Прэзентацыя выставы «Sola fide», прысвечанай 500-годдзю Рэфармацыі
500 гадоў споўнілася з часу, калі Марцін Лютэр склаў 95 тэзісаў супраць індульгенцый і, як сведчыць паданне, прыбіў іх да брамы сабора ў Вітэнбергу, паклаўшы пачатак эпосе Рэфармацыі. Адбылася гэтая падзея 31 кастрычніка 1517 г.
Асноўнымі прынцыпамі рэфарматараў былі “solа fide” (толькі вераю), “solus Christus” (толькі Хрыстос), “solа Scriptura” (толькі Святое Пісьмо). Свае ідэі Марцін Лютэр і Філіп Меланхтон распаўсюджвалі ў выглядзе надрукаваных пропаведзяў-кніжачак.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўвае ў сваіх сховішчах кніжныя помнікі, створаны на хвалі Рэфармацыі.
Прэзентацыя выставы “Solа fide” прыпала на 10 лістапада – дзень народзінаў М. Лютэра. Адкрываючы яе, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі А. Груша звярнуў увагу гасцей на супадзенне значных дат у еўрапейскай гісторыі: пачатак беларускага кнігадрукавання і Рэфармацыі, а таксама на значэнне Рэфармацыі ў гісторыі Беларусі.
А. Груша запрасіў прысутных азнаёміцца з экспанатамі выставы, сярод якіх прыжыццёвыя выданні М. Лютэра і Ф. Меланхтона, багаслоўская праца малавядомага пратэстанцкага пісьменніка Мікалая Сельнэчэры з Лейпцыга, творы Эразма Ратэрдамскага, Біблія Марціна Лютэра (1675) і інш.
Увазе гасцей была прадстаўлена і Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія, выдадзеная ў 1563 г. на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага. Пераклад Бібліі быў зроблены прыхільнікамі кальвінізму і прызначаўся для патрэб рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы.
У адкрыцці выставы прыняла ўдзел намеснік пасла і кіраўнік аддзела культуры Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску спадарыня Аня Лютэр. Яна падкрэсліла, што святкаванне 500-годдзя Рэфармацыі – гэта вялікая гістарычная падзея ў Германіі, а дзень 31 кастрычніка абвешчаны нацыянальным святам. “Той факт, што гэтай падзеі надаецца ўвага ў Беларусі, нават у самой Акадэміі навук, напаўняе мяне пачуццём удзячнасці”, – адзначыла спадарыня А. Лютэр.
Пасля прагляду роліка “5 фактаў пра Рэфармацыю” увазе гледачоў быў прапанаваны харал М. Лютэра “Цвярдыня наша вечны Бог” у выкананні Алёны Сітнік і Паліны Філіпавай.
“Марцін Лютэр і Рэфармацыя ў Еўропе” – з такой тэмай перад прысутнымі выступіў аўтар кнігі “Залаты век Беларусі” Антоній Бокун. Спадар А. Бокун таксама правёў паралель жыццёвых шляхоў Францыска Скарыны і Марціна Лютэра, а таксама падкрэсліў уплыў Рэфармацыі на жыццё нашай краіны.
Выступленне галоўнага архівіста Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Людмілы Івановай было прысвечана ўплыву Рэфармацыі на культуру Беларусі, а таксама на нацыянальнае кнігадрукаванне. Цікавымі фактамі пра пратэстанцкую царкву і беларускі нацыянальны рух у першай палове ХХ ст. падзяліўся з гасцямі імпрэзы загадчык аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Унучак падчас дэманстрацыі сваёй прэзентацыі.
І, канешне, увагу гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі Мінскай багаслоўскай семінарыі Саюза евангельскіх хрысціян, Тэалагічнага інстытута хрысціян веры евангельскай у Мінску, вядучых бібліятэк Мінска, прыцягвалі экспанты выставы “Solа fide”.
Усе ўдзельнікі свята атрымалі на памяць аб сустрэчы перакладзеныя на беларускую мову 95 тэзісаў Марціна Лютэра – падарунак Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія.