Круглы стол «Асоба Саламеі Русецкай у рэтраспектыве прасторы і часу»
13 лістапада 2018 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Асоба Саламеі Русецкай у рэтраспектыве прасторы і часу», зладжаны па ініцыятыве Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў і Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Святкаванне 300-годдзя з дня нараджэння Саламеі Русецкай, першай вядомай у гісторыі Беларусі жанчыны-лекара, унесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2018 год. Сустрэча вучоных за круглым сталом была прысвечана не толькі Саламее Русецкай (па мужу Пільштын) – наваградскай лекаркі, падарожніцы, мемуарысткі, але акрэсліла шырокае кола праблем для абмеркавання:
- успаміны Саламеі Русецкай як крыніца па гісторыі Еўропы і Азіі XVIII ст.;
- жыхары Наваградчыны ў часы Вялікага Княства літоўскага і Рэчы Паспалітай;
- развіццё медыцыны ў Еўропе і Азіі ў XVIII ст.;
- Саламея Русецкая на службе Радзівілаў, Патоцкіх і іншых магнатаў Рэчы Паспалітай;
- Саламея Русецкая ў коле славутасцяў эпохі Асветніцтва.
Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, доктар гістарычных навук А. І. Груша таксама прыняў уддзел у працы круглага стала. Ва ўступным слове адзначыў асаблівую важнасць такога пытання, як роля жанчыны ў гісторыі Беларусі, падкрэсліў зацікаўленнасць у раскрыцці асаблівасцей характару Саламеі, яе здольнасцей, талентаў, выкарыстання магчымасцей навучацца і валодаць ведамі, практыкаваць, падарожнічаць па розных краінах Еўропы і Азіі, і ўсё гэта ў XVIII ст.
Падчас адкрыцця мерапрыемства адбыўся прагляд відэафільма «Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця», падрыхтаванага супрацоўнікамі аддзела сацыякультурнай і інфармацыйнай дзейнасці Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Праз мультымедыйныя сродкі паказана цікавая гісторыя жыцця Саламеі Русецкай, вылучаны найбольш важныя падзеі яе біяграфіі, якая па колькасці неверагодных здарэнняў на самой справе нагадвае авантурны раман.
Для ўдзельнікаў круглага стала таксама дэманстравалася кніжная выстава «Загадка Саламеі Пільштыновай з Русецкіх (1718 – пасля 1760)». Аснову экспазіцыі склалі навукова-папулярныя даследаванні мемуараў Саламеі, напісаных у 1760 годзе і выдадзенных у Польшчы ў 1957 годзе – «Пададзенае свету рэха падарожжаў і авантур майго жыцця», у беларускім перакладзе «Авантуры майго жыцця» (выданне 1993 года, у перакладзе М. Хаустовіча).
На выставе былі прадстаўлены і іншыя выданні айчынных і замежных аўтараў па праблемнаму колу круглага стала: літаратура аб радзіме Саламеі Русецкай, Наваградке; кнігі па гісторыі медыцыны і фармацыі; эпоха Асветніцтва, гісторыя Турцыі і іншых краін XVIII ст.; грамадскі стан жанчын у такіх краінах як Беларусь, Польшча, Расія, Украіна, Літва ў XVIII ст.
Да мерапрыемства быў падрыхтаваны буклет.