Выстава “Іван Бялькевіч і яго слоўнік”
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў адкрылася выстава “Іван Бялькевіч і яго слоўнік”, экспазіцыя якой знаёміць наведвальнікаў з жыццёвым шляхам беларускага мовазнаўцы Івана Кандратавача Бялькевіча, а таксама з гісторыяй стварэння яго найбольш значнай працы – “Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны”.

Іван Кандратавіч Бялькевіч нарадзіўся 6 сакавіка 1883 г. у вёсцы Варонічы (зараз Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці). З 1920-х гадоў выступаў у друку з публікацыямі на лінгвістычныя тэмы. Займаўся праблемамі беларускай дыялекталогіі, культуры беларускай літаратурнай мовы. Удзельнічаў у працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). З 1927 г. працаваў у Інстытуце беларускай культуры: спачатку сакратаром аддзела гусманітарных навук, а пасля спецыялістам Слоўнікавай камісіі.



Галоўнай жа працай І. Бялькевіча стаў “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” – самы вялікі рэгіянальны слоўнік беларускай народнай лексікі, які ўключае каля 20 тысяч слоў.
Паводле першапачатковай задумы, слоўнік І. Бялькевіча мусіў адлюстроўваць народную лексіку былой Калінінскай акругі (Бялыніцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Мсціслаўскі, Раснянскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны). Але ў працэсе працы І. Бялькевіч пашырыў гэтыя межы і пачаў збіраць лексіку ўсёй усходняй Магілёўшчыны.
Атрымаўшы ў 1930 г. абвінавачванне ў нацыяналізме, І. Бялькевіч быў змушаны назаўжды пакінуць Беларусь. Але працы над слоўнікам не кінуў, займаўся ёй да апошніх гадоў жыцця.



Кожная з 20 тыс. лексем у слоўніку І. Бялькевіча падаецца з захаваннем асаблівасцей мясцовага вымаўлення. Тлумачыцца значэнне слоў, прыводзяцца прыклады іх ужывання, указваюцца назвы населеных пунктаў, дзе яны зафіксаваны.

“Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” выйшаў з друку ў 1970 г. Яго складальнік гэтага моманту так і не дачакаўся, пайшоў з жыцця за 10 гадоў да таго…





Наведвальнікі выставы змогуць убачыць не толькі само выданне слоўніка Івана Бялькевіча. Іх увазе прапаноўваюцца дакументы з асабістага архіва мовазнаўцы. які захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі.






Архіўныя дакументы (спісы лексікі, сабранай І. Бялькевічам, картатэкі, рукапісныя і машынапісныя асобнікі з выпраўленнямі рэдактараў, ліставанне па пытаннях збору лексічнага матэрыял, падрыхтоўкі і выдання слоўніка, фотаздымкі і інш.) адлюстроўваюць розныя этапы працы над слоўнікам, дапамагаюць узгадаць імёны тых людзей, якія да гэтай працы мелі дачыненне. Большасць экспанатаў выставы ўпершыню дэманструецца шырокаму колу гледачоў.
Выстава працуе да 7 красавіка.