Прэзентацыя кнігі Юрыя Мікалаевіча Бохана
Цёплай і ўтульнай можна назваць сустрэчу сяброў, родных, калег і паплечнікаў Юрыя Мікалаевіча Бохана, якія сабраліся ў дзень яго нараджэння на прэзентацыю кнігі «Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVIII стст.» у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Юрый Мікалаевіч Бохан (21 лютага 1966 – 13 красавіка 2017) — беларускі гісторык, археолаг. Доктар гістарычных навук (2003), дацэнт (2008).
Ю. М. Бохан быў для многіх даследчыкаў і аматараў айчыннай гісторыі выбітным спецыялістам у зброязнаўстве. Яго аўтарытэт у гісторыі ўзбраення позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу цяжка пераацаніць. Разам з тым не заўважаным для многіх застаўся іншы навуковы кірунак, у якім плённа працаваў навукоўца, а менавіта гісторыя мястэчак і гарадоў. Урбаністыка, з якой гісторык пачынаў сваю навуковую кар’еру і да якой вярнуўся ў апошнія гады, так і недачакалася асобнага манаграфічнага даследавання. Таму і ўзнікла ідэя сабраць і апублікаваць пад адной вокладкай напрацоўкі Юрыя Бохана па ўрбаністычнвй праблематыцы, аддаючы такім чынам даніну павагі выдатнаму даследчыку мінулага нашай краіны.
Кніга «Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVIII стст.» стала магчымай дзякуючы падтрымцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Асновай яе з’яўляецца тэкст кандыдацкай дысертацыі «Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны ў XV–XVIII стст.(па археалагічных і пісьмовых крыніцах». Сама ідэя выдання кандыдацкай дысертацыі Ю. М. Бохана належыць яго жонцы Алене Сяргееўне, якая натхніла ўзяцца за гэтую справу калег і вучняў Юрыя Мікалаевіча. Выданне ўбачыла свет дзякуючы дапамозе В. Голубева, Л. Законнікавай, А. Скеп’ян, М. Гальпяровіча, Г. Сагановіча, А. Радамана, Н. Станкевіч, Д. Яцэвіча. Такім чынам, выданне гэтай кнігі з’яўляецца супольнай справай многіх людзей, якія зрабілі свой унёсак ва ўшанаванне памяці Юрыя Мікалаевіча Бохана – выбітнага беларускага гісторыка і настаўніка.
Падчас імпрэзы сябры дзяліліся ўспамінамі пра свайго сябра, калегу, настаўніка, пераказвалі жарты і яркія моманты жыцця Ю. Бохана, падкрэслівалі яго прафесіяналізм і прынцыповасць. Юрыя Мікалаевіча любілі і паважалі.
Удзел у прэзентацыі прынялі прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэмііі мастацтваў Бохан Алена Сяргееўна; намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Лакіза Вадзім Леанідавіч; загадчык Цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі, доктар гістарычных навук Голубеў Валянцін Фёдаравіч; загадчык Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук Ляўко Вольга Мікалаеўна; кандыдат гістарычных навук Волкаў Мікалай Аляксандравіч; галоўны навуковы супрацоўнік, доктар гістарычных навук Галенчанка Георгій Якаўлевіч; загадчык кафедры эканамічнай гісторыі БГЭУ, доктар гістарычных наук Палетаева Наталля Іванаўна; галоўны рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса» Максім Гальпяровіч; гісторык, вядучы палеограф Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Іванова Людміла Сяргееўна, мастак Зміцер Шапавалаў і многія іншыя.
Да прэзентацыі супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана кніжная выстава «Выбраныя працы гісторыка Юрыя Мікалаевіча Бохана». Аб яе экспанатах паведаміў Аляксандр Іванавіч Груша.
Ю. М. Бохан з’яўляўся аўтарам некалькіх манаграфій (“Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV – канца XVI ст.” (2002), “Зброя Вялікага княства Літоўскага, 1385-1576” (2003) і інш.), а таксама падручнікаў.
Прымаў удзел у стварэнні такіх каллектыўных прац, як “История Беларуси : крат. очерк” (2002), “Гісторыя Беларусі : у 6 т.” (Т.2 і Т. 3), “Гісторыя Мінска = История Минска” (2006), “Беларусь : Народ. Государство. Время” (2009), “Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці” (2012), “История белорусской государственности : в 5 т. Т. 1 : Белорусская государственность: от истоков до конца XVIII в.” (2018).
На выставе дэманстраваліся і навуковыя артыкулы вучонага, надрукаваныя ў зборніках навуковых прац, часопісах. Сярод самых першых публікацый – артыкул “Весткі з археалагічных экспедыцый. Раскопкі Лоскага замчышча ў Валожынскім раёне”, які быў апублікаваны ў часопісе “Весці Акадэміі навук Беларусі. Сер. гуманітарных навук” у 1993 годзе.
Да мерапрыемства падрыхтаваны буклет.