Пясняр свайго народа (да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа)
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі адкрылася выстава “Пясняр свайго народа (да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа)”.
Першымі яе гледачамі сталі ўдзельнікі Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы 2022”, якая праходзіла на мінулым тыдні.
Усе прадстаўленыя кнігі з’яўляюцца прыжыццёвымі выданнямі твораў Якуба Коласа. Самыя ранейшыя выданні адносяцца да дарэвалюцыйнага часу: гэта “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909), “Апавяданні” (1912), “Нёманаў дар” (1913), “Прапаў чалавек” (1913), “Сымон-музыка” (1913) і “Родныя з’явы” (1914).
Кнігі міжваеннага перыяду прадстаўленыя на выставе як савецкімі выданнямі, так і заходнебеларускімі (надрукаванымі беларусамі ў Польшчы, у склад якой у той час уваходзіла заходняя частка сучаснай Беларусі). Сярод савецкіх кніг можна вылучыць першае ў БССР выданне Коласа ‒ збор вершаў “Водгульле” (1922), першае выданне “Новай зямлі” 1923 г., два выдання падручніка для школьных настаўнікаў “Мэтодыка роднае мовы” (1926 і 1930), першае выданне аповесці “Дрыгва” (1934) і першае выданне паэмы “Міхасёвы прыгоды” (1935). Даволі значная колькасць заходнебеларускіх выданняў сведчыць аб вялікай папулярнасці і запатрабаванасці творчасці Якуба Коласа сярод беларусаў Польшчы. На выставе можна пабачыць наступныя заходнебеларускія кнігі: “У Палескай глушы” (1923), “Казкі жыцьця” (1927), “Прапаў чалавек” (1927), “Выбраныя творы. Угодковае выданьне” (1927), “Нёмнаў дар і іншыя расказы” (1928), “Сымон Музыка” (1928), “Новая зямля” (1928), “У глыбі Палесься” (1931), “Новая зямля” (1931), “У старых дубох” (1933) і “Sceničnyja twory” (1937).
Цікава, што амаль ва ўсіх заходнебеларускіх выданняў выкарыстоўвася іншы творчы псеўданім Коласа – Тарас Гушча.
Асобна трэба вылучыць выданні ваеннага часу на выставе. Гэта малафарматныя кнігі, выпушчаныя выдавецтвам ЦК КП(б)Б “Совецкая Беларусь”: “Адпомсцім” (1942), “Суд у лесе” (1943) і “Голас зямлі” (1943).
Сярод пасляваенных выданняў можна адзначыць збор твораў у сямі тамах, выдадзены цалкам у 1952 г., а таксама два эмігранцкія выданні, надрукаваныя ў Мюнхене ‒ “Новая зямля” (1952) і “Сымон Музыка” (1955).
Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа. На выставе можна пабачыць надпісы, адрасаваныя такім выбітным беларускім дзеячам, як Панцеляймон Панамарэнка, Адам Багдановіч, Пётр Глебка, Іван Замоцін, Максім Лужанін. Некаторыя кнігі на выставе былі персанальна падараваныя Якубам Коласам бібліятэцы Акадэміі навук БССР, аб чым сведчаць дарчыя надпісы на іх.
Цікавая рукапісная памета прысутнічае на выданні “Новай зямлі” 1923 г.: сінім алоўкам пазначана “Звярнуць увагу на друкарскія памылкі”, а ніжэй пастаўлены подпіс Коласа.
Усяго выстаўленыя 90 кніг.
Выстава будзе працаваць да канца лістапада.
Наведаць яе можа любы жадаючы.
Даведка па тэлефоне +375 17 379 40 12