Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Круглы стол «Акадэмік М. В. Бірыла і яго ўнёсак у беларускае мовазнаўства»

7 верасня 2023 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся навуковы круглы стол, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага мовазнаўца, лінгвіста Мікалая Васільевіча Бірылы.

З вітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала і слухачоў звярнулася вучоны сакратар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ірына Паўлаўна Каменда, пазычыўшы поспехаў і плённай працы.

Адкрыў круглы стол даклад доктара філалагічных навук Ірыны Алегаўны Гапоненка (прафесара кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), прысвечаны М.В. Бірылу як заснавальніку беларускай антрапанімічнай школы. У сваім дакладзе Ірына Алегаўна акрэсліла веліч постаці вучонага і ўзнёсак, які Мікалай Васільевіч прынёс у айчынную філалогію.

Загадчык аддзела даследаванняў рукапісаў Цэнтра даследаванняў старадрукаваных кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Валер’евіч Урублеўскі выступіў з дакладам “Гістарычная антрапаніміка: заслуга М.В. Бірылы і перспектывы сучаснасці”, у якім акрэсліў шмат галін, якія чакаюць далейшых навуковых даследаванняў. Ён падзяліўся каштоўнымі матэрыяламі па генеалогіі і гістарычнай антрапанімікі.

Сапраўдным навуковым адкрыццём падзялілася загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вераніка Мікалаеўна Курцова. У сваім выступленні “М.В. Бірыла – аўтар канцэпцыі ўкладання зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак” яна распавяла пра нядаўнюю знаходку – слоўнік 1929 г., які доўгі час лічыўся страчаным, а сёння дазваляе прааналізаваць эвалюцыі канцэпцыі слоўніка ўкладальніцкай працы С.М. Некрашэвіча і М.В. Бірылы.

Асобным напрамкам адзначыўся даклад культуролага аддзела маркетынгавых камунікацый Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, студэнта гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Колас Радзівона Аляксандравіча “Міжэтнічныя сувязі і іх інтэрпрэтацыя ў даследаваннях М.В. Бірылы”, у якім на падставе аналізу прац Мікалая Васільевіча Бірылы былі вылучаны блокі даследавання стасункаў розных народаў на тэрыторыі Беларусі, дзякуючы лінгвістычнаму матэрыялу.

Навуковы супрацоўнік аддзела даследаванняў рукапісаў Дзмітрый Аляксандравіч Крэнт распавёў пра “Матэрыялы да біяграфіі акадэміка М.В. Бірылы ў фондах Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі”, пра знойдзенае і страчанае з асабістай і навуковай спадчыны Мікалая Васільевіча.

Навуковы супрацоўнік аддзела кнігазнаўства Вольга Аляксандраўна Губанава ў сваім дакладзе “Кніжная спадчына М.В. Бірылы ў фондзе Цэнтра даследаванняў старадрукаваных кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі” не толькі падзялілася багаццем фондаў, але і падрыхтавала выставу «Акадэмік М.В. Бірыла і яго навуковая спадчына», на якой прадстаўлены прыжыццёвыя і пасмяротныя выданні прац М.В. Бірылы, якія захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.

На выставе былі прадстаўлены найбольш раннія навуковыя працы: артыкулы, надрукаваныя ў такіх перыядычных выданнях, як “Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР” і “Весці Акадэміі навук БССР” у Серыі грамадскіх навук.

Таксама на паліцах можна было пабачыць артыкулы, прысвечаныя пытанням мовазнаўства і мовы асобных пісьменнікаў, якія выходзілі на старонках часопісаў і зборнікаў на працягу ўсёй навуковай дзейнасці акадэміка. Гэта, напрыклад, “Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд” (у суаўтарстве з М.Г.Булахавым) (Весці АН БССР, вып.4, Мінск, 1967), “Кандрат Крапіва – мовавед” (Весці АН БССР. Вып.3, Мінск, 1971), “Роля Якуба Коласа ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы” (зб.Разам з народам. Матэрыялы юбілейных навуковых сесій АН БССР, прысвеч.100-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа Мінск, 1983.) і інш.

Досыць шырока на выставе прадстаўлены працы па пытаннях анамастыкі.

Сярод іх – некалькі выпускаў матэрыялаў Міжнароднага з’езду славістаў – славянскага сходу ў галіне гуманітарных навук, які ладзіцца кожныя 5 гадоў з 1929 г. На выставе прадстаўлены тэксты дакладаў Бірылы (уласна яго і ў суаўтарстве) з 5, 6, 7 і 10 з’ездаў: “Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў” (1963), “Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы” (1968) (сумесна з літоўскім моваведам Александрасам Ванагасам) і “Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах” (1973) (сумесна з беларускім моваведам Валянцінай Пятроўнай Лемцюговай), “Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў”(1985).

Асабліва каштоўным з’яўляецца першае з гэтых выданняў, якое суправаджаецца дарчым запісам: “Аддзелу рэдкай кнігі бібліятэкі АН БССР з сардэчнай удзячнасцю супрацоўнікам аддзела за прызнанне (па памылцы? ці з добразычлівасці?) гэтай кніжачкі ў якасці рэдкай. 11 кастрычніка 1966 г. Бірыла”.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля