Евангелле (Вільня, 1575)
Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.
Перад вамі Евангелле напрастольнае – кніга для набажэнстваў, якая змяшчае тэкст Чатырохевангелля (Чатырох евангелляў – ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана) і расклад евангельскіх богаслужэбных чытанняў.




Кніга была надрукавана ў Вільні ў 1575 г. у друкарні Мамонічаў славутым беларускім майстрам Пятром Мсціслаўцам.
Мсціславец пачаў друкаваць яе 4 мая 1574 г. і скончыў 30 сакавіка 1575 г.
Тыраж Евангелля 1575 г. быў, верагодна, стандартным для таго часу – каля 1200 экзэмпляраў. Каля 110 захоўваюцца ў кнігасховішчах Балгарыі, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Германіі, Канада, Літвы Польшчы, Расіі, Румыніі, ЗША, Украіны, Чэхіі, краін былой Югаславіі.
У Беларусі знаходзяцца 5 асобнікаў: у Веткаўскім музеі народнай творчасці, у Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і два экзэмпляры ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.




Першым уладальнікам кнігі быў Яўфімій Туркоў – манах у Іосіфа-Валакаламскім манастыры, а з 1575 года яго настаяцель. Яўфімій Туркоў быў адным з самых таленавітых пісьменнікаў свайго часу. Ён збіраў творы рэлігійных настаўнікаў і вядомых сучаснікаў, перапрацоўваў іх, рэдагаваў, пісаў прадмовы.
Першапачатковы пераплёт асобніка Евангелля напрастольнага 1575 г. не захаваўся, цяпер асобнік «апрануты» ў сціплую кардонную аправу, зробленую ў акадэмічнай бібліятэцы ў 1970-х гг. Залаты абрэз кніжнага блока з чаканам дазваляе меркаваць, што асобнік калісьці меў традыцыйны для Евангелля напрастольнага багата ўпрыгожаны аклад.




На асобніку захаваліся шматлікія кроплі свечкавага воску, найбольш іх на аркушах з малітвай «Отче наш» і наступнай прыпавесцю пра надакучлівага сябра. Верагодна, кнігу часта адкрывалі і чыталі на гэтым месцы.
Віленскае Евангелле 1575 года выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў. Падрабязней з яго асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні Цітавец А. І. «Евангелле 1575 года – помнік славянскага кнігадруку XVI стагоддзя: з электронным дадаткам».
Падрыхтавана Купцовай М.С.