Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Карціна Сусвету вачыма Язэпа Драздовіча

А наша Зямля як крупінка, што кружыцца вакол Сонца …

Я. Драздовіч

Пра разнастайнасць і незвычайнасць постаці Язэпа Драздовіча напісана досыць шмат. Асаблівы пласт ягонай творчасці займае тэматыка касмізму. Але вартай увагі застаецца неабходнасць разумення светаўспрыняцця Язэпа Драздовіча. Што матывавала яго бачыць наваколле такім, якое яно сёння паўстае перад нашымі вачыма, калі мы глядзім на ягоныя карціны? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў біяграфіі мастака.

Нарадзіўшыся на Дзісеншчыне, што здаўна славілася прыгожымі краявідамі абшараў рэк, поймаў, ліствовых дрэў, Драздовіч увабраў у сябе гэтыя вобразы, што часта будуць адлюстроўвацца ў ягонай творчасці.

Захапленне астраноміяй у Язэпа Драздовіча пачалося ў 30-я гады ў Вільні. Але яшчэ ў гады навучання ён расказваў маці пра нябесную сферу, намаляваную на скляпеннях Віленскай бібліятэкі, пра знакі планет. «Вучыся і пазнай нябесныя бегі, – сказала яна сыну аднойчы. – Светабудова – ці не найвялікшая гэта з таямніц?». І Язэп прыслухаўся да маці. Ужо ў 1931 г. у Вільні была выдадзена брашура «Нябесныя бегі».

Гэтая кніга стала пачаткам. Язэп Драздовіч здолеў стварыць арыгінальную дэталёва распрацаваную сістэму касмалагічных уяўленняў. Ён верыў, што ўсе планеты «Соўнечнай» сістэмы населеныя. Што на Месяцы ёсць жыццё, якое ён падрабязна апісаў у сваіх дзённіках як убачанае ў «самнамбулічных падарожжах». Драздовіч не ведаў матэматыкі, але разлічваў графічна ўзаемаадносіны планет. Там, дзе не хапала тэрмінаў, ён выдумляў ўласныя вызначэння: безэфір’е, касмавізія і г.д. Саму кнігу ён прысвяціў «афярнапрацуючым дзеля навук – на добрае карыстанне, – а бацькам маім, –  Нарцызу, што пры жыцці сваім любіў гутаркі а планэтах і матцы Юзэфе ад каторай ніраз даводзілася чуць: «Вучыся і пазнай Нябесныя бегі».

«З пятніцы на суботу я меў шчасце і яшчэ зрабіць адну калягадзінную вандровачку па Месяцы. Бачыў дзіўную краіну з серабрыстым дзённым небам… Бачыў шмат крутагорых у лясістых берагох вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты. Бачыў чырвонаружовы астравок, увесь укрыты нейкімі празрыстымі крышталямі», – апісвае адну з начных візіяў мастак у сваім дзённіку.

Зімой 1931–1932 гадоў Язэп Драздовіч напісаў працу «Гармонія плянэтаў Сонечнае сыстэмы». Рукапіс адаслаў у Акадэмію навук БССР і суправадзіў яго лістом: «Магчыма, што для Акадэміі навук такое пытаньне, скуль сьвет паўстаў, паўстала гэта зямелька, на якой мы жывём, і гэта ўсяяснае зорнае неба, зусім неактуальнае, але для мяне, як аўтара, які знайшоў сваё тлумачэньне паходжаньня плянэтаў Сонечнае сыстэмы і іх самакручэньня, а таксама гармоніі руху плянэтаў, для мяне гэта вельмі паважная рэч…».

Гэтую сваю працу Язэп Драздовіч лічыў найбольшым здабыткам усяго свайго жыцця. Пісьмо ў Акадэмію навук ён закончыў такой думкай: «Кожная адкрытая навуковая ісьціна, хоць бы нават у выглядзе ўдалае гіпотэзы, робіць гонар ня толькі той навуковай установе, якая налажыла на яго сваю апрабату, але і цэламу краю, і таму народу, зь якога яна выйшла».

Янка Пачопка падтрымліваў свайго сябра, а Драздовіч з апантанасцю даказваў прысутным: «Пройдзе час, Вы яшчэ мяне ўспомніце! Ёсць жыццё ў Космасе!».

Крыніцы:

  1. А.С. Ліс. Вечны вандроўнік: Нарыс пра маст.Я.Драздовіча : [Для ст.шк.узросту] / Мінск: Юнацтва, 1984, – 253 с.
  2. Фонд №2 (Драздовіч Язэп Нарцызавіч)
×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля