Творца-геній. Язэпу Драздовічу 135 гадоў з дня нараджэння
Менавіта сёння 135 гадоў таму нарадзіўся Язэп Нарцызавіч Драздовіч на хутары Пунькі Глыбоцкага раёна ў беднай шляхецкай сям’і. Язэп Драздовіч – адна з найбольш значных, самабытных і незвычайных персон беларускай культуры і мастацтва. Творчы дыяпазон майстра настолькі разнастайны, што немагчыма аднесці яго да пэўнай плыні, кірунку, стылю, віду дзейнасці: Язэп Нарцызавіч быў не толькі таленавітым мастаком, але і выбітным пісьменнікам, паэтам, настаўнікам, этнографам, фалькларыстам, філосафам і заснавальнікам беларускай тэарэтычнай астраноміі.

Жыццё Язэпа Драздовіча праходзіла на фоне самых складаных гістарычных падзей-Першай сусветнай вайны, у якой ён прымаў удзел, рэвалюцыйных пераўтварэнняў, Другой сусветнай вайны. На долю мастака выпала шмат цяжкасцяў, звязаных са складанымі жыццёвымі ўмовамі.


Пры жыцці незвычайнае светаўспрыманне Драздовіча, захапленне космасам і планетамі не знайшло водгуку сярод яго сяброў і сучаснікаў. Тады яшчэ ніхто ў Беларусі і не марыў пра касмічныя падарожжы, жыццё на іншых планетах, не думаў, з чаго складаюцца кольцы Сатурна і як выглядаюць жыхары гэтай планеты.

Вандруючы па Беларусі, ён збіраў і запісваў Фальклор, складаў дыялектычныя слоўнікі, стварыў вялікую колькасць графічных замалёвак.
Доўгі час пра жыццё і дзейнасць Язэпа Нарцызавіча Драздовіча, «дзядзькі Язэпа», як яго называлі знаёмыя, не было добра вядома. Яго імя стала яркім адкрыццём у Беларусі ў 1984 годзе дзякуючы выхаду ў свет кнігі «Вечны вандроўнік» вядомага пісьменніка і вучонага Арсенія Ліса.
На сённяшні дзень цікавасць да асобы Язэпа Драздовіча толькі ўзрастае. Праходзяць выставы, пленэры і навуковыя канферэнцыі ў яго гонар, выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя творчасці мастака, ствараюцца дакументальныя фільмы.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў праходзіць выстава «Самародак зямлі беларускай», прысвечаная Язэпу Драздовічу.
Таксама на сайце можна азнаёміцца і з яго шматграннай творчасцю –Драздовіч-жывапісец, Драздовіч-паэт, Драздовіч-мастак, Драздовіч-празаік.