Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Літаратурны рэйс Хвядоса Шынклера. Да 120 гадоў з дня нараджэння

Творчую спадчыну Хвядоса Шынклера нельга назваць шматлікай.

У самым росквіце творчых сіл Хвядос Шынклер загінуў у баях пад Сталінградам.

Ён так і не паспеў напісаць сваёй Галоўнай кнігі, тым не менш яго творчасць з’яўляецца яскравай старонкай усесаюзнага мастацкага летапісу 20-х – пачатку 40-х гадоў.

Адзін з пачынальнікаў беларускай савецкай прозы Хвядос Шынклер садзейнічаў пашырэнню яе тэматычных абсягаў, жанрава-стылёваму ўзбагачэнню. Разам з Цішкам Гартным, Міхасём Лыньковым, Кузьмой Чорным, Янам Скрыганам і іншымі пісьменнікамі ён стаў летапісцам індустрыяльнага развіцця рэспублікі і ў межах рабочай тэмы адкрыў асабістую, улюбёную тэму, што абумовіла ў многім яго аўтарскую арыгінальнасць. Хвядос Шынклер можа па праву называцца песняром чыгункі, якой ён прысвяціў амаль усе свае творы (нарысы, апавяданні, аповесці, п’есы і інш.).

Хвядос Сяргеевіч Шынклер нарадзіўся 22 верасня 1903 г. у сям’і чыгуначнага служачага на станцыі «Ізяслаўль» (цяпер станцыя «Беларусь» Мінскага раёна). У хуткім часе бацьку – Сяргея Канстанцінавіча Шынклера назначылі начальнікам станцыі Рудзенск. Тут і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага пісьменніка.

Чыгунка была для Хвядоса Шынклера родным кутам, тым жыццёвым асяроддзем, якое з маленства ўплывала на фарміраванне яго характару, схільнасцей, садзейнічала развіццю творчых задаткаў, вобразнага ўспрыняцця навакольнага свету.

На чыгунцы Шынклер зрабіў і першую пробу пяра, першыя крокі да новай прафесіі. Шлях яго ў літаратуру, як і многіх іншых пісьменнікаў яго пакалення, пралягаў праз школу газетчыка. Пачынаючы з 1922 г., у цэнтральных і рэспубліканскіх газетах і часопісах («Правда», «Гудок», «Савецкая Беларусь», «Камуніст», «Маладняк», «Узвышша» і інш.) усё часцей пачалі з’яўляцца допісы, нататкі, рэцэнзіі, артыкулы, фельетоны Шынклера, якія засведчылі назіральнасць, разнастайнасць інтарэсаў маладога рабкора, яго ўменне разглядаць асобны вытворчы ці побытавы факт у святле агульных задач сацыялістычнага будаўніцтва.

У канцы 20-х гадоў Хвядос Шынклер напісаў і першыя свае апавяданні («Пас зачапіў», «Каб не формулы», «Апошні рэйс» і інш.), якія былі змешчаны ў літаратурным дадатку бабруйскай акруговай газеты «Камуніст».

Папулярнасць гэтых выданняў не выпадкова звязвалася з імем вядомага ўжо тады пісьменніка М. Лынькова. Будучы рэдактарам газеты, ён стараўся зрабіць яе змястоўнай, цікавай, пазнаёміць масавага чытача, пераважна селяніна, з навінкамі беларускай літаратуры, У газеце друкаваліся творы К. Крапівы, З. Бядулі, К. Чорнага, Ц. Гартнага, М. Зарэцкага і іншых пісьменнікаў.

М. Лынькоў заўважыў таксама і падтрымаў здольнага рабкора Хвядоса Сяргеевіча, запрасіў яго ў 1929 г. на працу ў рэдакцыю газеты «Камуніст», «Ён (Лынькоў – А. Л.) сваімі чулымі таварыскімі лістамі, парадамі прымусіў мяне падумаць і аб літаратурным шляху, праз яго рукі прайшлі ўсе мае творы, яго заўвагі памагалі мне ў працы, вучобе»,– успамінаў пасля Шынклер.

У 1932 годзе Хвядос Шынклер завяршае работу над першым буйным творам, аповесцю «Сонца пад шпалы». Гэта ўжо шырокае мастацкае палатно пра чыгунку і яе людзей. Крок за крокам аўтар раскрывае перад чытачом гісторыю свайго героя. Спачатку мы сустракаем Дзераша хлапчуком, сынам чыгуначнага вартаўніка, а далей – майстрам-рамонтнікам, памочнікам начальніка аддзела шляху, і нарэшце, начальнікам. Чытач назірае, як паступова фармуецца і выкрышталізоўваецца характар і светапогляд Дзераша.

У 1934 годзе з’яўляецца новы твор Шынклера, аповесць «Запіскі інструктара Томана». У форме дзённіка пісьменнік дае малюнак кіпучага жыцця аднаго чыгуначнага вузла.

Для здзяйснення гэтай нялёгкай задумы пісьменнік намагаецца знайсці самае хвалюючае, самае цікавае ў жыцці станцыі і стварае высокамастацкі, поўны жывой інтрыгі твор. Чытач міжвольна ўваходзіць у ролю балельшчыка і разам з усімі паравознікамі з нецярплівасцю і хваляваннем чакае, што дасць новы рэйс.

У 30-я гады Хвядос Шынклер выступіў і як дзіцячы пісьменнік. Ён напісаў аповесць «Петрык-завадатар» (1935), п’есу «Пачэсны рэйс» (1939) для тэатра юнага гледача, у сааўтарстве з Ю. Рудзько – кінасцэнарый «Шчаслівы шлях» (аб навучэнцах чыгуначнага вучылішча).

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца адзін з 2500 экзэмпляраў яго кнігі «Запіскі інструктара Томана» за 1934 год.

Таксама прыжыццёвае выданне «Сонца пад шпалы» за 1933 год, рэдактарам якога быў Міхась Лынькоў. Дадзены асобнік быў здадзены ў друк 80 гадоў таму – 11/IX 1933 г.

Яшчэ адным яркім асобнікам з’яўляецца зборнік «Стрэлачнік Міргай» за 1930 г., у якім маецца прыгожая вокладка, зробленая спецыяльна для гэтага зборніка. Дадзены зборнік быў прысвечаны Міхасю Лынькову.

Таксама прыцягвае сваю ўвагу і аповесць «Пятрык-заўдатар» сваімі малюнкамі, выкананымі заслужаным дзеячам мастацтваў БССР Сяргеем Анатольевічам Волкавым.

Творчая спадчына Хвядоса Сяргеевіча Шынклера прадстаўлена ў фондах ЦНБ НАН Беларусі.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля