Выставка «Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы»
В читальном зале гуманитарных наук Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси демонстрируется выставка «Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, класіка беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча, народнага паэта БССР»
“Янка Купала – народны паэт Беларусі, прарок нацыянальнага Адраджэння, паэт-будзіцель, які на ўсім працягу свайго жыцця быў апантаны лёсам беларускага народа, яго доляй і будучыняй.”
У.В.Гніламёдаў
Творчую спадчыну Янкі Купалы характарызуюць як фенаменальную з’яву беларускай літаратуры і беларускай гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя, а яго асобу – як феномен у беларусаў, такі ж, як Міцкевіч у палякаў, Пушкін у рускіх, Шаўчэнка ва украінцаў.
На выставе дэманструюцца першыя кніжныя публікацыі Я. Купалы, поўныя зборы твораў, сучасныя перавыданні. Адзін з раздзелаў выставы пазнаёміць з перакладамі вядомых твораў паэта на англійскую, іспанскую, літоўскую, польскую, рускую, украінскую і іншыя мовы свету.
Прыкметнай з’явай у творчасці Янкі Купалы сталі і пераклады твораў Міцкевіча, Сыракомлі, Бранеўскага з польскай на беларускую мову, класікаў рускай літаратуры Пушкіна, Някрасава, твораў Шаўчэнкі з украінскай на беларускую мову.
Выдатны помнік літаратуры (набытак трох народаў, рускага, беларускага і украінскага) «Слово о полку Игореве» быў прадметам зацікаўленасці і для Я. Купалы. На выставе дэманструецца вершаваны пераклад «Слова пра паход Ігаравы» (выданне 1952 г.), праца над якім мела доўгую і складаную гісторыю, але засведчыла і майстэрства перакладчыка, і мастацкую сілу жывога беларускага паэтычнага слова.
Вялікі раздзел выставы прысвечаны навуковай літаратуры, крытычным артыкулам, у якіх даследуецца творчасць Янкі Купалы і прапануецца новы пагляд на праблемы вызначэння месца і ролі літаратурнай класікі ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры, разглядаецца станаўленне класічнага стылю паэта, сувязі з сучасным жыццём. Публікацыі літаратуразнаўцаў прадстаўлены з 2012 года.
Да юбілейнай выставы падрыхтаваны буклет.