Выстава «Каўказскія творы Л. М. Талстога»
Сярод экспанатаў літаратурна-мастацкай выставы «Каўказскія творы Л. М. Талстога», якая ладзіцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, — кнігі з калекцыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Каўказскія творы Л. М. Талстога» — сумесны праект з Федэральнай дзяржаўнай установай культуры «Дзяржаўны мемарыяльны і прыродны запаведнік „Музей-сядзіба Л. М. Талстога «Ясная Паляна»“».
Леў Мікалаевіч Талстой – знакаміты класік рускай і сусветнай літаратуры. Яго пяру належаць выдатныя творы: «Война и мир», «Анна Каренина», «Воскресение», «Крейцерова соната», аўтабіяграфічная трылогія «Детство», «Отрочество», «Юность» і іншыя.
Значную ролю ў станаўленні Льва Мікалаевіча Талстога як пісьменніка адыграў Каўказ. Даследчыкі творчасці падкрэсліваюць, што ў каўказскіх апавяданнях складваўся агульны філасофскі погляд пісьменніка на жыццё, вайну і мір, які ўвасобіўся ў мастацкіх вобразах.
Экспазіцыя «Каўказскія творы Л. М. Талстога» прадстаўляе ілюстрацыі вядомай пецярбургскай мастачкі Вольгі Граблеўскай, створаныя спецыяльна для аднайменнага калекцыйнага выдання. Зборнік быў выдадзены ў 2018 годзе пяцігорскім выдавецтвам «Снег» сумесна з музеем-сядзібай Л. М. Талстога «Ясная Паляна» да 190-годдзя пісьменніка. У выданне ўвайшлі вядомыя каўказскія творы пісьменніка: «Набег», «Рубка леса», «Разжалованный», «Мильтон и Булька», «Казаки», «Кавказский пленник», «Хаджи-Мурат».
Акрамя знаёмства з каўказскай тэмай у жыцці і творчасці Л. М. Талстога, наведвальнікі экспазіцыі змогуць узгадаць вядомыя творы пісьменніка праз прыжыццёвыя выданні, апынуцца ва ўяўным месцы адпачынку і працы творцы, даведацца пра ўплыў творчасці Льва Талстога на беларускую літаратуру.
46 кніг прадстаўлены з калекцый Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Сярод іх прыжыццёвыя выданні твораў Льва Талстога (найбольш раннія – Т. 1–2 «Война и мир». Москва, 1868 г.), пераклады твораў Л. Талстога на беларускую мову. Частка прадстаўленых экзэмпляраў захоўвалася раней у асабістых бібліятэках П. Н. Беркава, А. Я. Багдановіча, П. Ф. Глебкі, Я. Брыля.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: + 375 17 335 44 47