Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Прэзентацыя «Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі 1772–1917 гг.»

3 мая 2018 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя навуковай манаграфіі «Грамадская-палітычнае жыццё ў Беларусі 1772-1917 гг.». Кніга пабачыла свет у выдавецкім доме «Беларуская навука».

ЦНБ НАН Беларуси

Пачалася імпрэза з прывітальнага слова дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандра Іванавіча Грушы, які адзначыў, што дадзеная праца ахоплівае вялікі часовы перыяд і самыя разнастайныя аспекты развіцця Беларусі ў складзе Расійскай Імперыі, і яна па праву можа лічыцца манументальнай.

ЦНБ НАН Беларуси

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт Аляксандр Аляксандравіч Каваленя заўважыў, што кніга створана дзякуючы супольным намаганням спецыялістаў па палітычнай гісторыі Беларусі – даследчыкаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Вынікам работы калектыву акадэмічнай навукі і вышэйшай школы стала грунтоўная праца, якая не мае аналагаў і, на думку кіраўніка аддзялення, павінна выкарыстоўвацца ў навучальнай і даследчыцкай рабоце студэнтаў ВНУ.

Выдатным вынікам назваў А.А. Каваленя манаграфію, віншуючы яе аўтараў.

ЦНБ НАН Беларуси

Спецыялісты Інстытута гісторыі НАН Беларусі пачалі займацца пытаннямі станаўлення беларускай дзяржаўнасці яшчэ ў 2005 годзе. Аб гэтым паведаміў дырэктар Інстытута Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч. Ён дадаў, што ў прэзентаваным выданні быў адзначаны і прааналізаваны перыяд у гісторыі беларускай дзяржаўнасці (з 1772 па 1917 гг.), калі закладаліся яе карані і пачаўся працэс фарміравання ідэі беларускай нацыянальнасці.

ЦНБ НАН Беларуси

З пажаданнямі доўгага навуковага жыцця грунтоўнаму выданню выступіў дэкан гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Генадзьевіч Каханоўскі.

ЦНБ НАН Беларуси

Да мерапрыемства, аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў была распрацавана выстава кніг з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Першы блок выставы склалі кнігі, выдадзеныя ў апошнія дзесяцігоддзі беларускімі гісторыкамі і прысвечаныя асобным падзеям грамадска-палітычнага жыцця «доўгага» ХІХ стагоддзя: паўстанню Касцюшкі, вайне 1812 года, паўстанням 1830-1831 і 1863-1864 гадоў, палітычным гурткам і грамадскім рухам канца стагоддзя і нараджэнню беларускай нацыі ў пачатку ХХ стагоддзя. Другі стэнд паказваў, як асэнсоўвалі нядаўнія яшчэ падзеі ХІХ стагоддзя польскія, расійскія, беларускія аўтары 1920–1930-х гадоў. У прыватнасці, мноства даследаванняў было выпушчана ў Польшчы ў 1930-м годзе да 100-годдзя паўстання 1830 г. На выставе дэманстраваліся не толькі даследаванні, але і крыніцы, у прыватнасці зборнік паўстанскіх песень, сярод якіх і песні «ліцвінскіх» атрадаў. Сярод надзвычай цікавых крыніц – некалькі тамоў перапіскі членаў гуртка філаматаў, дзённікі грамадскіх дзеячаў 1820-1860-х гадоў. Апошні блок выставы склалі кнігі таго самага ХІХ стагоддзя. Гэта і выданні, якія прадстаўляюць дзяржаўніцкі погляд (напрыклад, «Русскому солдату о Суворове» 1900 года), і кнігі па гісторыі і палітыцы, выпушчаныя за межамі Расійскай імперыі, і маленечкія томікі мастацкай літаратуры, якая на першы погляд не стварала грамадска-палітычнага фону, але непасрэдна ўздзейнічала на ўдзельнікаў ключавых падзей таго часу. Кнігі дазваляюць пабачыць, якімі шрыфтамі, у якіх колерах афармляліся кнігі, якія трымалі ў руках Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі, мінскі губернатар Мураўёў і князь Аляксандр Чартарыйскі і мноства іншых герояў манаграфіі, якую выдаў Інстытут гісторыі. З усімі кнігамі можна азнаёміцца ў чытальнай зале аддела рэдкіх кніг і рукапісаў.

ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси
ЦНБ НАН Беларуси

Аб этапах работы над кнігай расказалі яе аўтары, сярод іх навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі: Валянціна Васільеўна Яноўская, Алена Мікалаеўна Філатава, Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч і інш.

ЦНБ НАН Беларуси

Загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрый Чэслававіч Мацвейчык звярнуў увагу на шырокае кола дакументаў, якія даследчыкі выкарыстоўвалі ў сваёй працы. У якасці карыстальніка, ён падзякаваў навукоўцам за створаную вялікую тэарэтычную базу. Да гэтай думкі далучыўся і галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларуская навука» Аляксандр Міхайлавіч Дудзік.

ЦНБ НАН Беларуси

Адзін з аўтараў, а таксама ініцыятар і арганізатар правядзення прэзентацыі – загадчык аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыіі НАН Беларусі Андрэй Уладзіміравіч Унучак. У сваім выступленні ён адзначыў, што ХІХ ст. – няпросты перыяд у грамадскім жыцці Беларусі, калі адбывалася станаўленне беларускай нацыі. Расказаў аўтар і пра намаганні даследчыкаў адказать на многія пытанні грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі і асвятліць падзеі таго часу. Ён выразіў падзяку калегам, выдавецтву, усім, хто меў дачыненне да выдання навуковай манаграфіі.

ЦНБ НАН Беларуси

Напрыканцы імпрэзы яе ўдзельнікам выпала магчымасць набыць кнігу і атрымаць аўтографы ад аўтараў.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля