з трыма кветкамі, мае дэвіз «Dabo omnibus gratum odore» («Я падару Вам прыемны пах»).

Друкаром кнігі з’яўляўся Аляксандр Векі, які на працягу 1593–1629 гг. займаўся распаўсюджваннем твораў Джавані Бакача. Пры падрыхтоўцы гэтага выдання ён выкарыстоўваў друкарскі набор шрыфтоў Габрыэля Джаліта і Вінсэнта Валгрызі. Варта заўважыць, што тэкст, пакладзены ў падмурак дадзенага выдання, быў адрэдагаваны на пачатку 1580-х гг. Ліянарда Сальвіяці з мэтай «зрабіць тэкст Бакача годным хрысціянскіх воч», бо дагэтуль «Дэкамерон» быў унесены ў спіс забароненых кніг.
Кніга ўтрымлівае 108 гравюраў, зробленых на дрэве, якія адлюстроўваюць сюжэты апісаных навэлаў.



Маюцца таксама і шматлікія ініцыялы. Неабходна заўважыць, што ў выпадку адлюстравання жывёлаў, літара назвы супадае з самім ініцыялам: мядзведзь (Orso), леў (Lev), бык (Toro), кот (Gatto), конь (Cavallo).





Маюцца таксама ініцыялы і з расліннымі арнаментамі.



Вялікую ўвагу патрэбна надаць наяўнасці гравюры з адлюстраваннем аўтара.
